Аўтагол, які пацягнуў за сабою забойства футбаліста: чорны бок спорту

Прайшло роўна 30 гадоў з моманту, які застаецца змрочнай плямай у гісторыі сусьветнага спорту. Ішоў 1994 год, на Чэмпіянаце Сьвету па футболе, які адбываўся ў ЗША, абаронца зборнай Калюмбіі няўдала сутыкнуўся з мячом. Праз некалькі дзён ён быў застрэлены.

Верагодны забойца футбаліста

Верагодны забойца футбаліста

Футбаліст у Калюмбіі – больш чым футбаліст

Андрэс Эскабар нарадзіўся ў 1967 годзе ў калюмбійскім горадзе Мэдэльін. За свае паводзіны на футбольным полі і па-за яго межамі да Андрэса прывязалася мянушка «Джэнтльмэн футбола» альбо інакш — «Рыцар футбола». Ён быў самаадданы, сьціплы і шчыры.

Канец 1980-х і пачатак 1990-х гадоў сталі залатой эрай для калюмбійскага футбола. Падсілкоўваючыся мноствам таленавітых гульцоў, Калюмбія вырасла ў грозную сілу на міжнароднай арэне. Андрэс Эскабар быў адным з лідэраў гэтага футбольнага адраджэньня. Пад кіраўніцтвам трэнера Франсіска Матураны нацыянальная каманда Калюмбіі грала ў прыгожым атакуючым стылі, які прывабліваў гледачоў па ўсім сьвеце.

Асоба галоўнага трэнера зборнай была таксама вырашальнай у лёсе і больш за тое – жыцьці футбаліста Андрэса Эскабара. Незадоўга да калюмбійскага прарыву на ўзроўні зборных, у 1989 годзе калюмбійскі клюб упершыню выйграў Кубак Лібэртадорэс (паўднёваамэрыканскі аналяг эўрапейскай Лігі Чэмпіёнаў). Гэтым клюбам быў «Насьёналь» з Мэдэльіна. У фінальнай сэрыі пэнальці Андрэс Эскабар рэалізаваў першы ўдар, што ў выніку прынесла трафей у Калюмбію. Ён стаў суперзоркай.

Але гэты досыць нечаканы прарыў раней сьціплай футбольнай дзяржавы быў не з пустога месца. У той час усе збольшага ведалі, хто стаіць за посьпехамі.

«Уліваньне грошай, заробленых на продажы наркотыкаў, дазволіла нам падпісваць выдатных замежных гульцоў і ўтрымліваць лепшых з нашых. Нашыя паводзіны не зьмяніліся, мы проста сталі плаціць больш. У выніку ўзровень нашага футбола рэзка ўзьляцеў», – прызнаваўся пазьней у дакумэнтальным фільме Франсіска Матурана, трэнер таго «Насьёналя» і зборнай Калюмбіі на Чэмпіянаце Сьвету 1994 года.

Андрэс Эскабар

Андрэс Эскабар

«Раней калюмбійскі футбол проста не існаваў – і тут раптам кожны даведаўся пра нас. Мы раслі занадта хутка, і вакол закрадаліся падазрэньні: «Як жа яны робяць гэта?» Людзі бачылі нашу сітуацыю, яны дзяліліся меркаваньнямі, але не маглі даказаць гэтага: «Пабла Эскабар падтрымлівае «Насьёналь».

Гэта было ўзьлётам і трагедыяй калюмбійскага футболу: адзін з самых знакамітых наркабаронаў у гісторыі праз спорт, і перадусім футбол адмываў брудныя наркагрошы.

Трыюмфальны і трагічны год

Вяршыняй гэтага перыяду росквіту і стаў выхад зборнай Калюмбіі на чэмпіянат сьвету па футболе 1994 года ў ЗША. Чаканьні былі завоблачнымі. Каманда разграміла Аргентыну зь лікам 5-0 у Буэнас-Айрэсе падчас адборачнага турніру. Гэты вынік выклікаў шок у футбольным сьвеце, а Пеле нават паставіў на Калюмбію ў якасьці фаварытаў чэмпіянату сьвету.

Калі пачаўся турнір, Калюмбія апынулася ў групе А разам з гаспадарамі ЗША, Швайцарыяй і Румыніяй. Аднак мары нацыі хутка пераўтварыліся ў начны кашмар. Выступ Калюмбіі пачаўся катастрафічна з паразы ад Румыніі. Ціск на каманду, і без таго велізарны, цяпер стаў невыносным.

Перад наступнай гульнёй на агульнай сустрэчы ўсе маўчалі. Увайшоў галоўны трэнер Матурана – і ён плакаў. Трэнеру данеслі галоўнае патрабаваньне калюмбійскай мафіі – вывад паўабаронцы Габрыэля Гомэса са складу. Інакш усіх заб’юць.

«Гомэс быў адным з ключавых гульцоў, але я не мог рызыкаваць чужымі жыцьцямі. Я прыбраў Гомэса», — пазьней распавядаў Матурана.

І вось надыйшло 22 чэрвеня 1994 года. Калюмбіі ў вырашальным матчы супраць Злучаных Штатаў патрэбна была перамога, каб застацца ў барацьбе. Гульня была роўнай да 35-й хвіліны, калі здарылася катастрофа. Спрабуючы перахапіць навес футбаліста зборнай ЗША Джона Харкса, Эскабар неасьцярожна перавёў мяч ва ўласныя брамы. Калюмбія прайграла матч з лікам 2-1, і датэрмінова вылецела з турніру.

Эскабар забівае ў свае брамы

Эскабар забівае ў свае брамы

Як сцьвярджаюць, сястра Андрэса Эскабара Марыя глядзела матч у іх родным горадзе – Мэдэльіне, і ў момант аўтагола да яе павярнуўся 9-гадовы сын са словамі: "Мамачка, яны заб'юць Андрэса". Жанчына адказала: 

«Не, дарагі, людзей не забіваюць за памылкі. У Калюмбіі ўсе любяць Андрэса».

Насамрэч футбалістам вельмі настойліва рэкамендавалі не вяртацца пэўны час у свае дамы, бо на Радзіме наркакартэлі лютавалі. Праз такі раньні вылет зборнай былі страчаныя мільярды на стаўках. Да таго ж, за некалькі месяцаў да гэтых падзеяў у Калюмбіі быў застрэлены галоўны наркабарон Пабла Эскабар, а ягоная сьмерць узварушыла ўсю мафію, бо толькі ён умеў стрымліваць шматлікія кланы і крымінальныя суполкі. Краіна жыла на бочцы, якая вось-вось мусіла выбухнуць.

Глядзіце таксама

Калі Андрэс Эскабар вярнуўся ў Калюмбію, ён выступіў у буйной газэце з Багаты El Tiempo. У тэксце былі такія словы:

«Жыцьцё на гэтым не заканчваецца. Жыцьцё і не магло скончыцца на гэтым. Мы мусім ісьці далей. Не мае значэньня, наколькі нам цяжка, мы мусім падняцца. У нас ёсьць два шляхі: дазволіць гневу паралізаваць нас, і тады гвалт працягнецца; ці ж мы пераадольваем гэта і аддаем лепшае, каб дапамагчы іншым. Гэта наш выбар. Зусім хутка мы ўбачымся зноў, таму што жыцьцё на гэтым не заканчваецца».

Шэсьць куляў за футбол

2 ліпеня 1994 года, усяго праз дзесяць дзён пасьля аўтагола, жыцьцё Андрэса Эскабара было жорстка абарванае. У бары ў Мэдэліньі ён сутыкнуўся з групай мужчынаў, якія высьмейвалі яго ўчынак на турніры. Андрэс спрабаваў давесьці пра выпадковасьць таго моманту, але тыя не зьбіраліся спыняцца.

Праз пэўны час на паркоўцы ля бара, у момант, калі Эскабар сеў за стырно сваёй машыны, раздаліся шэсьць стрэлаў. Той, хто страляў, пасьля кожнага зь іх выкрыкваў адно слова: «Гол».

Мужчынамі ў бары, як пазьней выявілася, былі не простыя калюмбійцы – гэта былі браты Галон, гандляры наркотыкамі, якія раней пакінулі мясцовы картэль дзеля самастойнай працы. Хто страляў? Асудзілі не братоў, але іх целаахоўніка, які нібыта і зьдзейсьніў забойства. Яму прысудзілі 43 гады, у 2005 годзе Ўмбэрта Муньез выйшаў на волю за добрыя паводзіны.

Браты Галон

Браты Галон

Шырока вядомыя словы былога кілера, які ведаў гісторыю знутры, што браты Галоны патрацілі каля трох мільёнаў даляраў дзеля таго, каб абвінавачваньне закруцілася вакол іх вернага супрацоўніка.

Так ці інакш – Андрэс Эскабар быў забіты бандай (альбо найбольш верагодна самімі братамі Галон).

У тым ужо далёкім 1994 годзе ў рэйтынгу камандаў сьвету FIFA зборная Калюмбіі была аж на 4 месцы. А сам Эскабар мусіў пасьля чэмпіянату пакінуць сваю краіну і пачаць сэзон за італьянскі Мілан.

Апошні шлях Андрэса Эскабара 

Апошні шлях Андрэса Эскабара