Пад негалосным апякунствам спецслужбаў
З КДБ я выйшаў не запалоханы, без пачуцця прыгнечанасці, але, вядома,
азадачаны. Не меў яснасці што да матывацыі выкліку і фактычна допыту.
Падумалася, што можа дзеля прафілактыкі ўсё тое. Маўляў, будзеш ведаць,
што ты ў нас на воку, пад кантролем. Паасцерагаешся. А папраўдзе, моцна
не задумваўся...
Было тое ў верасні 1973 года. Называю час, пару года, бо ўсё ж не абыдзенная і не мяне аднаго тады чакала прыгода, гісторыя.
Напярэдадні якраз зайшоў быў на Акадэмічную, 15, дзе ўжо каторы год у спецыяльна збудаваным пяціпавярховіку працаваў калектыў навукоўцаў над стварэннем першай беларускай энцыклапедыі. Зайсці ж звычайна трэба было для таго, каб аднесці заказаны супрацоўнікамі энцыклапедыі тэкст, вычытаную карэктуру.
На той час я радасна-шчыра быў захапіўся жыццём і працай вучоных, культурна-асветных дый і некаторых грамадска-палітычных дзеячаў Беларусі, асобаў светлых, таленавітых творцаў. Напісаў ужо быў некалькі нарысаў-партрэтаў іх, апублікаваў дзве манаграфіі. А ў цэлым жа ў энцыклапедычным выданні — гэтым аўтарытэтным, рэпрэзентатыўным пашпарце нацыі — было важна як найпаўней агледзець дзеі беларускага народу цягам тысячагадовай яго гісторыі, сцісла падаць здабыткі беларускай думкі і працы, здзейсненых безліччу ягоных прадстаўнікоў.
Таго вышэй згаданага дня я кіраваўся ў рэдакцыю літаратуры БелСЭ. У ёй на той час працавалі Янка Саламевіч, Валянцін Рабкевіч і Міхась Шавыркін. Гэтым разам застаў адно Вальку Рабкевіча, які адразу, на парозе, сустрэў мяне пытаннем:
— Янка табе нічога не перадаваў?
— Не, а што?
— Выклікалі ў КДБ. Падчас гутаркі ўспаміналі і цябе. Відаць, могуць выклікаць…
Я не паспеў распытаць, чаго выклікалі, што пыталіся. У пакой зайшоў супрацоўнік суседняй рэдакцыі па нейкай для яго пільнай справе.
Назаўтра з раніцы на работу ў інстытут — званок і запрашэнне-наказ мне прыйсці ў Камітэт дзяржбяспекі. Пытацца чаго з увагі на строгую ўстанову не выпадала. Адно толькі сказаў, што магу зрабіць гэта назаўтра, з чым незнаёмы абанент без замінкі згадзіўся.
Ля ўваходу з боку вуліцы Леніна ў паважны будынак на праспекце (пра яго казалі, што адтуль далёка відаць) службовец у цывільным даў пропуск і павёў кудысь угору — на другі ці трэці паверх. Хутка апынуліся ў прадаўгаватым нешырокім пакоі. Лагодна-ветліва запрошаны сесці, я апынуўся за сталом твар у твар перад чалавекам, які назваўся па імені і па бацьку.
З першых яго пытанняў зразумеў, што «нашчупваецца» кола маіх сяброў, бліжэйшых знаёмых. Прызнацца, адразу не зарыентаваўся ў мэце запросін мяне ў гэту, што ні кажы, няпростую, паважную ўстанову. Адно з больш канкрэтных пытанняў было пра Уладзіміра Караткевіча. Я шматслоўна разгаварыўся пра творчасць улюбёнага свайго аўтара, суб’ектыўна аддаючы перавагу яго паэзіі, робячы некаторыя заўвагі па прозе: маўляў, часам дапускае сумяшчэнне падзей у часе. І нічога як пра асобу, сябра.
Пазней даведаўся, што Валодзя, калі яго запыталі пра дачыненні з Ар. Лісам, выказаўся разумна, у кантэксце сітуацыі і амаль афарыстычна: «А што ў нас з Лісам можа быць агульнага: я п’ю, а ён не п’е?» Мне ж такога досціпу не хапала ў той сітуацыі, хоць чуўся зусім спакойна. Адно, не адчуваў за сабой ніякай віны, якую можна было б кваліфікаваць як нейкі крымінал. А па-другое, нечакана ўдалося падстрахаваць сябе на выпадак лішняга нервовага напружання — усё ж выклікала неардынарнае ведамства.
Пасля Караткевіча мой візаві пытаўся пра Сцяпана Міско. Мільганулі ў галаве Сцёпавы публічныя заступніцтвы за беларускую мову, казаныя горача, хапатліва. Успомнілася — напяваная ім прыпеўка:
Я нікога не баюся:
Я на Фурцавай жанюся…
Для сыскнога ведамства, пэўна, не былі сакрэтам і Сцяпанавы показкі. Часам прылюдна Сцяпан мог расказаць, напрыклад, такую з іх. Не ведаю, ці сам прыдумаў тое, ці ў народзе чуў, запісаў, запомніў. Прыблізна так помніцца, баянае Сцяпанам. «Каб сто азёр — у адно возера, а сто дубоў, што растуць над ім, — у адзін дуб. А сто пілаў — у адну пілу, і зрэзаць ёю той вялізны дуб — то атрымаўся б вялікі плюх!» Вядома, хтось дзе мог угледзець у гэтым немудрагелістым тэксце двухсэнсоўнасць, палічыць, што показка цэліць у асноўную ідэалагічную міфалагему палітычнай сістэмы дзяржавы, дзе на словах будаваўся, ці ўжо нават быў пабудаваны, самы перадавы грамадскі лад, адзіна здольны ашчаслівіць усё чалавецтва.
Натуральна, пры нязвычным нашым сумоўі-субяседаванні ў мяне мільганула думка, што трэба неяк апраўдваць сябра перад службай, якая яўна збірае для чагось кампрамат. Кажу, што Міско — чалавек з гумарам. Ён такім сапраўды быў па натуры сваёй. Я гэта адчуў з першага нашага знаёмства.
Далей кажу, што часам мог быць не дастаткова сур’ёзным у сваіх выказваннях. Напамінаю, што ў вайну дапамагаў старэйшаму свайму брату-партызану ў зборы звестак пра ворага.
Не помніцца, каб у мяне тым разам нешта пыталіся пра Міхася Чарняўскага. Можа, «кампраматных» ведамак аб ім ужо былі назбіралі. А можа, папросту пачуць патрэбнага ім ад мяне не спадзяваліся.
Пазней Міхась расказваў, што на допыт у КДБ яго забралі раніцай з дому. Па дарозе ў аўто ён — казаў пра тое з усмешкай — так разгаварыўся... Дазволіў сабе дыскутаваць з кадэбістамі?
Дастаўлены ў сядзібу Камітэта дзяржбяспекі, Міхась, калі яго спыталіся пра Ліса, мнагаслоўна пачаў распавядаць, як Ар.Ліс, апантаны паэзіяй Аляксандра Блока, прынагодна чытае напамяць яго вершы ды расказвае пра творчасць паэта. Тым самым Міхась падказваў сваім нязвычным апанентам, што яго сябра не які-небудзь нацыянальна абмежаваны таварыш: чытае ды прапагандуе не Янку Купалу, Максіма Багдановіча ці Алеся Гаруна, а рускага класіка.
Я сапраўды ў тую пару быў захоплены гэтым найвыдатнейшым з рускіх паэтаў-сімвалістаў, яго ўменнем перадаць у паэтычным слове імгненны душэўны рух-настрой. Падкупляла чаканнасць радкоў, строф Блокаўскай лірыкі, яе сэнсавая напоўненасць, метафорыка. Хоць бы ўзяць верш паэта пра сваё пакаленне:
Рождённые в годы глухие,
Пути не помня своего,
Мы, дети страшных лет России,
Забыть не в силах ничего.
Испепеляющие годы,
Безумство ль в вас, благая весть?
От дней борьбы, от дней свободы
Кровавый отсвет в лицах есть.
Або:
Вновь весна без конца и без края.
Без конца и без края мечта.
Узнаю тебя, жизнь, принимаю
И приветствую звоном щита.
Наша спецыфічнае «сумоўе», відаць, праслухвалася, фіксавалася дзесь у суседнім пакоі. Мой следчы, назавём яго прыблізна так, вяртаўся ад шэфа з нейкім новым пытаннем. Сам жа той не паказваўся. Толькі напрыканцы на хвіліну прыадчыніў быў дзверы, пэўна, каб зірнуць на дапытванага. Пасля зачыненых дзвярэй я выказаў яму камплімент: маўляў, абліччам нагадвае вядомага народнага артыста. Суразмоўнік мой ніяк не зрэагаваў на нетактоўнасць. Праўда, і на далей заставаўся дастаткова ветлівым, уважлівым.
На адыход, падаючы з вешалкі мой балоневы плашч, нечакана звярнуўся з пытаннем:
— Вы всегда разговариваете на белорусском языке?
— А што?.. Ужо не можна? — рэзка, заклапочана кажу яму.
— Нет, нет! Можно, — неяк узрушана заспяшаўся запэўніць мяне таварыш з Камітэту. І тут у працяг дыялогу «можна-няможна» я якась спантанна акрэсліваю сваю пазіцыю ў дачыненні да роднай мовы, права на яе:
— Сыну майму яшчэ крыху больш месяца. Падрасце — буду гаварыць з ім па-беларуску. Навучу, каб ведаў, помніў, хто мы і хто адвеку былі нашы дзяды-прадзеды.
— Правильно, правильно! — амаль горача, але не думаю, каб надта шчыра, падтрымаў мяне таварыш з Камітэту. Не тая задача стаяла тады перад ведамствам, той структурай, у якой ён працаваў.
* * *
Генсекам КПСС Мікітам Хрушчовым ужо былі канкрэтна абвешчаны час, дата, канчатковай пабудовы ў СССР камунізму. Агітпроп інфармаваў аб сфарміраванні на 1/6 частцы свету новай грамадскай супольнасці «савецкі народ».
Няўзнак, паволі праводзілася ідэя-падказка аб патрэбе пераходу пісьменнікаў саюзных і аўтаномных рэспублік у іх творчасці на рускую мову. Ідэя-думка аб пераходзе пісьменнікаў Саюза на адзін «общедоступный язык» і выклікала рэзанансную інвектыву знакамітага савецкага паэта Расула Гамзатава:
…И если завтра мой язык исчезнет,
То я готов сегодня умереть!
Верш аўтарытэтнага пісьменніка атрымаў шырокі водгук у асяроддзі творчай інтэлігенцыі ўсёй краіны. Згадваўся, цытаваўся ў палемічных выступленнях у друку і вусных.
Тым часам пераход на рускую дзе-нідзе пачаў практыкавацца. І гэта было як бы натуральна, лагічна. У камунізме людзі павінны будуць карыстацца адной мовай, здольнай маналітна яднаць аднародную людскую супольнасць у яе працы, жыцці. А як іначай?
На таго ж беларускага інтэлігента, які не разумеў агульнай ідэалагічнай дамінанты эпохі, можна было глянуць і не без падазрэння. Трымаецца мовы адно свайго народу — значыць, нязгодны з партыйна-дзяржаўнай дактрынай, устаноўкай на зліццё нацый, надыход эры камунізму?..
Думалася, згадвалася мне пра гэта, канешне ж, не тады, у восень 1973 года, калі выходзіў з дому на праспекце, адкуль гадамі вывозілі беларускіх людзей у клятую продкамі Сібір або адразу ў Курапаты.
* * *
З КДБ я выйшаў не запалоханы, без пачуцця прыгнечанасці, але, вядома, азадачаны. Не меў яснасці што да матывацыі выкліку і фактычна допыту. Падумалася, што можа дзеля прафілактыкі ўсё тое. Маўляў, будзеш ведаць, што ты ў нас на воку, пад кантролем. Паасцерагаешся. А папраўдзе, моцна не задумваўся.
Неяк не прыйшло мне ў галаву адразу суаднесці выклік у КДБ і сталы прэсінг з боку яго пры выданні маіх кніжак пра беларускіх вучоных і культурных дзеячаў.
Выдадзеная ў 1966 годзе першая мая кніжка «Браніслаў Тарашкевіч» была прыхільна прынятая навукоўцамі, пісьменнікамі і яшчэ пазасталымі ў жыцці былымі ўдзельнікамі нацыянальна-вызваленчага і рэвалюцыйнага руху колішняй Заходняй Беларусі. Апошнім постаць Тарашкевіча, арганізатара і кіраўніка стотысячнай Беларускай сялянска-работніцкай грамады 20-х гадоў, загубленага сталіншчынай, была асабліва блізкай, дарагой.
Пададзеную ў тое ж акадэмічнае выдавецтва маю заяўку на кніжку пра першага гісторыка і тэарэтыка беларускага мастацтва М.М.Шчакаціхіна на апошняй стадыі зацвярджэння плана выданняў галоўны рэдактар Георгі Юрчанка выкрасліў. Даведаўся аб тым ад выдавецкай супрацоўніцы, былой сваёй універсітэцкай аднакурсніцы.
Зварот да дырэктара выдавецтва Тадэвуша Савіцкага дапамог кнізе выйсці ў свет, дарэчы, пад навуковай рэдакцыяй акадэміка П.Ф.Глебкі.
Калі ж праз два гады паўтарылася такая ж гісторыя з маёй кніжкай «Пётра Сергіевіч» (мастаку, які яшчэ з заходнебеларускага перыяду плённа працаваў над творамі з гістарычнага мінулага Беларусі, споўнілася 70 гадоў, і быў час падзякаваць за створанае), то нечыноўны, у прынцыпе зычлівы Тадэвуш Савіцкі сказаў: «Браток, не магу. Ідзі вышэй…»
Працяг будзе