«У жывых засталася адна я» — 81 год трагедыі ў Мінскім гета
81 год таму, 2 сакавіка 1942 года, немцы забілі больш за 5000 яўрэяў з Мінскага гета. Сярод іх былі ў тым ліку выхаванцы яўрэйскага дзіцячага дома і пацыенты ізалятара для хворых яўрэйскіх сірот на вуліцы Заслаўскай у Мінску.

Па запрашэнні Саюза беларускіх яўрэйскіх грамадскіх аб’яднанняў і абшчын намеснік пасла Германіі ў Беларусі Міхаэль Новак учора прыняў удзел у памятным мерапрыемстве каля мемарыяла «Яма» ў Мінску, піша «Народная Воля».
Пра гэта паведамляе амбасада Германіі ў Мінску.
81 год таму, 2 сакавіка 1942 года, немцы забілі больш за 5000 яўрэяў з Мінскага гета.
За больш чым два гады існавання Мінскага гета з ліпеня 1941 па кастрычнік 1943 немцы пазбавілі жыцця амаль 80 000 мужчын, жанчын і дзяцей, якія сталі яго вязнямі.
У памяць аб іх і ўсіх астатніх ахвярах варварскіх злачынстваў, здзейсненых у Беларусі немцамі і ад імя немцаў у перыяд нацыянал-сацыялізму, намеснік пасла Германіі ў Беларусі Міхаэль Новак усклаў кветкі каля мемарыяла «Яма». Ён прыняў запрашэнне Саюза беларускіх яўрэйскіх грамадскіх аб’яднанняў і і абшчын, усведамляючы, што яно з’яўляецца дарам і вялікім гонарам для немцаў і Германіі.

Сярод забітых немцамі і ад імя немцаў 2 сакавіка 1942 года былі ў тым ліку выхаванцы яўрэйскага дзіцячага дома і пацыенты ізалятара для хворых яўрэйскіх сірот на вуліцы Заслаўскай у Мінску. Мая Радашкоўская, адзінае дзіця, якое выжыла тады ў ізалятары, апісала падзеі 2 сакавіка 1942 года ў кнізе «Мы памятаем» дабрачыннага грамадскага аб’яднання «Гільф», якая выйшла ў 2016 годзе:
«2 сакавіка 1942 года ў свята Пурым прыехалі дзве машыны і пад уключаны патэфон у іх сталі загружаць дзяцей з дзіцячага дома. З дзяцей выратаваўся адзін Міша Сталяр. У нашым ізалятары на дзіцячы плач прыйшлі паліцаі. Дзеці вельмі плакалі і прасілі есці. Я ляжала ў куце на падлозе і пад шумок залезла пад печку, якая ніколі не палілася, і там страціла прытомнасць. Знішчылі 67 дзяцей (Заўвага: у ізалятары). Прыйшла цёця Дора Лосік і пачула мой хрыплы каціны плач. Яна забрала мяне да сябе дадому. У жывых засталася адна я (Заўвага: у ізалятары)».

Урад Германіі і яе грамадзяне не забываюцца пра тое, што немцы прычынілі іншым у гады нацыянал-сацыялізму. Яны будуць вечна шанаваць памяць ахвяр, нагадваць аб варварскіх злачынствах немцаў, займацца іх гістарычным даследаваннем і падтрымліваць такія даследаванні. Недаравальнае злачынства Халакосту, забойства немцамі шасці мільёнаў яўрэяў, абавязвае немцаў асабліва супрацьстаяць антысемітызму і ўсім формам нянавісці паміж людзьмі.
Урад Германіі і яе грамадзяне ведаюць, што прымірэнне – незаслужаны падарунак, зроблены ім яўрэямі і беларусамі.
Асабістыя ўспаміны Маі Радашкоўскай аб гэтым жудасным дні 2 сакавіка 1942 года дазваляюць ацаніць неверагодную веліч гэтага дару. Немцы абавязкова яго захаваюць. Яны ведаюць, што абавязаныя не дапусціць паўтарэння такіх злачынстваў, як здзейсненае немцамі і ад імя немцаў у Мінскім гета».
