Турчынаў: Украіна рыхтуе пазоў да Расіі на 100 мільярдаў долараў
Украіна звярнулася ў міжнародны арбітраж, каб прымусіць Расію спыніць самавольна павышаць цану на газ і кампенсаваць страты ад агрэсіі.
Пра гэта ў эфіры праграмы "ТСН. Тыдзень" на тэлеканале "1+1" заявіў в.а. прэзідэнта Украіны, старшыня Вярхоўнай Рады Аляксандр Турчынаў, піша Gazeta.ua.
Турчынаў адзначыў, што "Расія прывыкла займацца шантажам".
"Газавы шантаж — любімы фармат ціску не толькі на Украіну, але і на іншыя краіны", — удакладніў ён.
Паводле яго слоў, прыйшоў час прыпыніць такое бязладдзе.
"Украіна звярнулася ў міжнародны арбітраж, каб спыніць той фармат, калі Расія ў аднабаковым парадку пастаянна пераглядае цэны ў напрамку іх павелічэння", — адзначыў в.а. прэзідэнта.
Акрамя таго, Турчынаў заявіў, што агрэсія Расіі, у прыватнасці, акупацыя Крыма, нанесла ўкраінскай эканоміцы шкоду ў больш за 100 мільярдаў долараў.
"Міністэрства юстыцыі Украіны рыхтуе сур'ёзны пазоў — больш за 1 трыльён грыўняў, або больш за 100 мільярдаў долараў да Расіі", — дадаў ён.
Турчынаў падкрэсліў, што Кабмін Украіны цяпер шукае шляхі, каб пазбегнуць пагрозы энергетычнага крызісу ў выпадку змяншэння паставак расійскага газу. У прыватнасці, распрацоўваюцца альтэрнатыўныя крыніцы, рыхтуюцца кантракты на Захадзе з мэтай наладжвання рэверсійнага выкарыстання ГТС.
Па перакананні в.а. кіраўніка дзяржавы, Украіна не застанецца сам-насам з Расіяй.
"Калі нашы стратэгічныя партнёры будуць сінхронна дзейнічаць разам з намі, мы прымусім Расійскую Федэрацыю лічыцца з пазіцыяй цывілізаваных краін свету", — падсумаваў Турчынаў.
Паводле www.unian.ua