У Гомелі стварылі асобную чаргу для жадаючых трапіць у беларускамоўны садок
Гомельскі гарвыканкам, дзякуючы актывістам мясцовага ТБМ і Цэнтра рэгіянальнага развіцця ГДФ стварыў чаргу для тых, хто жадае, каб іх дзеці атрымлівалі дашкольную адукацыю па-беларуску.
— Разам з Цэнтрам рэгіянальнага развіцця ГДФ мы даслалі звароты з ў аддзел адукацыі, спорту і турызму, у якіх патрабавалі адкрыць беларускамоўны садок. Нядаўна мы атрымалі адказ, у якім чыноўнікі растлумачылі, што ў наступным годзе будуць створаныя дзве дадатковыя беларускамоўныя групы ў асобных садках, а таксама будзе весціся ўлік бацькоў, якія хочуць навучаць сваіх дзяцей па-беларуску. Па стане на 31 кастрычніка на гэтым уліку ўжо ёсць адно дзіця, — распавяла старшыня Гомельскага аддзялення ТБМ Алеся Аўласевіч.
Наступным важным крокам, які варта зрабіць, актывісты лічаць патрабаванне ствараць падобныя чэргі і для тых, хто жадае, каб яго дзіця пайшло ў беларускамоўны клас ці школу. Таксама ТБМаўцы разам з ГДФ плануюць распачаць кампанію па заахвочванні і інфармаванні бацькоў аб магчымасці запісацца ў чаргу ў беларускамоўны садок.
— Калі вы маладыя бацькі з Гомеля і вы жадаеце аддаць дзіця ў беларускамоўны садок — вам неабходна прыйсці ў Гарвыканкам і запісацца ў гэтую чаргу. Прычым зрабіць гэта могуць не толькі тыя, хто толькі жадае аддаць дзіця ў садок, а нават тыя, чые дзеці ўжо наведваюць рускамоўныя садкі, — патлумачыла Алеся Аўласевіч.