Жыццё як авантурны дэтэктыў Саламеі Русецкай. Гарэм, вандроўкі першай лекаркі ВКЛ

Яна першая ў гісторыі старадаўняй Беларусі вядомая жанчына-лекар. Таксама Саламея аўтар прыгодніцкага рамана «Авантуры майго жыцця», з якога мы даведваемся пра розныя мясціны, дзе пабывала Русецкая, знаёмімся з рознымі людзьмі, якіх яна лекавала.

ruseckaja2.jpg

Саламея шмат у чым абапіралася на дасягненні народнай медыцыны, распаўсюджвала вучэнне аб гігіене і фізічным выхаванні. Усё гэта ў сукупнасці з дасягненнямі фармакалогіі і хірургіі таго часу стварала бездакорную сістэму, у адпаведнасці з якой працавала Русецкая — «доктар медыцыны і акулістыкі», як яна сама сябе называла, піша выданне «Слушна»
Нарадзілася Саламея ў 1718 годзе на Навагрудчыне ў збяднелай шляхецкай сям’і Яўхіма Русецкага. Паводле звестак гісторыкаў, ужо дарослай перайшла яна ў каталіцкую веру. Адукацыю мела даволі сціплую. Дзяўчынка расла моцнай і незалежнай. Добра ўпраўлялася з коньмі, любіла страляць з мушкета. У будучыні ёй гэта вельмі спатрэбілася. Саламею рана аддалі замуж за нямецкага ўрача Якуба Гальпіра, які быў значна старэйшы за яе. Менавіта з ім пачаліся яе першыя вандроўкі па свеце.

ruseckaja1.jpg

«У маладым веку маім выдалі мае бацькі мяне замуж з Літвы, ваяводства Наваградскага, за лекара Якуба Гальпіра, з якім я гэтага ж года паехала ў Стамбул, і адразу прынятыя мы былі ў прыстойных людзей, бо ён быў надзвычай добры лекар медыцыны, і Пан Бог нас блаславіў, і да нас павярнулася Фартуна».
Турэцкая сталіца ўразіла маладую жанчыну веліччу і прыгажосцю. У Турцыі Саламея стала дапамагаць мужу лячыць хворых, з поспехам ужывала травы і настоі, займалася кровапусканнем і ставіла п’яўкі. Таксама яна навучылася ад мужа і яшчэ аднаго ўрача з Ірака лячыць нескладаныя хваробы вачэй. І праз некаторы час здзейсніла неверагоднае: іншаземка, ды яшчэ і жанчына, змагла атрымаць афіцыйны дазвол на медыцынскую дзейнасць. Гэтая папера аказалася вельмі дарэчы. Працы для Саламеі быў непачаты край.
У мусульманскай краіне мужчына, нават доктар, не меў права зайсьці на жаночую палову дома. А ў гарэм не дапускаліся і лекары. Хваробу яны павінны былі вызначаць, прамацваючы пульс па стужачцы, працягнутай з іншага пакою. Саламея, хрысціянка па веравызнанні, свабодная ад традыцый і абмежаванняў магла практыкаваць і сярод мужчын, і сярод жанчын. Поспех быў нечуваны. На тую гадзіну ёй было ўсяго сямнаццаць гадоў.
Сусед Самсон, таксама лекар, не ведаючы, што яшчэ зрабіць ад злосці і зайздрасці да яе поспехаў, адважыўся навесці нейкія чары на жанчыну праз скрадзеныя яе туфлі. Саламея цяжка захварэла.
«Той бязбожны габрэй зрабіў, што ў мяне рукі і ногі адняліся, а таксама і розум чалавечы. Бо мне здавалася, што я дзіця, што павінна ў калысцы ляжаць, і мусілі мне калыску падрыхтаваць, паслаць і калыхаць. Калі знянацку бачу руку ці нагу сваю, дык учыняю гвалт: забярыце ад мяне гэтыя чужыя рукі і ногі. Я лічыла, што павінна мець рукі і ногі, як гадавалае дзіцё. Мужа і найвярнейшых лекараў яго так ненавідзела, што дзеля Бога прасіла, каб яны ад мяне прэч адышлі».
Яе вылечыў адзін вельмі багаты купец з Егіпта. Здаецца, астраном ці чарнакніжнік. А як вылячыў? Прымусіў устаць на ногі і высыпаў на яе сто карцаў сухога гароху, з шумам і крыкам. Пасля гэтай працэдуры страх Саламеі адступіў. Гэты чалавек не ўзяў ніякага ўзнагароджання, але настойліва параіў Саламеі і яе мужу пакінуць Стамбул.
Нялёгка было маладой жанчыне пераканаць Гальпіра ў неабходнасці пакінуць яго пасаду. Ён ніяк не мог паверыць, што чалавек можа загінуць праз наведзеныя на яго заклёны.
«Ён, угневаны, забраў усё, што меў з маёмасці, а саму мяне пакінуў без грошай у Стамбуле, толькі загадаў даваць штотыдзень адзін чырвоны злоты. Я адразу ж аб’явіла, што паеду ў Польшчу. Як толькі асобныя незычлівыя людзі пачулі, што я збіраюся ехаць, дык неадкладна мяне арыштавалі, сцвярджаючы, што муж мой вінен ім 100 леваў. І тут Пан Бог даў мне добрага прыяцеля — друкара, што кнігі выдае, нязнатнага шляхціча. І ён мне пазычыў 100 леваў пад распіску. І заплаціла я гэтыя фальшывыя даўгі, і наняла каляску за 30 леваў ад Стамбула да Андрыянопаля.

Гарэм султана

Гарэм султана

І вось развіталася я з маім добрым прыяцелям, бо хоць і мела шмат іншых: католікаў, паноў і знаёмых, але ніхто мне не дапамог. Дык вось, спадзяючыся на Пана Бога, сядаю ў каляску, узяўшы сваю маленькую дачушку Канстанцыю Гальпір, якой не было і двух годзікаў, і старога чалавека, калеку жабрака татарына, што крыху ведаў польскую мову, бо, калі быў ён купцом, то часта прыязджаў у Польшчу. І з гэтае прычыны стаў ён маім знаёмым, і казаў: як змагу, буду служыць твайму сіроцтву».
Грошы ў падарожжы былі не лішнімі, таму Саламея нікому не адмаўляла ў дапамозе і шмат каго паставіла на ногі. Не раз лекарскае майстэрства ратавала Саламеі жыццё. Аднойчы яе абвінавацілі ў шпіянажы і ўзялі пад варту, што азначала дакладную смерць. Але тут захварэў 22-гадовы сын высокапастаўленага турка...
«...аж галава, і вочы ягоныя, і твар увесь так паапухлі... Зрабіла яму катаплазмы (прыпаркі) на галаву і на твар, бо дзеля ўнутранага ўжывання нельга нічога было даць: язык быў высунуты ў яго з рота. Так мне Пан Езус дапамог, што таго пацыента свайго добра вылечыла за дзён 40».
Трэба было ехаць далей праз Балканскія горы ў Сафію. Саламея апранула мужчынскае адзенне, наняла дзясятак коней і, усклаўшы на іх свае пажыткі, рушыла ў дарогу ў суправаджэнні трох слуг. Аднак разбойнікі захапілі караван і перабілі ўсіх, хто быў пры ім. Праўда, вядомую лекарку са Стамбула апазналі. Атаман разбойнікаў даручыў ёй лячэнне свайго сваяка, а пасля акрыяння апошняга адпусціў Саламею.
У Сафіі Саламея паступіла на службу ў гарэм пашы Кюпру-улу. Тут яна сустрэлася з мужам, які прыехаў палячыць суставы на мясцовых мінеральных водах. Не адразу пазнала Саламея ў адным з пацыентаў свайго мужа Гальпіра, а пазнаўшы, паставілася да яго з усёй спагадай і прабачыла яму.
«А мой муж — пан Гальпір, лекар медыцыны, які ўсё ў мяне забраўшы, пакінуў мяне, не са Стамбула прыехаў на мінеральныя воды ў Сафію, а з Салонікаў з Босніі. Пан Езус так яго пакараў, што рукі-ногі яму пакруціла, і ўвесь у больках быў, і сам, як мог, ратаваў сябе».
І хоць сумнявалася Саламея ў сваіх здольнасцях, усё ж ёй удалося паправіць яго здароўе. У той час з Гальпірам у Сафіі быў італьянскі лекар, якога туркі захапілі ў палон на мальтыйскім караблі, а яму пашчасціла трапіць на службу да Гальпіра. Гэты італьянец і навучыў Саламею выпісваць рэцэпты на лацінскай мове доктарскімі знакамі, перадаў ёй свае кнігі, сярод якіх была кніга пра гаючыя расліны, прыродазнаўчы навуковы лексікон з вопісам хвароб і лекаў. Вылечыўшыся пры дапамозе жонкі, Гальпір вярнуўся да сваіх службовых абавязкаў у Босніі, там заразіўся пошасцю і неўзабаве памёр.

Саламея Русецкая, мастак Яўген Кулік, 1989. Крыніца: nlb.by

Саламея Русецкая, мастак Яўген Кулік, 1989. Крыніца: nlb.by

Потым пачалася турэцкай вайна, і Паўднёвая Еўропа ператварылася ў арэну баявых дзеянняў. У Відыне, куды накіравалася Саламея, у кожным доме знаходзіліся аўстрыйскія нявольнікі. Пазней Саламея выкупіла з палону некалькіх аўстрыйскіх афіцэраў, адзін з якіх — Юзаф Фартунат Пільштын — пасля стаў яе мужам. Грошы на выкуп Саламея зарабіла сваім майстэрствам, паставіўшы на ногі цяжка хворага сына турэцкага пашы.
Маладыя накіраваліся ў Дубна. Там Пільштын паступіў на службу да Вялікага літоўскага гетмана князя Міхаіла Радзівіла, па мянушцы Рыбанька. Па вяртанні ў Нясвіж князь узяў з сабой маладых, прызначыўшы Фартуната харужым, а Саламею доктаркаю.
Але неспакойны характар Русецкай не даваў ёй сядзець на месцы. Вырашыла яна адправіцца ў Пецярбург. Усё нажытае пакінула мужу, дачку — у мнішак-бенедэктынак у Нясвіжы. Па дарозе ў Пецярбург Саламея дапамагла адной генеральшы выратаваць толькі што народжанае немаўля — у хлопчыка развілася асфіксія. Дзякуючы свайму лекарскаму майстэрству, Саламея вельмі хутка трапіла ў апартаменты імператрыцы Ганны Іаанаўны. Тую ўразіў аповед пра тое, як лекарка вылечыла дзяўчыну-прачку, якая была сляпой з 14 гадоў.
«На шчасце, гэтая дзяўчына мела нястрашную катаракту, дык я ў гэты ж дзень інструментам зняла тую катаракту, і дзяўчына пачала бачыць на абодва вокі».

Кніга Саламеі Русецкай

Кніга Саламеі Русецкай

«Саламаніда Яфімаўна» — так паважліва звярталася да лекаркі імператрыца і прапанавала ёй паступіць на царскую службу. З гэтага часу прыдворныя дамы звярталіся да Саламеі па дапамогу ахвотней, чым да дактароў мужчын. Але папулярнасць зноў згуляла супраць яе. Для калег-мужчын Саламея стала небяспечнай канкурэнткай, якая адбівала значную частку багатых кліентаў. А можа і неспакойны характар не дазваляў ёй падоўгу сядзець на месцы. Русецкая-Пільштынава зноў выправілася ў дарогу.
Тым часам мужа Саламеі Міхаіл Радзівіл Рыбанька паслаў служыць на Палессе ў вёску Ляхва. Там з ім і жыла некаторы час таленавітая лекарка. Але маладая жанчына засумавала і вырашыла паехаць да сваякоў мужа ў Аўстрыю з надзеяй атрымаць грашовае спагнанне за выкуп яго з турэцкага палону. Заможны род Піхельштэйнаў, хоць і выказаў Саламеі пэўную гасціннасць, але аддаў ёй толькі трэцюю частку таго, што яна заплаціла за свайго мужа.
Засмучаная Саламея прыбыла ў Вену і, праявіўшы настойлівасць і хітрасць, прабілася да самога імператара Карла VI. Ветлівасці, як у Пецярбургу, пры венскім двары яна не сустрэла. Аўстрыйцы падаліся ёй сквапнымі і стрыманымі. Русецкая жыла ў Вене на апошнія грошы. З крытычнага становішча і галечы Саламею выбавіў толькі прыезд турэцкага пасла Джаны Алі-бея эфендзі. Ён з ахвотай прыняў на службу лекарку, улічваючы яе веданне мовы і турэцкіх звычаяў.
Аднак нараджэнне сына Францішка Ксаверыя паскорыла яе вяртанне да мужа. Да Нясвіжа Саламея так і не даехала. Па дарозе да дому яна даведалася пра тое, што муж забраў яе дачку і маёмасць. Даведалася Саламея і пра яго нявернасць.

Першая старонка кнігі

Першая старонка кнігі

«Я думала, што тут у мужа застануся, і мы будзем радавацца спадчынніку нашаму, які нарадзіўся ў Вене — сыну Францішку. А тут бачу з боку мужа свайго нянавісць і марнатраўства. Задумала я паслаць свайго чалавека Сцяпана за маёй дачушкай, каб ён выкраў яе ў мужа, і каб ён яе да мяне ў Львоў прывёз».
Але Сцяпан таксама быў ненадзейным таварышам. Мужчыны ўступілі ў змову. Сцяпан атрымаў ад мужа атруту для Саламеі і падсыпаў ёй у ежу. Няшчасная цяжка захварэла. У яе выпалі зубы, вылезлі валасы, пазногці, нават злезла скура. І толькі тыдняў праз дванаццаць яна змагла зноў есці, піць, хадзіць, цудам выжыла.
Так Саламея Русецкая кінула мужа і накіравалася ў новае падарожжа, напрыканцы якога зноў апынулася ў Стамбуле. Гэтым разам яна вылечыла сястру самога султана Мустафы і засталася працаваць лекарам пры яго гарэме. Тут ставіліся да яе з вялікай павагай.
Жыццё Салемеі Русецкай як авантурны дэтыктыў было насычана цяжкімі выпрабаваннямі і незвычайнымі прыгодамі. Яна змагла дасягнуць вышынь лекарскага майстэрства. Для жанчын таго часу гэта было амаль немагчыма, але Саламея так і не знайшла асабістага шчасця. Адносіны з дзецьмі не склаліся па прычыне частых і доўгіх расстанняў. Можа таму, запісаўшы свае ўспаміны, у 1760 годзе Русецкая накіравалася са Стамбула ў пілігрымку ў Святую зямлю. Ці атрымалася ёй ажыццявіць задуманае — невядома. Сляды Саламеі згубіліся, і далейшы лёс таленавітай лекаркі, адоранай пісьменніцы і бясстрашнай вандроўніцы невядомы.