Папярэдні чэмпіён у жалобе, мацнейшыя на месцы: як прайшоў раўнд 1/8 фінала Чэмпіяната Эўропы

Іх засталося 8. Права на памылку няма, але права на сумную і неяскравую гульню ніхто не забярэ. Французскія футбалісты больш сачылі за Лё Пэн, чым за сваёй гульнёй, і ледзьве засталіся ў турніры. Раналду шмат плакаў, псіхаваў (але пазьней усьміхаўся). Знайшлі самае істотнае з чэмпіянату.

Лепшы гол чэмпіяната? Джуд Бэлінгэм забівае славакам

Лепшы гол чэмпіяната? Джуд Бэлінгэм забівае славакам

Швайцарыя – Італія

Трэнер дзейных чэмпіёнаў Эўропы Лучана Спалецьці, як падаецца, забыў, чым матываваць сваіх футбалістаў. Італьянцы так і ня здолелі паказаць прынамсі жаданьня пазмагацца за выхад у чвэрцьфінал. Зборная Швайцарыі, наадварот, – як выдатна зладжаны мэханізм, не дала і дробнай магчымасьці праявіць сябе сваім супернікам. На мінулым чэмпіянаце, нагадаем, швайцарцы таксама трапілі ў наступны раўнд, калі выбілі дзейных чэмпіёнаў сьвету – французаў.

У барацьбе з Італіяй усё было значна прасьцей: 2-0. Амаль незаўважна для шырокага кола аматараў, зборная Швайцарыі за апошнія гады стала калі не грандам, дык амаль абавязковым удзельнікам вырашальных стадыяў. Вылет Італіі нельга разглядаць як сэнсацыйны. Яны прыехалі на турнір без спецыяў, прэсныя.

Гішпанія – Грузія

Зачараваныя гульнёй Грузіі на групавым этапе, многія спадзяваліся на працяг банкету з самай пакуль яскравай камандай – Гішпаніяй. Букмэкеры ня верылі ў грузінаў больш за ўсё. Каэфіцыэнты на пройгрыш былі мінімальныя. І толькі адчайныя жыхары Сакартвэла мелі шанец узяць банк – у прыблізна восем разоў павялічыць стаўку на родную каманду.

Пасьля першага тайму на табло былі досыць неверагодныя лічбы – 1-1, пры тым першымі забілі грузіны. Брамнік Мамардашвілі адбіваў усё, што ляцела, але толькі першую палову. На другую і так гераічных грузінаў не хапіла. Маладыя гішпанскія вінгеры Ямаль і Ўільямс зьнішчылі абарону зборнай Грузіі і накрылі іх градам удараў. Па выніках гульні атрымаліся неверагодныя лічбы: у сярэднім 1 удар па брамах за кожныя 3 хвіліны. (У Англіі часам і год на такое сыходзіць).

Фінальныя лічбы 4-1 маглі насамрэч быць і 8-1, калі б не самаахвярная гульня Грузіі ў абароне. Гэты выхад у плэй-оф паказаў: у грузінаў футбол на ўздыме, і можна не вельмі зьдзіўляцца, калі ўбачым іх праз два гады на чэмпіянаце сьвету.

Нямеччына – Данія

germany_5.webp

Немцы з камфортным лікам 2-0 былі мацнейшыя за геаграфічных суседзяў. Пра пэрспэктывы бундэскаманды можна будзе разважаць пасьля наступнай гульні, якую амаль усе разглядаюць як датэрміновы фінал.

Самае цікавае адбылося на небе, а не на футбольным полі. Арбітр сустрэчы на некалькі дзясяткаў хвілінаў спыніў гульню пасьля таго, як маланкі зьявіліся недалёк ад стадыёну.

Партугалія – Славенія

ronaldo.webp

Раналду не забіў чарговы раз, на гэтым Эўра яго ня чутна. За тое былі заўважныя сьлёзы, якія ён ліў у тры ручаі пасьля таго, як не забіў пэнальці ў дадатковы час. Падчас самой гульні, калі пры розыгрышы штрафных ён забіраў усе ўдары сваёй каманды і, як павялося ўсе апошнія гады, біў куды заўгодна, толькі ня ў сетку брамаў суперніка. Эгаізм ніколі не пакіне цела гэтага атлета. І ўсё гэта пры жывых Бруна Фэрнандэшы і Бэрнарду Сілва.

Славенія паказала, што іх футбол не такі і аўтсайдэрскі, як іх пасьпяшылі выкінуць з разьліку яшчэ да пачатку гульні. Сам вынік – а Славенія выбыла толькі ў сэрыі пасьляматчавых пэнальці – кажа сам за сябе. Нуль галоў фэерычнага нападзеньня Партугаліі. За ўсіх іх згуляў брамнік Кошта, які адбіў тры запар пэнальці, і вывеў Партугалію ў ¼ фінала.

Дарэчы, партугальцы ў гэтым раўндзе ўжо 7-ы раз з 8 апошніх чэмпіянатаў.

Францыя – Бэльгія

Футбалісты зборнай Францыі напярэдадні 1/8 фінала ледзьве не большую частку публічных выступаў прысьвячалі не бэльгійцам ці турніру ўвогуле, а ўнутраным парлямэнцкім выбарам. Ад Кіліяна Мбапэ да Маркуса Цюрама гучалі заклікі да французаў, каб яны галасавалі супраць Марын Лё Пэн.

Маркус Цюрам, у прыватнасьці, заявіў:

«Я думаю, што сітуацыя сумная, вельмі сур'ёзная. Я даведаўся пра гэта (вынікі выбараў у Эўрапарлямэнт, на якіх партыя Марын Лё Пэн перамагла) пасьля матчу з Канадай, і ўсе ў распранальні былі крыху шакаваныя. Мы павінны сказаць усім: "Ідзіце галасаваць, змагайцеся кожны дзень, каб "Нацыянальнае аб'яднаньне" не прайшло". Ці абмяркоўваем мы гэта ў камандзе? Спадзяюся, усё падзяляюць маё меркаваньне. Недастаткова сказаць, што трэба пайсьці і прагаласаваць, трэба растлумачыць, як мы апынуліся ў такой сітуацыі».

Зборная Францыі

Зборная Францыі

Кіліян Мбапэ падтрымаў Цюрама: «Хачу зьвярнуцца да ўсіх французаў, і маладога пакаленьня ў прыватнасьці. Мы бачым, што скрайне настроеныя знаходзяцца на парозе ўлады. У нас ёсьць магчымасьць зьмяніць усё. Спадзяюся, што мой голас пачуюць як мага больш людзей. Нам неабходна атаясамляць сябе з каштоўнасьцямі талерантнасьці, разнастайнасьці і павагі».

Тчуамэні таксама быў супраць: «У зборнай кожны мае права на меркаваньне. Ненавіджу крайнасьці ў паўсядзённым жыцьці, я больш за палітыку адзінства. Я заклікаю ўсіх галасаваць».

Ці тое футбалісты зборнай — не палітычныя аўтарытэты для французаў, ці тое грамадзтва вырашыла за каго галасаваць і само, але партыя Лё Пэн зноў прыйшла першай пасьля папярэдніх вынікаў першага тура парлямэнцкіх выбараў.

А што футбол? Францыя трапіла ў чвэрцьфінал без забітага гола. Вынік на 85 хвіліне забясьпечыў аўтагол Вэртонгэна. Зборная Францыі яшчэ не забіла ніводнага мяча ў гульнях на гэтым турніры!

Румынія – Нідэрлянды

У гэтай пары ўсё было амаль відавочна да пачатку, і чакаць рэальнага супраціву румынаў не выпадала. Нідэрляндцы камфортна перамаглі 3-0.

Глядзіце таксама

Аўстрыя – Турэччына

Нягледзячы на град удараў аўстрыйцаў, якія правялі выдатны групавы этап, у чвэрцьфінал ідзе Турэччына, якая выціснула максімум са сваіх магчымасьцяў. У наступным раўндзе менавіта туркі выглядаюць галоўнымі аўтсайдэрамі. І шанец на пасьпяховы праход далей – каля нуля, але паглядзім, — гэта ж футбол!

Англія – Славакія

Ці ёсьць стыль у футбалістаў Гарэта Саўтгэйта? Хвілінаў 95 мы ўсе спадзяваліся, што ўбачым нешта большае, чым асьцярожную гульню. Калі на 25-й хвіліне Шранца прыгожым стрэлам забіў ангельцам мяч, здавалася, гэта створыць эфект выбуху ў супернікаў. Але чакаць прыйшлося доўга. Толькі за лічаныя сэкунды да канца гульні Джуд Бэлінгэм фантастычна крутым ударам праз сябе ў падзеньні закалаціў мяч. Гэта было ў стылі Ўэйна Руні 2011 года, калі той забіваў за "Манчэсьцер Юнайтэд" у брамы "Манчэсьцер Сіці".

Пасьля пачатку овэртайму Хары Кэйн адправіў славакаў у накдаўн.

Не самая эфектная гульня працягвае прыносіць плён.

Глядзіце таксама

Усе пары 1/4 фінала

Гішпанія – Нямеччына

Партугалія – Францыя

Турэччына – Нідэрлянды

Англія – Швайцарыя

Хто прайграе – той едзе дадому. Напрыканцы застанецца толькі адзін. Вы за каго?