Апошняя восень? Зборная Беларусі, ад якой ужо нічога не чакаеш
Узровень даверу да футбольнай зборнай Беларусі даўно не быў такім нізкім. І справа не столькі ў тым, што параза ад бельгійцаў з лікам 0:8 аказалася антырэкорднай у нашай гісторыі, — а ў рэакцыі на гэтую падзею. Калі меркаваць па каментарах на розных рэсурсах і ў сацыяльных сетках, то няўдача знервавала далёка не ўсіх. Наадварот, многія палічылі нездавальняючы вынік рэальным адлюстраваннем спраў у беларускім футболе.
Ёсць адчуванне, што і некаторыя дзеючыя асобы ўспрынялі канфузію з палёгкай. Яна дае ім нагоду сысці з патануўшага карабля пад рознымі падставамі. Наступны афіцыйны матч адбудзецца толькі ў верасні, і, напэўна, у гульні з чэхамі мы ўбачым зусім іншую зборную.
Да фіяска ў Бельгіі самае буйное паражэнне ў гісторыі здарылася ў чэрвені 2003 года. Тады беларусы саступілі ў гасцях аўстрыйцам з лікам 0:5. Той камандай кіраваў легендарны Эдуард Малафееў, і яна спрабавала прабіцца на чэмпіянат Еўропы. Даволі хутка стала зразумела, што місія невыканальная, трэнер затуляўся і канчаткова страціў кіраванне гульцамі. Ёсць падставы меркаваць, што ў Інсбруку футбалісты «злівалі» Малафеева, і калі такая версія слушная, то ў іх гэта атрымалася. Матч з аўстрыйцамі стаў для трэнера апошнім ля стырна зборнай, ён перадаў справы Анатолю Байдачнаму.
У Бельгіі пра наўмысны «зліў» гаворкі не ішло. Нават пра італьянскі страйк не варта заікацца. Хто не хацеў выступаць за зборную, той пазначыў пазіцыю да гэтага. Але некаторыя з тых, хто застаўся, мелі ўнутраны дыскамфорт. Яны не маглі змагацца ні за радзіму, ні за трэнера, таму што не адчувалі сувязі ні з ёй, ні з ім. Нават за сваё сумленнае імя змагацца не маглі. Відавочна, падзеі жніўня мінулага года і рэакцыя на іх падзялілі грамадства. Многім заўзятарам стала важная пазіцыя футбалістаў у жыцці, а не на полі, і падлік галоў у тыя ці іншыя вароты ўжо не можа змяніць сітуацыю.
Па футбольнай лініі надлом адбыўся ў кастрычніку мінулага года, калі беларусы змагаліся за шанец, які ў наступны раз невядома калі выпадзе. Еўрапейскія чыноўнікі захапіліся эксперыментамі, падаўшы зборным з нізкім рэйтынгам адзін шчаслівы квіток на ўсіх — праз акно Лігі нацый. Для трапляння ў фінальную частку чэмпіянату Еўропы патрабавалася перамагчы ўсяго ў двух матчах, прычым другі з іх у выпадку поспеху ў першым беларусы праводзілі б у Мінску.
На пачатку нашым трэба было згуляць у Грузіі з прыкладна роўным па сіле супернікам. На падрыхтоўку да матчу былі кінутыя ўсе сілы і, як водзіцца, адміністрацыйны рэсурс. Насуперак жаданню клубаў у неўстаноўленыя міжнародным календаром даты адбыўся замежны вучэбна-трэніровачны збор. Насуперак усёй Еўропе чэмпіянат Беларусі не спыняўся ні на тур, нягледзячы на пандэмію каронавіруса. У нейкі момант ён наогул застаўся адзіным у Старым Свеце.
У грузінскіх футбалістаў такой падрыхтоўкі і блізка не было. Нічога звышнатуральнага яны і не паказалі, але гэтага «нічога» цалкам хапіла для мінімальнай перамогі над беларусамі. На настрой гасцей яўна наклалі адбітак падзеі ў краіне. Заўзятары чакалі ад іх нейкага знаку салідарнасці, але дачакаліся толькі некалькіх белых бранзалетаў. А яшчэ быў незразумелы склад, зусім не той, які найграваўся для «матчу стагоддзя».
Ёсць падставы меркаваць, што сюды таксама праніклі палітычныя пытанні. На наступным зборы ў заяўцы не аказалася капітана каманды Аляксандра Мартыновіча, забіўнога паўабаронцы Паўла Няхайчыка і лідара распранальні Станіслава Драгуна. Прагучалі спасылкі на ўзрост, на жаданне даць дарогу маладым, на перагружаны клубны каляндар. Але паміж радкоў кожны жадаючы прачытаў інакш.
А з суперніцтва «андэрдогаў» пераможцам выйшла каманда Паўночнай Македоніі, якая адолела ў фінале грузін. Вырашальны мяч забіў 37-гадовы Горан Пандзеў. Адсылка да ўзросту ў папярэднім сказе вельмі важная, бо ў Беларусі з некаторых часоў абвешчаная стратэгія амаладжэння нацыянальнай зборнай, а не пастулат «у галоўнай камандзе краіны павінны гуляць усе наймацнейшыя».
У кожнага свой шлях, але на наступны дзень пасля таго, як беларусы разгромна саступілі бельгійцам, македонцы сенсацыйна абгулялі ў гасцях зборную Германіі — 2:1. Каб ацаніць маштаб гэтай падзеі дастаткова сказаць, што немцы не прайгравалі ў адборачных матчах чэмпіянату свету з верасня 2001 года — гэта значыць, без малога дваццаць гадоў. Іх цяперашняе паражэнне аформілі ўсё той жа ветэран Пандзеў і 21-гадовы Эліф Элмас. Сплаў вопыту і маладосці, як кажуць у такіх выпадках.
На перадматчавае выкананне дзяржаўных гімнаў бельгійскія гульцы выйшлі ў спецыяльных майках з надпісам «Футбол падтрымлівае перамены». Гэта была акцыя супраць сітуацыі ў Катары, дзе ў наступным годзе павінен прайсці фінальны турнір сусветнага першынства. Футбалісты запатрабавалі рашучых дзеянняў па паляпшэнні ўмоў працы і правоў чалавека ў Катары. Паводле звестак прэсы, пры будаўніцтве аб'ектаў да чэмпіянату свету ў краіне загінулі не менш за шэсць з паловай тысяч чалавек. Галоўным чынам — працоўныя мігранты з бедных краін.
Перад стартавым свістком бельгійцы схілілі калена ў рамках акцыі «Black Lives Matter» («жыцці цемнаскурых маюць значэнне»). Гульцы і трэнеры засяродзілі ўвагу на праблеме расізму. Беларускія футбалісты моўчкі стаялі воддаль, не выказваючы грамадзянскай пазіцыі з нагоды падзей, якія адбываюцца ў свеце і ва ўласнай краіне. А затым бязвольна прапусцілі восем мячоў — па чатыры ў кожным з таймаў.
У сусветным рэйтынгу зборных Бельгія знаходзіцца на першым месцы, але ў нядаўнім мінулым там таксама было не ўсё шакаладна. «Залатое» пакаленне гульцоў сышло ў пачатку цяперашняга стагоддзя, яго лебядзінай песняй стаў чэмпіянат свету 2002 года. Пяць наступных топ-турніраў бельгійцы прапусцілі. Прычым на гэтым адрэзку карціна была абсалютна журботнай. У кваліфікацыях чэмпіянату свету — чацвёртыя месцы ў групах з шасці каманд, у той час як для атрымання пропуску патрабавалася быць першымі або другімі. Барацьба за траплянне на чэмпіянаты Еўропы ішла крыху больш паспяхова, але таксама далёка ад галоўнай мэты. А затым яны прачнуліся.
Першынства Бельгіі не стала мацнейшым, але плён дала стратэгія развіцця дзіцяча-юнацкага і моладзевага футбола. Чатыры апошнія цыклы адбору бельгійцы прайшлі пры аглушальнай перавазе над супернікамі. У Расію-2018 яны наогул атрымалі білет першымі з еўрапейскіх зборных, не лічачы гаспадароў, а на EURO, які адбудзецца будучым летам, адабраліся са стоадсоткавым вынікам (дзесяць перамог у дзесяці сустрэчах).
У цэлым жа ў сарака матчах каманда пацярпела толькі адну паразу, а выйграла 34 разы. Заваяваць трафей пакуль не атрымліваецца, але мэта блізкая — два чвэрцьфіналы, паўфінал. На апошняй з топ-падзей, ЧС-2018, бельгійцы занялі трэцяе месца, саступіўшы толькі пераможцам турніру французам.
Ці можна нечага падобнага чакаць у нашых абшарах? Калі толькі верыць у цуд, бо ў юніёрскім і моладзевым футболе вынікаў таксама няма. Хутчэй мы ідзём да таго, што абвешчаная стратэгія амаладжэння нацыянальнай зборнай спрацуе сама сабой. Двух матчаў новага адборачнага цыкла з лішкам хапіла для разумення перспектыў у толькі распачатым цыкле. Разгром ад бельгійцаў — гэта ягадкі, бо былі яшчэ і кветачкі.У хатнім матчы беларусы пакутавалі з эстонцамі, якія праз каронавірус не здолелі прывезці ў Мінск пятнаццаць асноўных гульцоў і трэнерскі штаб.
Нашы сапернікі па групе — Бельгія, Уэльс і Чэхія — летам згуляюць на EURO. Наша ж доля — таварыскія матчы з камандамі футбольных задворкаў. У чэрвені адбудзецца спарынг са зборнай Азербайджана, запланаваная сустрэча з камандай Сьера-Леонэ.
Турнірныя і ўнутраныя абставіны знішчаюць матывацыю, якой і без таго заставалася няшмат. У такой сітуацыі цалкам верагодны сыход ветэранаў. Без гучных заяў і грукання дзвярыма. З вясновага склікання самым дасведчаным гульцом з'яўляецца Кісляк, а ўвосень яму будзе ўжо 34. Аднаму з лепшых футбалістаў краіны апошніх гадоў Стасевічу ў кастрычніку «стукне» 36, і не яго віна, што раўнацэннай замены і блізка няма. Гутар, Бардачоў, Навумаў, Скавыш, Маеўскі — марыць пра топ-турнір ім, перасягнуўшым 30-гадовую мяжу, ужо злёгку шкодна. Апошні з пералічаных нават паспрабаваў расставіць кропкі над «i». Пасля матча з бельгійцамі Маеўскі заявіў, што трэнерскі штаб не меў плана на гульню, а ў матчах з такімі грознымі супернікамі ён павінен быць абавязкова. З вышыні перажытага самым дальнабачным выглядае Ягор Філіпенка. Абаронца адмовіўся гуляць за зборную яшчэ да таго, як яна стала некіравальнай.
Гульня дзеля заўзятараў сёння таксама не варыянт. Пра нізкую цікавасць да зборнай гаворыць наведвальнасць апошніх хатніх сустрэч. На таварыскі матч з камандай Гандураса не сабралася і паўтысячы. На афіцыйную гульню з эстонцамі прыйшло больш, але ў чашы стадыёна «Дынама» гэта была кропля. Хацелася б сказаць, што як ніколі раней гэтую восень зборнай мы чакаем з вялікай трывогай. Але гэта будзе няпраўдай. Беларускі футбол у такім стане, што ад яго ўжо наогул нічога не чакаеш.