Ініцыятыва «Ежа замест бомбаў», якая карміла бяздомных, прыпыняе дзейнасць у Беларусі

Прадстаўнікі ініцыятывы «Ежа замест бомбаў» спыняюць карміць бяздомных. Пра гэта яны паведамілі сёння ў сацсетках.

97158677_348324899474664_7524955137357524021_n.jpg

З іх слоў, на гэты крок іх падштурхнулі «пэўныя падзеі, якія адбыліся з удзельнікамі і ўдзельніцамі ініцыятывы раней, асабістыя матывы і ўсведамленне таго, што цяпер мы не можам існаваць як «Ежа замест бомбаў».

«У Новы год мы ўваходзім на даволі сумнай ноце, паведамляючы вам аб часовым спыненні падтрымання ініцыятывы. Зразумела, што паняцце «часовае» — эфемернае; і дакладных дат у нас няма, і яны не з'явяцца ў найбліжэйшай будучыні», — гаворыцца ў паведамленні актывістаў.

Яны асцерагаюцца, што іх дзейнасць можа скончыцца пераследам за палітычную пазіцыю, адзначае reform.by.

«Мы працягнем адстойваць нашы прынцыпы, але пакуль не з «Ежай замест бомбаў», — пішуць прадстаўнікі ініцыятывы.

Аб тым, як працавала ў Беларусі ініцыятыва «Ежа замест бомбаў», можна паглядзець у відэа «Новага Часу».