На коне сотні мільёнаў. Футбольны Еўра — гэта не толькі пра спорт, але і пра вялікія грошы

Турнір дакладна ўзбагаціць гульцоў на мільёны еўра. УЕФА можа сабе гэта дазволіць, бо з’яўляецца вялікай фінансавай імперыяй.

Зборная Грузіі. Фота uefa.com

Зборная Грузіі. Фота uefa.com

У суботу, 29 чэрвеня, на чэмпіянаце Еўропы па футболе пачнецца стадыя плэй-оф. 16 зборных пачнуць гуляць на вылет: хто прайграў, той выбывае і едзе дадому. Гэта самая відовішчная фаза турніру, сачыць за якой будуць сотні мільёнаў людзей ва ўсім свеце.

І пакуль не прагучаў яшчэ стартавы свісток матч Швейцарыя — Італія, самы час занурыцца ў лічбы і нагадаць пра астранамічныя заробкі футбалістаў на ЧЕ-2024. Так, яны змагаюцца не толькі за медалі, але і за грошы.

Чэмпіён атрымае больш за 26 млн еўра

Бухгалтэрыя Еўра цалкам празрыстая і была вядомая задоўга да пачатку турніра. Агульны прызавы фонд складае 331 млн еўра (усе наступныя сумы агучым таксама ў гэтай валюце). У параўнанні з мінулым ЧЕ, якія прайшоў тры гады таму, лічбы засталіся нязменнымі.

Большая частка фонду была размеркаваная яшчэ да пачатку гульняў у Германіі. Толькі за ўдзел у Еўра кожная з 24 зборных атрымае па 9,25 млн. Гэта можна лічыць узнагародай за паспяховы адбор на чэмпіянат у матчах кваліфікацыі.

Далей ідуць прэміяльныя на групавой стадыі. За перамогу тут плацяць 1 млн, за нічыю — 500 тыс. Нескладана падлічыць, што, напрыклад, гаспадары Еўра немцы зарабілі «ў групе» 2,5 млн — дзве перамогі і нічыя. Згадаем тут гол Нікаласа Фюлькруга, які зраўняў лік на 92-й хвіліне ў двубоі са швейцарцамі, і прыходзім да слушнай высновы: той трапны ўдар каштаваў ажно паўмільёна еўра.

Глядзіце таксама

Пачынаючы з плэй-оф расцэнкі павялічваюцца.

Толькі сам выхад у 1/8 фінала прынёс камандам па 1,5 млн, далей аплата — выключна здзельная. Выхад у чвэрцьфінал узбагаціць кожную зборную на 2,5 млн, у паўфінал — на 4 млн.

Фіналістам дастануцца 13 млн, якія яны разыграюць у вырашальным матчы 14 ліпеня на Алімпійскім стадыёне ў Берліне. Пераможца атрымае не толькі тытул чэмпіёна Еўропы, але і дадатковыя 8 млн. Каманда, якая прайграе, задаволіцца «сціплымі» 5 млн.

Калі ўсё падсумаваць, карціна стане яшчэ больш прывабнай. Пакуль што ні аднаго еўрацэнта на ЧЕ не страціла толькі адна зборная — Іспаніі, якая ў групавым раўндзе атрымала тры перамогі. Дык вось, калі пірэнейцы стануць чэмпіёнамі, то заробяць агулам 28,25 млн. Іншым у выпадку трыумфу дастанецца крыху менш — але дакладна болей за 26 млн. Як кажуць, ёсць за што змагацца.

Для параўнання нагадаем, што чэмпіянат свет больш шчодры для футбалістаў. Зборная Аргенціны, што на чале з Леа Месі выйграла золата ў 2022, паклала ў кішэню 42 млн долараў.

Хто аплочвае банкет?

Галоўнае футбольнае казначэйства ў свеце — Міжнародная федэрацыя футбола (ФІФА). У Еўропе — яе структурная адзінка Саюз еўрапейскіх футбольных асацыяцый (УЕФА).

Чальцамі УЕФА з’яўляюцца нацыянальныя федэрацыі еўрапейскіх краін.

Юрыдычна гэта недзяржаўная арганізацыя, але па сутнасці — вельмі паспяховы бізнес-праект.

УЕФА мае офіс у швейцарскім Ньёне (ФІФА — у Цюрыху) і цудоўна манетызуе самую папулярную ў свеце гульню. Аўдыторыя футбола складае мільярды чалавек ва ўсім свеце, гэта гіганцкі рэкламны рынак, які прыносіць велізарныя грошы.

Галоўнае, што УЕФА з’яўляецца праваўладальнікам на трансляцыі футбольных матчаў. Тэлеканалы гатовыя плаціць за паказ гульняў вялікія сумы, якія потым якраз на рэкламе і «адбіваюць».

Бягучы чэмпіянат Еўропы (як і мінулыя) паказвае тэлебачанне па ўсім свеце — адпаведныя правы набылі тэлекампаніі амаль усіх краін. Выключэнні цалкам недарэчныя кшталту Паўночнай Карэі. І нават лукашэнкаўская Беларусь праўдамі і няпраўдамі атрымала «сігнал», памяняўшы ў якасці брокастэра падсанкцыйную БДТРК на такое ж прапагандысцкае СТБ, якое чамусьці дагэтуль не трапіла пад абмежаванні.

Мэтавай аўдыторыяй чэмпіянату УЕФА лічыць пяць мільярдаў чалавек.

Раней паведамлялася, што арганізацыя разлічвае атрымаць рэкордны даход ад Еўра-2024. Паводле разлікаў, продаж тэлеправоў, квіткоў, адлічэнні афіцыйных спонсараў мусяць прынесці УЕФА каля 2,4 млрд еўра. Пры гэтым расходная частка ЧЕ складае «ўсяго» 645 млн. Што называецца, адчуйце розніцу.

Канешне, яе хопіць і на прызавыя гульцам і камандам — галоўным стваральнікам шоў.

Іншыя крыніцы фінансавання

У асобных выпадках за поспехі футбалістаў таксама заахвочваюць на радзіме. Ці нейкія спонсары, ці наўпрост дзяржава, хаця ўвогуле цяпер гэта бывае нячаста.

У кантэксце Еўра тут адразу ўспамінаецца зборная Грузіі — галоўная сенсацыя чэмпіянату. Каманда гэтай каўказскай краіны сёлета дэбютавала на кантынентальным форуме і адразу зрабіла фурор — перамагла партугальцаў з Крышціяну Раналду і крочыла ў плей-оф.

Футбалісты ў Грузіі цяпер — нацыянальныя героі. Без перабольшвання ўся краіна чакае іх матчу з іспанцамі 30 чэрвеня. Але не толькі дзеля славы выходзяць на поле гэтыя гарачыя хлопцы. Акрамя бонусаў УЕФА, ім абяцаныя вялікія грошы і ў родным Тбілісі.

Яшчэ напярэдадні турніру алігарх Бідзіна Іванішвілі заявіў, што яго дабрачынны фонд выдзеліць зборнай 30 млн лары (каля 10 млн еўра) у выпадку выхаду ў плей-оф. Каманда гэтую задачу вырашыла, і прэм’ер-міністр Іраклій Кабахідзэ нядаўна паведаміў журналістам, што грошы нават ужо пералічаныя ад спецыяльны рахунак.

Але і гэта яшчэ не ўсё. За кожную наступную перамогу на Еўра грузінскім гульцам будзе выплачана такая ж сума. Добры стымул для зборная змагацца з іспанцамі за чвэрцьфінал.

Наогул водар у гэтай гісторыі спецыфічны. Ёсць меркаванне, што Іванішвілі — заснавальнік правячай палітычная партыі «Грузінская мара» і фактычна кіраўнік краіны — такім чынам проста купляе лаяльнасць футбалістаў. Шмат хто з іх крытычна выказваўся наконт вядомага прарасійскага «закона аб замежных агентах». Паводле чутак, на некаторых праз гэта ўлады аказвалі ціск.

Глядзіце таксама

І вось цяпер сваёй шчодрасцю Іванішвілі нібыта залагоджвае футбалістаў, якія пасля выхаду ў плэй-оф з’яўляюцца ў грамадстве надзвычай уплывовымі людзьмі.

Сэнс у гэтым ёсць — у кастрычніку Грузію чакаюць парламенцкія выбары, якія правячая партыя вельмі баіцца прайграць. А рызыка існуе: «Грузінская мара» ўсё больш выразна абірае прарасійскі курс і наўпрост на вачах разрубае перспектыву ўступлення краіны ў ЕС.

Нават простае маўчанне гульцоў падчас электаральнай кампаніі будзе істотным здабыткам улады і паспрыяе падаўжэнню яе паўнамоцтваў. Зрэшты, да выбараў яшчэ амаль чатыры месяцы, і ўсю ўвагу жыхароў Грузіі зараз займае футбол.