«Усё маё жыцьцё было адзіным неперарыўным грахом». Да дня народзінаў двойчы вялікага князя Аўгуста Моцнага

Як вядома, ужо пасьля Вітаўта, нашых кіраўнікоў дзяржавы абірала шляхта на адмысловых соймах. Існавалі розныя кандыдаты: з розных сем’яў, і нават з розных краінаў. Адзін з нашых вялікіх князёў вылучаецца ў гэтым пераліку – Аўгуст Моцны быў двойчы абраны на найвышэйшую пасаду Вялікага Княства Літоўскага ў розныя гады. Як так атрымалася? Узгадаем пра гэта ў дзень народзінаў спрэчнага манарха.

Аўгуст ІІ Моцны

Аўгуст ІІ Моцны

Як слушна пісаў Алесь Кіркевіч, абодва саксонскія манархі, Аўгуст ІІ Моцны і Аўгуст ІІІ зрабілі багата для сваёй радзімы, то бок… для Саксоніі за кошт Рэчы Паспалітай, дзе былі абраныя каралямі. Вядома, што шэдэўры Дрэздэнскай галерэі збольшага купляліся коштам нашых  продкаў.

Кажуць, ён вызначаўся незвычайнай фізычнай сілай: мог, узяўшы ў руку падкову і сьціснуўшы, зламаць яе. За гэта і атрымаў мянушку – Моцны. Але як часта здараецца, моц у адным месцы, не дала выніку ў сапраўдных справах. Ці не лепш было даць гэтаму манарху мянушку «ганебны»? Давайце разьбярэмся.

Аўгуст нарадзіўся ў Дрэздэне 12 траўня 1670 года. Аўгуст быў малодшым сынм саксонскага курфюрста з дынастыі Вэтынаў Ёгана Георга III. Перш чым узначаліць Беларусь і Польшчу, Аўгуст пачаў панаваць на радзіме, у Саксоніі, пасьля сьмерці старэйшага брата ў 1694 годзе. Неўзабаве памірае кіраўнік Рэчы Паспалітай Ян Сабескі, і паўстае пытаньне аб выбары новага вялікага князя і караля.

Аўгуст ІІ пасьля выбраньня на трон Рэчы Паспалітай больш часу праводзіў у Дрэздэне, сталіцы Саксоніі, і радзей бываў у Варшаве і Гародні, не кажучы пра Вільню, падкрэсьлівае гісторык Кірыл Карлюк.

Канкурэнтныя магнацкія групоўкі падчас выбараў у залежнасьці ад бягучай кан’юнктуры рабілі свае стаўкі на розных кандыдатаў, сярод якіх звычайна былі і прадстаўнікі манаршых дамоў Эўропы. Падчас выбараў 1697 года прадстаўнікі прынца Каньці, канкурэнта Аўгуста, шчодра асыпалі шляхту падарункамі і грашыма. У адказ саксонская дыпляматыя таксама не пашкадавала сродкаў і абяцаньняў. Фрыдрых Аўгуст не спыніўся нават перад тым, каб зьмяніць веру. Для таго, каб атрымаць трон, пратэстант Аўгуст прыняў каталіцтва 1 чэрвеня 1697 года.

Як прыгадвае гісторык Анатоль Грыцкевіч, больш уплывовым кандыдатам на трон быў французскі прэтэндэнт, якога вылучыла групоўка Любамірскіх і іншых магнатаў у Польшчы і Сапегаў у Вялікім Княстве Літоўскім. Французскі кароль Людовік XIV падтрымаў сваяка — прынца Франсуа-Луі дэ Каньці (1664-1709), французскага палкаводца з малодшай лініі Бурбонаў.

Па выніках гэтых выбараў адбылася падвойная элекцыя, калі меншая частка шляхты абвясьціла каралём саксонца, а большая — французскага кандыдата, прынца Каньці. Але, скарыстаўшыся тым, што пераможца выбараў доўга адсутнічаў у Рэчы Паспалітай, Фрыдрых Аўгуст сабраў саксонскае войска і рушыў на Кракаў.

Каранаваўшыся ў Кракаве пад імём Аўгуста ІІ, новы манарх злучыў Саксонію і Рэч Паспалітую пад адным скіпетрам, што стварыла цалкам новую канфігурацыю сіл у рэгіёне. Такім чынам другога француза на троне, пасьля Генрыха Валуа ў папярэднім стагодзьдзі, атрымаць не атрымалася. А шкада, гісторыя магла пайсьці ў куды больш станоўчы бок для Вялікага Княства Літоўскага.

Вялікую ролю ў выбарах караля адыграла грамата расейскага цара Пятра I да сойма, у якой ён папярэджваў, што абраньне французскага прынца будзе парушэньнем «вечнага міру» 1686 года. Больш за тое, Пётр I пагражаў вайной, калі не будзе абраны ягоны кандыдат — саксонскі курфюрст.

Ідуць стагодзьдзі, а расейскія наратывы і тактыка адносна Беларусі застаецца бяз зьменаў.

Далёкія пляны завялі ў жудасную пятлю

Аўгуст ІІ Моцны

Аўгуст ІІ Моцны

Аўгуст Моцны прапаноўваў пашырыць каралеўскую ўладу, адмяніць прынцып liberum veto, стварыць флот, разьвіваць гандаль і мануфактуры, спрыяць навуцы і адукацыі, павялічыць і мадэрнізаваць армію, стварыць сістэму сучасных фартыфікацый уздоўж межаў.

Аднак праэкт праваліўся. Магнаты не пажадалі дзяліцца сваімі правамі з вялікім князем і каралём. Не спрыяла рэформам і рэпутацыя самога Аўгуста Моцнага, які не трымаўся свайго слова, адступаў ад абяцаньняў і часта зьмяняў свае погляды, піша гісторык Кірыл Карлюк.

Тады Аўгуст ІІ паспрабаваў узмацніць сваю ўладу праз замежнапалітычныя манэўры. І ў першыя гады дамогся пэўных посьпехаў. Так, у 1698 годзе прайшла кампанія войскаў Саксоніі, Кароны і Літвы супраць татараў. Па Карлавіцкім міры 1699 года ў склад Рэчы Паспалітай нарэшце вярнуўся Камянец-Падольскі, захоплены туркамі за чвэрць стагодзьдзя да таго.

Пачатак канца

У 1697 годзе на швэдзкі пасад узышоў пятнаццацігадовы Карл ХІІ. Юнацкі ўзрост манарха стварыў ілюзію, нібыта раней магутная Швэцыя стане лёгкай здабычай для суседзяў.

Шляхта не выказвала ніякай зацікаўленасьці ў новай рызыкоўнай вайне, і кароль не атрымаў на гэта згоды сойма. Таму ён узяў саксонскае войска і самастойна ўварваўся на тэрыторыю Інфлянтаў, узяўшы ў аблогу Рыгу. Гэты крок прынёс драматычныя для земляў Рэчы Паспалітай вынікі.

Хаўрусьнікі Аўгуста Расея і Данія таксама выступілі супраць Швэцыі. Але юны швэдзкі кароль аказаўся не такі і слабы.

У час Паўночнай вайны ў пачатку XVIII стагодзьдзя Аўгуст Моцны ўцёк, і швэдскі кароль Карл XII дамогся абвяшчэньня ў Рэчы Паспалітай бескаралеўя. У 1704 годзе пад наглядам швэдзкіх войскаў у Варшаве сойм выбраў каралём Станіслава Ляшчынскага, якога ў 1705 каранавалі.

На шосты годзе Паўночнай вайны ў 1706 годзе Рэч Паспалітая, хаўрусьнік Расеі, пераацаніла свае магчымасьці. Аўгуст ІІ Моцны апынуўся «прыціснутым да сьценкі» — Карл ХІІ змусіў яго падпісаць Альтранштацкую мірную дамову. Паводле яе Аўгуст губляў трон ды адмаўляўся ад падтрымкі Расеі ў вайне.

Больш за тое, усе расейскія жаўнеры ў беларуска-польска-саксонскім войску меліся быць выдадзеныя Швэцыі. Здаваліся крэпасьці, у тым ліку Кракаў і Тыкоцін. Трон жа меўся перайсьці да Станіслава Ляшчынскага. Былы вялікі князь і кароль апынуўся замкнёным у роднай Саксоніі і губляў уплывы ў Рэчы Паспалітай.

Глядзіце таксама

Сітуацыю зьмяніў зьнешні фактар: перамогі Расеі над швэдамі. Рэч Паспалітая была патрэбная Пятру як хаўрусьнік, таму расейскі цар ратаваў Аўгуста ўсімі сродкамі. Урэшце, у 1709-м пасьля Палтаўскай бітвы Аўгуст Моцны змог вярнуць сабе трон, але назаўжды перастаў быць самастойным манархам: яго лёс, як і лёс дзяржавы, залежыў ужо ад расейскага самадура.

Кажуць, менавіта гэты Аўгуст Моцны падгаварыў расейскага цара Пятра І пачаць вайну з Швэцыяй, што ў рэшце зрабіла Расею імпэрыяй. У сваю чаргу Пётр дапамог Аўгусту ІІ застацца вялікім князем і каралём, хаця шляхта пры падтрымцы швэдаў ужо выбрала каралём Станіслава Ляшчынскага.

Пасьля вяртаньня да ўлады ў 1709 годзе, Аўгуст Моцны паспрабаваў пагуляцца ў рэформы, якія скончыліся без ніводнага посьпеху. У 1719 годзе Расея і Прусія патаемна дамовіліся, каб супрацьстаяць любым зьменам у палітычным ладзе Рэчы Паспалітай. А справа была ў тым, што Аўгуст схіляўся да вуніі паміж Рэччу Паспалітай і Саксоніяй. У нечым яна павінна была быць аналягічнай Люблінскай Вуніі 1569 года.

У 1717 годзе на так званым Нямым сойме кароль прымірыўся з нашай шляхтай, якая прызнала яго сваім вялікім князем і каралём, коштам сур'ёзных абмежаваньняў паўнамоцтваў манарха.

Умовы Нямога сойма пераўтварылі Аўгуста II з хаўрусьніка ў васала Пятра I.

Але вонкавыя ворагі працягвалі складаць дамоўленасьці. Аналягічных дамоўленасьцей як з Прусіяй, Расея дасягнула са Швэцыяй і Аўстрыяй. Але галоўным хаўрусьнікам усходняй суседкі стала шляхта самой Рэчы Паспалітай: абсалютная большасьць соймаў у часы Аўгуста была сарваная праз liberum veto. Увыніку ў войску да сярэдзіны XVIII стагодзьдзя запанавала стагнацыя.

Агулам, яго спробы нутраных рэформаў і ўзмацненьня каралеўскай улады абярнуліся правалам, адначасова дазволіўшы Расейскай імпэрыі ўзмацніць уплыў у гэтым рэгіёне. Ён быў хаўрусьнікам расейца Пятра I у Паўночнай вайне (1700-1721) супраць Швэцыі.

Глядзіце таксама

Валадараньне яго было эпохай падзеньня народнага дабрабыту Рэчы Паспалітай і ваяўнічага духу яе жыхароў, як зазначае гісторык Станіслаў Суднік. Пры Аўгусьце II войска кароны было паменшанае было з 80 да 18 тысячаў і падзеленае на дзьве часткі, зь якіх адна складалася з нацыянальных, другая - з замежных войскаў.

Калі твае ўзброеныя сілы зьнішчаюцца на тры чвэрці, складана чакаць аб моцным супраціве акупантам, якія неўзабаве зьявяцца на межах і ў сэрцы Радзімы.

У ноч на 1 лютага 1733 года Аўгуст Моцны памёр у варшаўскім каралеўскім замку. Апошнія ягоныя словы: «Усё маё жыцьцё было адзіным неперарыўным грахом».