Забойства былога лётчыка Кузьмінава, які перагнаў ва Украіну верталёт, аплацілі расійскія чыноўнікі з Вены

Кілерам, што забілі ў лютым 2024 года ў Іспаніі расійскага лётчыка-перабежчыка Максіма Кузьмінава, які перагнаў ва Украіну вайсковы верталёт, заплацілі расійскія чыноўнікі, якія працуюць у Вене, піша The Wall Street Journal са спасылкай на крыніцы ў заходніх спецслужбах.

Максім Кузьмінаў

Максім Кузьмінаў

Перадача грошай забойцам Кузьмінава расійскімі чыноўнікамі, адзначае газета WSJ, — адзін з прыкладаў ператварэння Аўстрыі ў цэнтр для планавання аперацый расійскіх спецслужбаў у Еўропе.

Раней такіх «прадстаўніцтваў» у еўрапейскіх краінах было больш, удакладняюць журналісты, але пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну з іх сталі высылаць расійскіх дыпламатаў, якія займаліся шпіянажам пад прыкрыццём дыпламатычнага статусу, піша The Insider.

Паводле слоў суразмоўцаў The Wall Street Journal у спецслужбах ЗША і Еўропы, у тым ліку і Аўстрыі, цяпер гэтая краіна служыць «фінансавым» цэнтрам і матэрыяльна-тэхнічным хабам, праз які Расія здзяйсняе дыверсіі і забойствы апанентаў Крамля.

Таксама менавіта ў Аўстрыі расійскія спецслужбы, як адзначаюць крыніцы выдання, вярбуюць агентаў для працы ў еўрапейскіх краінах, вядуць прамысловы шпіянаж і праводзяць аперацыі па аказанні ўплыву.

Раней The Insider паведамляў, што Вярхоўны суд Вены вызваліў з-пад варты былога афіцэра службы дзяржаўнай бяспекі Аўстрыі Эгіста Ота, які падазраецца ў шпіянажы на карысць Расіі. 

Ота абвінавачваецца ў тым, што прадаў даныя, вынятыя з смартфонаў трох высокапастаўленых аўстрыйскіх чыноўнікаў, якія былі выкрадзеныя ў іх падчас рамонту. 

Гэтыя звесткі затым апынуліся ў ФСБ Расіі. Паводле ордэра на арышт, які вывучыла агенцтва AFP, Ота таксама абвінавачваюць у перадачы ноўтбука з канфідэнцыйнымі звесткамі. 

Глядзіце таксама

Акрамя таго, яму інкрымінуюць сачэнне за крытыкамі расійскіх уладаў, у тым ліку за журналістам-даследчыкам Хрыста Грозевым. У 2023 годзе таму давялося з'ехаць з Вены, у якой ён пражыў 20 гадоў.

Публіцыст Аляксандр Няўзораў у сваім тэлеграм-канале патлумачыў, чаму Вена стала “цэнтрам расійскай агентуры ў Еўропе»:

— Памятаеце ў Іспаніі забілі лётчыка Кузьмінава? 

Заходнія спецслужбы высветлілі, што грошы за забойства кілерам перадавалі расійскія спецслужбы ў Вене.

Аўстрыя — цэнтр расійскай агентуры ў Еўропе. Менавіта праз яе ідзе фінансаванне забойстваў, дыверсій і сабатажу ў ЕС. Праз яе ж вярбуюцца сотні, калі не тысячы агентаў, вядзецца прамысловы шпіянаж і ажыццяўляюцца аперацыі па аказанні ўплыву. 

За апошнія два гады колькасць расійскіх дзяржслужачых у Аўстрыі павялічылася да 500. Хто не ведае, дыпламаты маюць магчымасць правозіць багаж без надгляду на межах. Яны могуць перавозіць наркотыкі, зброю і фальшывыя дакументы без усялякай рызыкі і перашкод.

Адна з прычын, па якой Аўстрыя ператвараецца ў хаб для спецслужбаў (не толькі расійскіх), крыецца ў заканадаўстве краіны. Шпіёнская дзейнасць з'яўляецца законнай у Аўстрыі, калі не накіравана супраць самой краіны. 

Грошы на фінансаванне аперацый расійскіх спецслужбаў за мяжой дастаўляюцца ў Еўропу на машынах праз краіны, у якімі ў Расіі ёсць сухапутная мяжа, напрыклад Літву, сказаў супрацоўнік аўстрыйскіх праваахоўных органаў. Далей расійскія дыпламаты, якія базуюцца ў Аўстрыі, перапраўляюць сродкі далей па Еўропе, нярэдка з дапамогай дыпламатычнай пошты, якую паліцыя не можа правяраць.