«Палохае тое, што арышты сталі руцінай». Алімпійскі прызёр Андрэй Краўчанка абвесціў галадоўку
Вядомы беларускі шматборац будзе галадаць 10 дзён дзеля салідарнасці з палітвязнямі.
Двухразовы алімпійскі прызёр-легкаатлет Андрэй Краўчанка абвесціў галадоўку. Тэрмін — 10 дзён, нагода — імкненне да салідарнасці з беларускімі палітвязнямі.
«8-га лістапада 2020 года мяне затрымалі на стаянцы ў цэнтры Мінска і дасталі проста з машыны. Памятаю ўдар у скронь, боль ад сцяжак на руках, 14 гадзін тварам да сцяны ў РУУС і паездку ў Жодзіна.
Для сваіх родных я тады проста знік. Чатыры дні ў майго адваката не было ніякай інфармацыі аб тым, дзе я і што са мной. Калі дэталі і месцазнаходжанне ўсё ж удалося высветліць, гэта не вельмі дапамагло. За ўвесь час майго знаходжання ў Жодзіне я не атрымаў ні адной перадачы: ні прадуктаў, ні цёплых рэчаў, ні зубной шчоткі.
Я нават прапусціў першы дзень нараджэння сваёй дачкі і вярнуўся з каронавірусам. Але я хаця б вярнуўся…
Сотні ж беларусаў атрымалі рэальныя тэрміны, а 357 з іх прызнаныя палітвязнямі.
Мяне палохае тое, што арышты ператварыліся ў штодзённасць, сталі руцінай. А за кратамі проста цяпер сядзяць сапраўдныя людзі — гэта іх рэальныя жыцці, гэта паламаныя жыцці іх сем'яў. Ніхто не верне ім гэтага часу, яго ніколі нельга будзе нагнаць. І я не магу змірыцца з гэтым.
Пасля майго вызвалення прайшло ўжо паўгода, але я памятаю кожны дзень, які правёў у Жодзіне. Памятаю камеру, пастаянна уключанае святло, як мы поўзалі на карачках, спалі на падлозе, памятаю асобы, абрыўкі фраз. Памятаю кожны з 10 дзён.
Я ведаю, як цяжка цяпер сем'ям палітвязняў. Таму я вырашыў выставіць на аўкцыён свой залаты медаль чэмпіянату Еўропы ў памяшканнях, каб дапамагчы ім. Гэты медаль для мяне дарагі — я заваяваў яго, выступаючы з сур'ёзнай траўмай. На размінцы перад самым стартам я ледзь не прыняў рашэнне зняцца са спаборніцтваў, але скрозь боль дайшоў да самага канца і перамог. Тады было балюча. Але ў сто разоў больш цяпер.
Менавіта таму я таксама ў знак салідарнасці з палітвязнямі вырашыў абвясціць 10-дзённую галадоўку.
Я ні да чаго не заклікаю і не раю паўтараць, але мне вельмі
цяжка пераварваць гэтую жахлівую беларускую рэальнасць. Ды прыбудзе з намі
сіла!» — прыводзіць словы Андрэя Краўчанкі «Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці».