Жыхару Гродна прысудзілі шэсць гадоў калоніі за каментары ў чаце
Гарадзенскі абласны суд асудзіў мясцовага жыхара Валянціна Панасіка на шэсць гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму за некалькі каментароў у гарадскім тэлеграм-чаце, якія ён напісаў у жніўні і верасні 2020 года.
Як паведамляе reform.by са спасылкай на праваабаронцаў, 33-гадовага мужчыну асудзілі па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: арт. 293, ч. 1 («Масавыя беспарадкі»), арт. 130 ч. 1 («Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай ці іншай сацыяльнай варожасці або варожасці»), арт. 342 ч. 1 («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак»).
Як масавыя беспарадкі суд класіфікаваў каментары мужчыны, у
якіх ён заклікаў падпальваць кіёскі «Табакерка». Як распальванне
варожасці былі расцэненыя каментары, у якіх асуджаны заклікаў прымяняць гвалт у
адносінах да міліцыянтаў і знішчыць аўтазак.
Па артыкуле 342 КК РБ мужчыну асудзілі за тое, што ён зняў на відэа пратэстоўцаў 12 жніўня на праспекце Касманаўтаў у Гродне, загрузіў ролік у інтэрнэт, і ў каментарах да яго заклікаў людзей далучацца да пратэсту.