«Чарговы акт прыніжэння». Навошта футбалісты пабеглі падпісвацца за ўладу
Некалькі сумных прагнозаў ад «НЧ» у працяг футбольнага сезона.
Час бяжыць хутка, і ў футбольным чэмпіянаце краіны мінула
ўжо шэсць тураў — пятая частка календара. Трэнды зададзеныя, табліца ўтрэслася,
кожны паказаў, на што здольны. І сёння не трэба быць астролагам Паўлам Глобам, каб пабачыць наперад, чым усё скончыцца глыбокай восенню — калі адбудуцца апошнія
матчы.
«Новы Час» вырашыў папрактыкавацца ў прароцтвах і вымушаны канстатаваць: добрых прагнозаў у нас няма. Беларускі футбол — і так дастаткова лакальная з’ява — працягне губляць масштаб, інтрыгу, гледачоў.
Чэмпіёнам зноў будзе салігорскі «Шахцёр»
Вядома, салігорцы яшчэ абавязкова страцяць ачкі — немагчыма прайсці ўсю дыстанцыю турніра на адным уздыме і на адным дыханні. Недзе дзейнага чэмпіёна абавязкова падсцеражэ спад — і ён раз-другі дасць фальшаку, схібіць і сядзе ў лужыну. Інакш у футболе не бывае — і нават для тых, хто ўпэўнена крочыць да трыумфу, такія маленькія дарожныя непрыемнасці ўваходзяць у кошт залатога квітка.
«Шахцёр» жа крочыць не проста ўпэўнена — прэ танкам. Пасля шасці тураў — стоадсоткавы вынік. Шэсць перамог, сярэдняя галявая выніковасць тры мячы за матч, прапусціла каманда ўсяго тройчы. Стабільнасць — вось козыр салігорцаў, і напярэдадні іх сустрэчы з якім-небудзь серадняком ці андэрдогам аніякіх сумневаў няма па абодва бакі барыкад: выйдуць гарнякі на поле, натаўкуць галоў дый здабудуць чарговую вікторыю, не надта змакрэўшы.
Для «Шахцёра» гэта добра, для вышэйшай лігі — бяда. Некалі БАТЭ вось так усіх выносіў, дык яшчэ ў сакавіку Барысаву «аддавалі» золата і махалі рукой. Зараз БАТЭ не той, хаця старанна робіць бадзёры выгляд. Заможнаму Салігорску «жоўта-сінія» не раўня — бракуе ў складзе зорных імёнаў, бракуе грошай і трансфернага размаху. Ужо зараз Барысаў адстае ад лідара на чатыры балы — праз тур ім сустракацца, і «Шахцёр» да гэтай гульні падыдзе ў ролі гаспадара сітуацыі.
Калі адказ на галоўнае пытанне вядомы загадзя, то які інтарэс у аудыторыі — хоць кніжкі, хоць фільма, хоць чэмпіяната краіны па футболе? Інтарэс так сабе — як да нечага другаснага. Бо ўсе дыхаюць роўна і ведаюць спойлеры. Ведаюць, што забойца — дварэцкі, і не назапашваюць папкорн на фінішны адрэзак дыстанцыі.
Быў у нас адзін гегемон — БАТЭ, стаў іншы — «Шахцёр». Што так, што так — дачытваць да апошняй старонкі вялікага жадання няма.
Мінскае «Дынама» выйграе бронзу
Калі прадказваць перамогу Салігорска над Барысавам у залатой гонцы, то варта і трэцяе месца праракаць для мінскага «Дынама». Былы гаспадар клуба Юрый Чыж цяпер за кратамі, і калі ў яго камеры маецца тэлевізар, то ён, пэўна, з такім прагнозам пагодзіцца. Бо для першага-другога месца ў яго колішняга дзецішча пораху аб’ектыўна мала, а вось зваліцца ніжэй за трэцяе трэба моцна пастарацца.
Наогул, «Дынама» на гэта здольнае: гуляе недастаткова яскрава, нестабільна, галоўнага трэнера Леаніда Кучука перманентна крытыкуюць. Але ж іншыя поркаюцца з тура ў тур яшчэ горш. І той жа Жодзіна, што ліхачыў летась. І той жа «Рух», які дэкларуе амбітныя планы. І тым больш гродзенскі «Нёман», які неспадзявана праваліў старт і залёг на таблічнае дно.
«Спадарожнік» і «Смаргонь» вылецяць у першую лігу
Зрэшты, гродненцы яшчэ ачуняюць. І ўжо да сярэдзіны табліцы як-небудзь даграбуць — кадравы рэсурс іншага не прадугледжвае. Абудзяцца і «Слуцк» са «Славіяй», набрыняе сілай «Энергетык» — і ў «ападак» па выніках сезона выпадуць два навічкі вышэйшай лігі — «Спадарожнік» і «Смаргонь».
Гэта будзе лагічна са спартыўнага гледзішча: абедзве каманды саступаюць іншым па падборы гульцоў і таўшчыні бюджэту. Гэта будзе справядліва з гледзішча маралі, бо што Рэчыца, што Смаргонь з’явіліся ў чэмпіянаце не зусім натуральным чынам.
Зрэшты, «Спадарожнік» хаця б выйграў пуцёўку ў сумленнай барацьбе, і вялікіх пытанняў да яго няма. Праўда, потым выявілася, што грошай на далейшае існаванне ў клуба рашуча бракуе. Грошы шукалі гуртам — недзе на губернатарскім узроўні — знайшлі няшмат, але на сезон павінна хапіць. Потым шукалі гульцоў — тут дапамагло нефармальнае, на мяжы фэйр-плэй, партнёрства з «Шахцёрам», пра якое пісала спартыўная прэса.
Са «Смаргонню» гістрыя нашмат больш адназначная. Гэтай каманды ў вышэйшай лізе не мусіла быць увогуле: летась у другім дывізіёне яна фінішавала толькі шостай. Мы пра гэта пісалі: далей сітуацыя выкруцілася так, што элітны статус трэба было надаваць «неблаганадзейным» «Крумкачам» — самаму пратэснаму клубу беларускага футбола. На такі адчайны крок, канешне, кіраўніцтва пайсці не магло. Праўдамі-няпраўдамі, як ката ў мяшку, смаргонцаў запхнулі ў «вышку», і цяпер яны за тое расплочваюцца.
Наведвальнасць у чэмпіянаце будзе змяншацца надалей
Першынство краіны па-ранейшаму мала цікавіць беларусаў. Здаецца, і каронавірус адступіў, згодна з афіцыйнай статыстыкай. І вясна, хай і марудна, але набірае моц, абуджаючы людзей пасля зімовых халадоў. Аднак на трыбунах народу нягуста — і наўрад ці ў бліжэйшы час сітуацыя істотна зменіцца.
Ужо 1000 чалавек на гульні ўспрымаецца нібыта нейкае дасягненне. У мінулым туры гэтую смяхотную адзнаку пераадолелі толькі ў Мазыры, Брэсце, Салігорску і Гомелі — то-бок, у палове матчаў. Агульная ж «тэмпература па лякарні» застаецца кепскай, і цяперашняе першынство рызыкуе стаць найменей наведвальным за ўсю гісторыю суверэннага футбола.
Зразумела, што адной з прычын гэтага з’яўляецца агульная прыгнечаная абстаноўка ў краіне, калі людзям проста не да відовішчаў. А тут яшчэ мінулымі днямі цэлая група футбалістаў дадала цёмных фарбаў. Дзясяткі гульцоў раптам правялі тлустую рысу паміж сабой і грамадзянскай супольнасцю — узялі дый падпісалі адкрыты ліст праўладных спартсменаў.
Самае цікавае, што тая эпістала ўжо нібыта імхом парасла — пра яе ўсе забыліся, у ёй знік усялякі практычны сэнс, бо МАК даўно ўжо прыняў усе санкцыі датычна вышэйшага алімпійскага кіраўніцтва Беларусі. Але ж глядзі ты — футбалісты БАТЭ, «Іслачы», «Віцебска» і «Слуцка» пасярод інфармацыйнай цішыні паставілі свае подпісы фактычна за дзейную ўладу.
Так, справа не ідзе пра лідараў, выбітных і харызматычных майстроў, але гучныя імёны сярод падпісантаў сустракаюцца: напрыклад, паўабаронца зборнай Яўген Яблонскі з Барысава ці ветэран Антон Мацвеенка з Віцебска. Навошта гэта ім? Навошта гэта ўсім іншым — у тым ліку тым, хто раней выступаў супраць гвалту? Пераабуліся ў паветры? Раней памыляліся, а цяпер сталі відушчымі? Забыліся пра ўсё тое, ад чаго краіна ўздрыгвала некалькі месяцаў таму?
У футбольных колах на гэты конт ходзяць розныя чуткі — і больш-менш усе звязваюць раптоўны парыў гульцоў з класічным ціскам з боку спартыўнага чынавенства. Кажуць пра адмысловую разнарадку — што зверху нібыта спушчаны цыркуляр, які прадугледжвае па 12 подпісаў ад кожнага клуба. Інакш — зноў класіка — будуць праблемы з бюджэтным фінансаваннем. Кажуць, што футбольную моладзь палохаюць позвамі ў войска — і сапраўды, сярод новай хвалі падпісантаў шмат хлопцаў прызыўнога ўзросту (ёсць нават непаўнагадовыя).
Насамрэч, гэта не так важна. Палохаюць ці не — ёсць рэчы больш істотныя, чым сітуатыўны канфармізм. Тыя рэчы, якім аддаюць належнае тыя ж фанаты, што абвесцілі футболу байкот. Праз гэта, уласна, папулярнасць чэмпіянату і зменшылася, а цяпер — калі футбалістаў пачалі нахіляць і яны сталі пакорліва нахіляцца — чакаць народнай увагі-павагі тут увогуле не варта.
«Хейціць нікога не трэба, — напісаў з гэтай нагоды адзін з кіраўнікоў Фонду спартыўная салідарнасці Аляксандра Апейкін. — Гэта чарговы акт прыніжэння людзей з боку сістэмы Лукашэнкі. Сутнасць ліста —распісацца ў сваім статусе раба. Ніякага іншага сэнсу ў ім больш няма».
Імаверна, колькасць футбольных подпісаў пад тым лістом у бліжэйшы час працягне павялічвацца. Адпаведна будзе ўзрастаць і адчужэнне да футбола ў шэрагах заўзятараў. Бо футбол — гульня народная. Так заведзена ва ўсім свеце, аднак што ты зробіш: Беларусі з усім светам сёння не па дарозе.
ЧЭМПІЯНАТ БЕЛАРУСІ. ТУР 6
23.04. СМАРГОНЬ — СПАДАРОЖНІК (Рэчыца) — 2:0 (800; Ковель, 36, Копач, 89). СЛАВІЯ (Мазыр) — СЛУЦК — 3:1 (1150; Барсукоў, 9, Чухлей, 49, з пенальці, Слюсар, 75, з пенальці — Вяргейчык, 52).
24.04. ДЫНАМА (Брэст) — ВІЦЕБСК — 0:0 (2816). ІСЛАЧ (Мінскі раён) — БАТЭ (Барысаў) — 1:4 (425; Камароўскі, 7 — Драгун, 24, 57, М.Валадзько, 55, Скавыш, 70). ЭНЕРГЕТЫК-БДУ (Мінск) — НЁМАН (Гродна) — 1:1 (250; Мавату, 11 — Зубовіч, 84). МІНСК — ДЫНАМА (Мінск) — 1:3 (900; Багамольскі, 59 — Пуціла, 43, Мбенг, 45, Кісляк, 63).
25.04. ШАХЦЁР (Салігорск) — РУХ (Брэст) — 4:1 (1022; Дарбо, 14, 22, 77, Г.Шаўчэнка, 67 — Савіцкі, 87, з пенальці). ГОМЕЛЬ — ТАРПЕДА-БЕЛАЗ (Жодзіна) — 1:1 (3700; Някрасаў, 74 — Анцілеўскі, 90, з пенальці).
Г В Н П М А
1. Шахцёр 6 6 0 0 18-3 18
2. БАТЭ 6 4 2 0 14-6 14
3. Дынама Бр 6 3 3 0 8-1 12
4. Гомель 6 3 2 1 10-6 11
5. Дынама Мн 6 3 2 1 9-4 11
6. Рух 6 2 3 1 10-7 9
7. Іслач 6 3 0 3 9-10 9
8. Мінск 6 2 2 2 8-8 8
9. Тарпеда-БелАЗ 6 2 1 3 3-8 7
10. Віцебск 6 1 4 1 2-1 7
11. Энергетык-БДУ 6 1 2 3 6-6 5
12. Слуцк 6 1 2 3 4-8 5
13. Славія 6 1 1 4 5-10 4
14. Смаргонь 6 1 1 4 3-14 4
15. Спадарожнік 6 1 0 5 2-14 3
16. Нёман 6 0 3 3 2-7 3
ТУР 7. 29.04. Слуцк — Дынама Бр. 30.04. Рух — Славія, Дынама
Мн — Энергетык-БДУ, Віцебск — Гомель. 1.05. Спадарожнік — Шахцёр, БАТЭ —
Смаргонь, Тарпеда-БелАЗ — Мінск, Нёман — Іслач.