Жах і забыццё Курапатаў

Пра расстрэлы ў Курапацкім лесе ведала ўся вёска. Штораніцу, удзень і ўначы чуліся стрэлы… Старэйшыя жыхары Дроздава распавядалі, што аднойчы малады чалавек з торфзаводу адважыўся паглядзець, як забіваюць.

Зінаіда Антонаўна Тарасевіч (у цэнтры) падчас экскурсіі ў Курапатах

Зінаіда Антонаўна Тарасевіч (у цэнтры) падчас экскурсіі ў Курапатах


У ліпені-жніўні старшыня Беларускай асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсій, сябра грамадзянскай ініцыятывы “Эксперты ў абарону Курапатаў” Зінаіда Антонаўна Тарасевіч наведала вёскі Дроздава, Якубавічы і Малінаўка, што ў курапацкім наваколлі, каб знайсці якія-небудзь звесткі пра трагедыю ў старым хваёвым бары падчас масавых палітычных рэпрэсій 1930–1940-х гадоў. Чытачам “Новага часу” прапануюцца вынікі вандровак спадарыні Зінаіды, з якімі яна троху раней пазнаёміла сябраў ініцыятывы.

Усе гэтыя вёскі знаходзяцца ў Мінскім раёне на адлегласці 1–3 кіламетраў ад Курапатаў. Прычым Якубавічы і Дроздава знаёмыя мне з дзесяцігадовага ўзросту. Так, Якубавічы — малая радзіма майго дзеда па маці Івана Антонавіча Зенчыка, а ў Малінаўцы некалі жылі сваякі Анастасіі Паўлаўны Церлюкевіч — маёй бабулі па маці. Таму я са сваёй маці Таццянай Іванаўнай Зенчык 1913 г.н. неаднойчы наведвалі гэтыя вёскі. Менавіта там у 1946 годзе ўпершыню і пачула пра трагедыі ў Курапатах і Парку чалюскінцаў (тады яго мясцовыя сяляне яшчэ называлі Ваньковічаў лес).

І во жахліва! Прайшлі гады, змяніліся пакаленні жыхароў гэтых вёсак, якія б, здавалася, павінны захоўваць народную памяць пра жудасныя часы, калі НКВД знішчаў найлепшых — самых працавітых, адораных і адукаваных грамадзян Беларусі. Аднак мае вандроўкі пакінулі вельмі сумныя ўражанні з-за бяспамяцтва мясцовых жыхароў.

Чаму? Непасрэдныя сведкі тых жахлівых падзеяў даўно адышлі ў іншы свет, але не змаглі, не пажадалі ці не паспелі перадаць сваім нашчадкам памяць пра нацыянальную трагедыю ў Курапатах.

Як такое магло здарыцца? А прычынай, на маё меркаванне, з’яўляецца выдушаны інтэлектуальны, маральны і духоўны патэнцыял сялянства. Людзі дзесяцігоддзямі не задумваючыся жылі пад страхам, як статак авечак — абы дзень да вечара, а таму былі не здольныя разабрацца ў прычынах і наступствах згвалтавання народу.

Патэнцыял сялянства быў значна аслаблены, мусіць, задоўга да 1937-га, калі са знішчэннем больш-менш заможнага сялянства ў савецкай вёсцы запанавалі яго бяднейшыя пласты, у тым ліку гультаі, п’яніцы і пустадомкі. На маю думку, бяспамяцтва было выклікана і страхам перад наступствамі за “доўгі язык”: бацькі вельмі баяліся, каб дзеці і ўнукі дзе-небудзь “не праляпаліся” сваёй дасведчанасцю. Апроч таго, разруха, галеча і нястачы пасля Другой сусветнай вайны не пакідалі беларускаму сялянству нават часу, каб задумацца над трагедыяй сталінізму і асэнсаваць яе.  


Старшыня Беларускай асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсій Зінаіда Тарасевіч распавядае пра вынікі апытання жыхароў у наваколлі Курапатаў

Старшыня Беларускай асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсій Зінаіда Тарасевіч распавядае пра вынікі апытання жыхароў у наваколлі Курапатаў


А хто іх дзяцей гадаваў? Калі? Яны самі гадаваліся”, — зазначыла ў гаворцы са мною Вера Хведараўна Тоўсцік (1933 г.н.) з вёскі Дроздава. Можа з гэтай прычыны яе дачка, пенсіянерка Таццяна Міхайлаўна Барысевіч сказала: “Мы толькі нядаўна — на пачатку 1990-х гадоў — пачулі пра Курапаты, калі пра іх загаварылі ўсюды”. Дарэчы, маці Таццяны — апошняя ў Дроздава сведка расстрэлаў у глухім хваёвым бары. І пра ўсё, што дзіцём бачыла і чула ад старэйшых пра курапацкую трагедыю, шчыра падзялілася са мною. Вось што яна распавяла.

— У Дроздаве ў 1930–1940-я гады было ўсяго шэсць хат, якія захаваліся і па сёння. У 1930-я гады НКВД схапіў і выслаў дваіх з сям’і Скварчэўскіх — бацьку і сына. Пяцёра дзяцей сына і ягоную жонку не чапалі, аднак бацькаву хату адабралі і перавезлі на торфзавод (зараз ААТ “Торфабрыкетны завод “Цна” — М.Г.), што ў той час дзейнічаў недалёка ад вёскі — на паўночны захад ад яе. Праўда, з жыхароў Дроздава нікога не расстралялі і ніхто з вёскі не ўдзельнічаў у жахлівых забойствах у Курапатах. Падчас вайны загінулі чатыры аднавяскоўцы: Хведар Сямёнавіч Скварчэўскі, Сямён Хведаравіч Скварчэўскі, Іван Пашкоўскі і Іван Забаронька. А Кастусь Свянціцкі прыйшоў з вайны параненым і ўвесь час падкульгваў.

Пра расстрэлы ў курапацкім лесе ведала ўся вёска. Штодня раніцай, пасля поўдня і ўначы чуліся стрэлы: пах, пах, пах… А дзеці, нічога не разумеючы, хадзілі на тое стрэльбішча за плотам у ягады і набіралі поўныя кубачкі суніцаў. У некалькіх месцах плот быў павалены. Аднак нам не трэба было пералазіць праз агароджу, бо ў ёй былі дзіркі, праз якія мы і праціскаліся  Аднойчы нас ганяў афіцэр-энкавэдыст з партупеяй, які, дарэчы, суніцы не адбіраў. Сабак за плотам мы ніколі не бачылі і не чулі, каб яны брахалі. Не бачылі і калючага дроту на паваленых частках плоту.

Старэйшыя жыхары Дроздава апавядалі, што аднойчы малады чалавек з торфзаводу адважыўся паглядзець, як забіваюць. Ён узлез на высокае дрэва, паглядзеў, але, як казалі, неўзабаве ссівеў. А жыхары Дроздава, якія пешшу ці коньмі дабіраліся ў суседнюю вёску Зялёны Луг, нават і пасля вайны далёка абыходзілі Курапаты, бо баяліся гэтага жудаснага месца.

Дарослыя і пазней часцяком ўзгадвалі пра расстрэлы. Нават і зараз той-сёй цікавіцца былым нашых мясцінаў. Так, калі ў вёсцы будаваўся катэджны пасёлак, нейкі вартаўнік спытаў у мяне, чаму вёска называецца Дроздава і якія паны раней жалі ў ёй. Аднойчы пры размове з гэтым мужчынам я сказала, што Свянціцкіх раскулачылі, а іхную хату перавезлі. Праз пэўны час гэты вартаўнік зноў падышоў да мяне і паведаміў, што ён схадзіў на торфзавод, знайшоў і паглядзеў былую хату раскулачаных Свянціцкіх.

А яшчэ праз Дроздава праходзіла вузкакалейка, па якой торф вазілі ў Мінск. Дык на поўдзень ад вузкакалейкі былі выкапаныя падземныя склады-скляпенні. Да вайны яны ахоўваліся, а пасля вайны былі закінутыя. І мы дзецьмі забіраліся ў гэтыя скляпенні, выцягвалі адтуль нейкія боепрыпасы, кідалі іх у вогнішча і пацяшаліся, як яны ўзрываюцца. І як нас тады не пазабівала? У тых складах было шмат чаго, у тым ліку розная мэбля, коўдры і падушкі. Цягам часу сяляне паразбіралі ўсе гэтае багацце.


kurapaty_ekskursija_zapraszenne_7_logo_1_logo.jpg


А вось што расказала жыхарка вёскі Якубавічы Марыя Пятроўна Зенчык 1935 г.н.

— Вёсцы ў нечым пашанцавала, бо з Якубавічаў увогуле анікога не расстралялі ў часы сталінізму і аніхто не загінуў на вайне. Толькі мой бацька Пётра вярнуўся з фронту без нагі. І немцы анікога ў вёсцы не чапалі. Пры дзецях старэйшыя не гаварылі пра расстрэлы ў Курапатах, дый калі было гаварыць? Вось чаму пра гэтую трагедыю дзеці нічога і не ведалі. Аднак гаварылі, што з Хмарынскай Цны, дзе было чатыры хаты, у 1937 годзе расстралялі Андрэя Філіповіча, Сцяпана Церлюкевіча, Сяргея Воранава і, здаецца, Паўла Дзятко. Ведаю пра гэта, бо з дзецьмі забітых разам хадзілі ў пачатковыя класы Цнянскай школы. Узгадваю, што ў маіх школьных сяброў па названых прозвішчах не было бацькоў.

Цяпер у вёсцы Малінаўка засталіся двое старажылаў — абодва 1932 года нараджэння. Гэта Алесь Мацвеевіч Рагачэўскі і Ніна Канстанцінаўна Пагарэльская.

Спадар Алесь Рагачэўскі ўвогуле не чуў пра Курапаты, бо жыў у лясной вёсцы Новая Малінаўка з чатырох хат. Вось што ён распавёў.

— У 1930 годзе ў Новай Малінаўцы раскулачылі сям’ю Шалімаў з трох чалавек: Хведара Цімохавіча, Домны Паўлаўны і іхнага сына Змітра. Ніхто з іх на Бацькаўшчыну не вярнуўся. Больш нікога ні НКВД, ні немцы не чапалі. Людзі жылі, працавалі, а потым перамясціліся ў Малінаўку. Пасля вайны, згодна дзяржаўнай разнарадкі, мяне, як і іншых вясковых камсамольцаў, пабралі вучыцца ў Мінск, у школу фабрычна-заводскага навучання. Потым накіравалі на адбудову разбуранай сталіцы. Жыў я тады ў раёне трактарнага заводу, з бацькамі бачыўся толькі па выходных і на святы. Прычым, немалы шлях ад трактарнага  да сваёй Малінаўкі хадзіў пешшу, як і ўсе. Нягледзячы на далёкую адлегласць і стомленасць, быў задаволены жыццём і пачуваў сябе вельмі добра.

А вось дзве сястры Ніны Пагарэльскай — Марыя Канстанцінаўна Красоўская (1939 г.н) і ЗінаідаКанстанцінаўна Калоша (1938 г.н.) адразу сказалі, як адрэзалі: “Пра Курапаты гаварыць не будзем! Мы тады былі малыя і нічога не ведаем”. Аднак калі я змяніла тэму гутаркі і пачала гаворку пра сваю радню з Малінаўкі, дык патроху, праўда, з трэцяй сустрэчы, увайшла ў давер да сясцёр, і ўрэшце, змагла пагутарыць найперш з старэйшай з іх  — Нінай Пагарэльскай. І хоць у яе выключная памяць на імёны і падзеі (дакладна назвала ўсіх з маёй радні, хто і дзе жыў, як памёр), аднак на пытанне пра Курапаты жанчына неяк сумелася і прыцішана сказала: “Не ведаю”.

Спатрэбілася яшчэ адна сустрэча з Нінай Пагарэльскай, каб яна, урэшце, адкрылася:

— У 1930-х гадах вёска Малінаўка была невялічкая — можа хатаў з 20. Але ў 1939-м пачалі сцягваць хутары з бліжэйшага наваколля, і вёска павялічылася ўдвая. Зараз Малінаўка налічвае мабыць больш за 100 сядзібаў.

Рэпрэсіі 1930-х гадоў неяк бокам абышлі нашую вёску, але далі страху, бо ўсе ведалі пра расстрэлы ў лесе (так жыхары Малінаўкі называлі Курапаты — М.Г.). І калі старэйшыя і дзеці набліжаліся да Дроздава, дык з гэтага лесу было чуваць стрэлы. Вайна забіла ўсіх да аднаго малінаўскіх мужчынаў і іхную працу давялося цягнуць жанчынам. Толькі бацьку і сына Алеся з Рачкоўскіх немцы застрэлілі за хлявом гаспадароў за тое, што ў іхным двары  знайшлі пальчатку нямецкага вайскоўцы. 

Пасля вайны, на якой загінуў і мой бацька, нас засталося ў маці пяцёра. І кожны з дзяцей сам, як мог, выкараскваўся ў людзі. Сама я не давучылася ў школе, бо пайшла працаваць у калгас, а 15-гадовага брата Івана Тоўсціка забралі ў адну з мінскіх школаў ФЗН.

Дарэчы, Марыя Красоўская і Зінаіда Калоша ўзгадалі, што калі яны вучыліся ў Малінаўскай пачатковай школе, дык ні ў аднаго вучня не было бацькі — усе загінулі на вайне. А пасля заканчэння школьнага навучання амаль усе дзеці падаваліся ў Мінск працаваць — балазе, горад быў зусім недалёка. 

Пакідаючы Малінаўку трэцім разам, па дарозе разгаварылася з старажылам вёскі 1936 года нараджэння. Сказала, што на пенсіі, ёсць час, каб адшукаць сляды свайго роду, даведацца, як жыла беларуская вёска ў ліхія гады. Мае разважанні здзівілі гэтага мужчыну і кранулі ягоную душу. У выніку ён сказаў наступнае:

— А я дык ніколі ўжо не дазнаюся пра свой род. Ведаю толькі, што мой бацька з Украіны, і ў гады Галадамору яму ўдалося збегчы ў Беларусь. Нейкім чынам тата дабраўся да Малінаўкі і тут ажаніўся. У гэтай беларускай вёсцы  ў 1936 годзе я і нарадзіўся на Божы свет. Пры мне дома пра Курапаты анічога не казалі. 

Праз некалькі хвілінаў на машыне ад Дроздава пачынаюцца Курапаты. І міжвольна прыходзіць думка пра тое, якая павага з боку ўладаў да ахвяраў вайны і іх дзяцей, і якая знявага да ахвяраў рэпрэсій і іхных сем’яў. Дзеці загінулых на вайне атрымлівалі хоць невялічкую матэрыяльную дапамогу, але — і гэта галоўнае — адчувалі маральную падтрымку. Дзеці ж курапацкіх ахвяраў не толькі былі па-за ўвагай дзяржавы, але ўвогуле належалі да адной з самых бяспраўных і бяздольных катэгорый — дзяцей ворагаў народа. Шмат хто з іх у маленстве прайшлі праз ГУЛАГ. І гэта вельмі жахліва! 

А тая кагорта рупліцаў, якая спрабуе ўшанаваць памяць ахвяраў сталінізму, ратуе гонар і годнасць беларускага грамадства. І гэтая праца надае надзею, што наша родная Беларусь будзе жыць!