У Беларусі збіраюцца змяніць навучальныя праграмы па гісторыі

У Беларусі будуць уносіцца змены ў навучальныя праграмы па гісторыі, а таксама з'явіцца падручнік па гісторыі беларускай дзяржаўнасці для ВНУ. Пра гэта стала вядома па выніках нарады па рэалізацыі гістарычнай палітыкі ў Лукашэнкі.

b693c672_4333_4a7f_b908_f0145d5cafd4_w1200_r1.jpg


«Сёння гаворка ішла і аб тым, што неабходна ўносіць пэўныя карэктывы ў вучэбныя праграмы па гісторыі. Не толькі для школьнікаў, але і студэнтаў ВНУ. Размовы вялі таксама аб стварэнні падручніка па гісторыі беларускай дзяржаўнасці для студэнтаў ВНУ», — паведаміў па выніках пасяджэння кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Ігар Сяргеенка, піша REFORM.by са спасылкай на БелТА.

Ён таксама адзначыў, што ў краіне ўжо выдадзеная праца па гісторыі беларускай дзяржаўнасці. Яго патрабуецца данесці да простага чытача.

«Гэта вялікае выданне трэба нейкім чынам у даступным ключы давесці простаму чытачу», — дадаў Сяргеенка.

Дэпутат Ігар Марзалюк пасля нарады сказаў, што ўжо ідзе праца над падручнікамі па гісторыі беларускай дзяржаўнасці і дзяржаўнай сімволікі. Яны прызначаюцца для ВНУ. Па словах Марзалюка, да восені падручнік па гісторыі беларускай дзяржаўнасці можа з'явіцца ўжо ва ўсіх ВНУ.

Нагадаем, Лукашэнка сёння прапанаваў лічыць перыяд Рэчы Паспалітай часам акупацыі беларускіх зямель Польшчай і этнацыду беларусаў. Літоўцаў ён абвінаваціў у тым, што яны скралі ў беларусаў Вялікае Княства Літоўскае. Ён таксама заклікаў перагледзець падыходы да выхавання насельніцтва і моладзі, гістарычныя даследаванні. Па яго словах, гістарычная палітыка сёння стала стратэгіяй самазахавання. Лукашэнка лічыць, што няправільная ў яго разуменні трактоўка гісторыі ВКЛ і Рэчы Паспалітай прывяла да пратэстаў у жніўні 2020 года, а беларусы як нацыя з'явіліся толькі ў савецкі час.

Але, калі беларусы як нацыя з'явіліся толькі ў савецкі час, як літоўцы маглі скрасці ў беларусаў ВКЛ?