Таямніца польскага палону
Падчас польска-бальшавіцкай вайны на тэрыторыі Беларусі, у Брэсцкай і Бабруйскай крэпасцях, польскія ўлады стварылі лагеры для ўтрымання палонных чырвонаармейцаў.
Пахаванне чырвонаармейцаў на бабруйскім Фарштадце
Лагер на Бугу
Голад і хваробы, што панавалі ў іх, а таксама жорсткае стаўленне адміністрацыі рабілі сваю справу. У жніўні і верасні 1919 года дзве моцныя эпідэміі дызентэрыі і сыпнога тыфу практычна спустошылі лагер у крэпасці на Бугу. У пачатку жніўня быў пастаўлены рэкорд смяротнасці, калі ў адзін дзень ад дызентэрыі памерлі 180 чалавек.
Вось што гаварылася ў дакладзе ўпаўнаважаных камітэта Чырвонага Крыжа па выніках іх візіту ў лагер у Брэсцкай крэпасці: «Ад каравульных памяшканняў, таксама, як і ад былых стайняў, у якіх размешчаны ваеннапалонныя, зыходзіць страшэнны пах. Палонныя зябка ціснуцца вакол імправізаванай печкі, дзе гараць некалькі паленцаў, — адзіны спосаб абагравання. Ноччу, хаваючыся ад першых халадоў, яны цеснымі радамі ўкладваюцца групамі па 300 чалавек у дрэнна асветленых бараках, на дошках, без матрацаў і коўдраў».
Савецкія палонныя
Дэлегацыя прыходзіла да высновы, што з-за сумеснага цеснага пражывання здаровых ваеннапалонных і заразных хворых, недастатковасці харчавання, пра што сведчылі шматлікія выпадкі знясілення, ацёкаў, голаду, на працягу трох месяцаў знаходжання ў крэпасці, лагер у Брэст-Літоўску ў вельмі хуткім часе ператварыцца ў некропаль. І сапраўды, смяротнасць з 7 верасня па 7 кастрычніка склала: ад дызентэрыі — 675 (1242 хворых), ад сыпнога тыфу — 125 (614 хворых), ад зваротнага тыфу — 40 (1117 хворых), ад знясілення — 284 (1192 хворых), за ўсё — 1124 (4165 хворых).
Брацкія магілы чырванаармейцаў
Бабруйскае паланенне
Не менш страшныя падзеі адбываліся і ў Бабруйску. У канцы жніўня 1919 года пасля жорсткіх баёў з ужываннем танкаў палякі авалодалі горадам і крэпасцю Бабруйск. Велізарная цытадэль на Бярэзіне ўжо
не ўяўляла якога-небудзь важнага стратэгічнага значэння. Па сутнасці гэта быў вялікі склад ваеннага рыштунку і боепрыпасаў.
Каземат у Бабруйскай крэпасці
У кастрычніку 1919 года бальшавіцкае камандаванне падрыхтавала план наступлення 16-й арміі на Бабруйск з мэтай адразу авалодаць горадам і крэпасцю. 71-ы і 72-і пяхотныя палкі Чырвонай Арміі вялі кровапралітныя баі з палякамі на рацэ Бярэзіне і пад вёскай Пясочная. Планавалася, што да 18 кастрычніка 1919 года 71-ы полк пераправіцца праз раку і выб’е палякаў з горада. Але план бальшавіцкага наступу стаў вядомы польскаму камандаванню.
Польскія войскі ў Бабруйску
На месцах магчымых перапраў праз раку часткі Войска Польскага зладзілі засады. Калі чырвонаармейцы пачалі перапраўляцца, іх з усіх бакоў пачалі абстрэльваць з кулямётаў і гармат. Акрамя гэтага, «жаўнежы» здолелі зайсці ў тыл бальшавіцкай 8-й пяхотнай дывізіі і акружылі яе. 19 кастрычніка 1919 года 71-ы чырвонаармейскі пяхотны полк быў канчаткова разбіты, а большасць яго салдат апынулася ў польскім палоне.
У казематах Бабруйскай крэпасці
Звернемся да ўспамінаў камандзіра аднаго з аддзяленняў разбітага палка Міхаіла Караля: «Калі я прыйшоў у прытомнасць, то ўбачыў шмат сваіх аднапалчан, у тым ліку і камандзіра нашага батальёна, чырвонага афіцэра таварыша Малініна. Усе мы былі распранутыя дагала. На чырвонаармейцах нават не было ніжніх кашуль, толькі кальсоны. Спалі мы на голай цэментнай падлозе. Шкла ў вокнах каземата не было. Яны былі выбітыя і заставаліся толькі жалезныя краты. Кармілі нас адзін раз на суткі. У асноўным паілі «кавай» (так адміністрацыя лагера называла памыі, якія разлівалі ў кацялкі, — І.М.). Спаць мы клаліся кучай, каб абаграваць целамі адзін аднаго».
Паўстанне ў бабруйскай крэпасці
Праз некалькі дзён у каземат прыйшоў польскі афіцэр у суправаджэнні падначаленых і загадаў палонным пастроіцца ля сцяны. Ён прапанаваў вязням уступіць у добраахвотніцкія фарміраванні для барацьбы з бальшавікамі, але жадаючых не знайшлося. Палкоўнік раззлаваўся. Палякі накінуліся на палонных і сталі іх збіваць прыкладамі вінтовак.
Рэгулярна ахова крэпасці выбірала сабе са зняволеных ахвяру і тут жа на вачах іншых палонных да смерці збівала яе дубовымі палкамі. Вельмі хутка сталі з’яўляцца вар’яты. Яны накідваліся на сваіх братоў па няшчасці і душылі іх, мабыць, думаючы, што гэта палякі. Зрэшты, сярод польскіх вайскоўцаў знаходзіліся і такія, якія спачувалі вязням, давалі ім ежу, перадавалі іх запіскі на волю.
Камендант Бабруйскай крэпасці, палкоўнік Серба
У адзін з дзён ваеннапалонныя чырвонаармейцы вырашылі падняць паўстанне. Аднойчы ў крэпасць прывезлі снарады. Чыгуначная станцыя Бярэзіна знаходзілася побач з казармамі цытадэлі. Разгружаць эшалон павінны былі палонныя. Як толькі чырвонаармейцаў вывелі з казематаў, яны накінуліся на ахову. Але што маглі зрабіць знясіленыя людзі супраць узброеных салдат... Вельмі хутка пляц стаў пакрывацца целамі застрэленых і заколатых штыкамі палонных. Некаторым чырвонаармейцам усё ж удалося выбегчы праз уязную браму і схавацца. Сярод іх быў і Міхаіл Кароль.
Брацкія магілы
Захаваліся і іншыя ўспаміны пра лагер у Бабруйску. Напрыклад, камандзір аднаго з партызанскіх атрадаў М. А. Ляўкоў у сваім данясенні камандаванню Чырвонай Арміі 30 студзеня 1920 года пісаў, што ў крэпасці амаль кожны дзень памірае па 40–50 ваеннапалонных ад тыфу, недаядання і нечалавечых умоў утрымання.
Помнік на брацкай магіле ў Бабруйску
У некаторых казематах былі зроблены нары. У іншых палонныя вымушаны былі спаць на каменнай падлозе. Мёртвых вязняў з казармаў не выносілі да тых часоў, пакуль не былі падрыхтаваныя месцы для брацкіх магіл. Мёртвыя ляжалі разам з жывымі. Як адзначае беларускі гісторык А. Ненадавец, пасля паўстання ў крэпасці польская адміністрацыя вырашыла тых палонных, якія яшчэ заставаліся ў жывых, вывезці ў Французскае Конга і прадаць у якасці рабсілы. Магчыма, такім «экстравагантным» спосабам Польшча хацела разлічыцца за ваенна-эканамічную дапамогу, якую Францыя аказвала свайму хаўрусніку. Толькі ў 1934 годзе некалькім былым ваеннапалонным атрымалася вярнуцца на радзіму, у Бабруйск.
Мала хто ведае, што перад адыходам з Бабруйска палякі замініравалі частку крапасных будынкаў і месца, дзе знаходзіўся лагер для палонных чырвонаармейцаў. Аб гэтым у сваіх успамінах пісаў урач М. Хазанаў, які падчас польскай акупацыі горада працаваў у Бабруйскім санітарным атрадзе.
Аб падзеях, якія адбываліся ў крэпасці ў 1919–1920 гадах, да сённяшняга дня нагадваюць брацкія магілы ў крэпасці. У 1927 годзе на месцы пахавання замучаных у лагеры чырвонаармейцаў быў пастаўлены помнік.
Вакно аднаго з казематаў
***
Сёння з упэўненасцю можна казаць, што трагедыя палонных чырвонаармейцаў, якія памерлі ў польскіх лагерах, як і трагедыя палякаў, паланёных бальшавікамі, — гэта агульная чорная старонка ў гісторыі Польшчы і Расіі. І яшчэ, безумоўна, Беларусі, бо гэтыя жудасныя падзеі адбываліся на нашай зямлі, а шмат з тых, хто пахаваны на бабруйскім Фарштадце, — былі беларусамі. Разам з гэтым, не варта гэты гістарычны эпізод разглядаць як нейкую «анты-Катынь». Трэба проста навучыцца паважаць адзін аднаго.