Невядомыя спаборніцтвы. Фотарэпартаж з чэмпіянату Беларусі па настольным тэнісе
Пад Мінскам у спарткомплексе «Раўбічы» 30 красавіка і 1 траўня праходзіць чэмпіянат Беларусі па настольным тэнісе сярод людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Спаборніцтва ладзіцца штогод таварыствам інвалідаў пад эгідай Міністэрства спорту і турызму.
«Новы Час» пагутарыў з пастаянным удзельнікам — шматразовым чэмпіёнам Беларусі па настольным тэнісе, вядомым паралімпійцам Аляксандрам Ігнатовічам. Ён распавёў, што за дваццаць гадоў мерапрыемства не атрымалася правесці толькі аднойчы — праз адсутнасць фінансаў. Але да арганізацыі спаборніцтваў ёсць пытанні.
— Таварыства інвалідаў даведваецца аб тым, што спаборніцтва адбудзецца, прыкладна за месяц-паўтара да старту. Таму знайсці памяшканне даволі складана, не кажучы ўжо пра іншыя арганізацыйныя пытанні. Другая праблема ў тым, што гэтае спаборніцтва праходзіць без аніякай увагі з боку прэсы. Ніхто нічога не піша і не паказвае, нібыта Міністэрству спорту сорамна за ўзровень арганізацыі ці за якасць турніру. Як вынік, у спаборніцтвах бяруць удзел амаль адныя і тыя ж людзі, вельмі мала прыходзіць навічкоў, і казаць пра нейкае развіццё немагчыма.
Я сам як магу пішу пра наш спорт у Instagram ды іншых сацсетках, каб як мага больш людзей пра гэта ведалі, у першую чаргу, бацькі дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі. Спорт і ўдзел у такіх спаборніцтвах — гэта дадатковыя камунікацыі, якіх так не хапае такім людзям, як мы. Той жа настольны тэніс трэніруе каардынацыю, трымае мышцы ў тонусе, дапамагае думаць на пару крокаў далей. Я ўпэўнены, што калі б пра гэта хаця бы трошкі гаварылі па тэлебачанні і пісалі ў газетах, то колькасць удзельнікаў была бы большай і ў выніку ўзровень турніраў бы падвышаўся, расла канкурэнцыя і якасць спаборніцтваў. Настольны тэніс не адзіны від, па якім праводзяцца чэмпіянаты. Ёсць яшчэ і плаванне, баскетбол, валейбол, бадмінтон, паўэрліфтынг і шмат чаго яшчэ!
Вялікай праблемай таксама з'яўляецца практычна поўная адсутнасць магчымасці займацца спортам такім людзям, як мы, у абласцях ды раёнах. Я ў Мінску займаюся за свой кошт у залах разам з фізічна здаровымі людзьмі, але не кожны чалавек з абмежаванымі магчымасцямі можа так рабіць, таму што шмат хто проста баіцца лішняй шчыльнай увагі з боку здаровых людзей. Менавіта для іх і трэба ствараць асобае асяроддзе, дзе яны здолеюць адчуць нейкую ўпэўненасць у сабе і здолеюць рухацца далей у гэтым напрамку. Ну і, канечне, далёка не кожны з такіх людзей можа дазволіць сабе заняткі за свой кошт.
Таксама неабходна нашым прадстаўнікам сустрэцца з прадстаўнікамі Міністэрства спорту і прама ўдакладніць: ці гэтыя турніры патрэбны «для галачкі» раз на год, ці мы рэальна будзем рухацца да развіцця?