Пратэст на мяккіх лапах

Беларускі футбол далікатна не згаджаецца з генеральная лініяй, але федэрацыя спрабуе забараніць нават жэст V.

"Крумкачы"

"Крумкачы"

Сёння ўвечары брэсцкае «Дынама» працягне ўдзел у кваліфікацыйнай кампаніі Лігі чэмпіёнаў. Пасля пераканаўчай перамогі над казахстанскай «Астаной» з буйным лікам 6:3 беларускую каманду чакае спатканне с баснійскім «Сараева». Гульня пройдзе на стадыёне «Брэсцкі» і пачнецца ў 21.00. Гледачоў на трыбуны пускаць не будуць — такая цяпер палітыка УЕФА, абумоўленая пандэміяй каронавірусу. У суверэнным жа беларускім футболе свая палітыка — з акцэнтам на гучныя палітычныя працэсы, якія не сціхаюць нават праз два тыдні пасля прэзідэнцкіх выбараў.
Даўно заўважана: у той час, як многія беларускія спартоўцы адкрыта дэманструюць нязгоду з апошнімі падзеямі ў краіне і нават звярнуліся да грамадскасці з вядомым адкрытым лістом, футбалісты збольшага хаваюцца ў бульбу. Іх амаль няма сярод падпісантаў, яны млява вядуць сябе ў сацсетках і практычна не афішуюць сваіх палітычных поглядаў.
Але трэнды такая справа, на якую не так лёгка заплюшчыць вочы. Тым больш, калі перад гэтымі вачыма прыклад нападаючага Іллі Шкурына, які адмовіўся гуляць за зборную, пакуль у краіне не зменіцца ўлада. Сяк-так на брутальную сёняшнюю рычаіснасць гульцы пачынаюць рэагаваць. Выбраўшы для таго даволі бяскрыўдную, але дзейную мову элементарнага выяўленчага мастацтва.
Гэта свайго кшталту маўклівы пратэст: пасля забітага гола футбалісты дэманструюць у тэлекамеры жэст з двух пальцаў. V — гэта значыць, вікторыя. Гэты знак актыўна распаўсюдзіўся ў Беларусі падчас выбарчай кампаніі Святланы Ціханоўскай і пры падтрымцы яе аб’яднанага штаба. Ён стаў сімвалам перамен і аптымізму пратэстнага электарату.
Флэшмоб распачаў нападаючы мінскага «Дынама» Яўген Шыкаўка. У мінулую пятніцу, забіўшы пераможны гол у браму «Слуцка», ён адрасаваў знешняму свету сваю вікторыю «V». Ці задумваў ён гэта загадзя, ці тое было экспромтам, невядома. Галоўнае, што ідэю падхапілі.
Яшчэ далей пайшоў Мікалай Януш — форвард «Іслачы» і па супадзенні зямляк Ціханоўскай (ён таксама родам з Мікашэвічаў). У тую ж пятніцу ён двойчы забіў у браму салігорскага «Шахцёра») і абодва галы адсвяткаваў красамоўна, што заўважылі ўсе. Больш за тое: адной далонню Януш сканструяваў «V», а другую сціснуў у кулак. Атрымалася амаль агітацыйная візуалізацыя на карысць аб’яднанага кандыдата.

Мікалай Януш

Мікалай Януш

На наступны дзень на палітычный глебе адзначыліся адразу два гульцы брэсцкага «Руха». Каманда — дэбютант вышэйшай лігі — дала рады «Гарадзеі», і два галы запісалі на свой рахунак Алег Нікіфарэнка і Усевалад Садоўскі. Што аб’яднала іх у гэты вечар, вы, напэўна, ужо здагадаліся. Так, яны ўзялі прыклад з Януша і дублявалі яго перформанс.
У нядзелю ідэялагічна няправільная жэстыкуляцыя працягнула крочыць па футбольных палях Беларусі. Спачатку кулаком і знакам «віктары» свой гол у вароты мазырскай «Славіі» суправадзіў гулец «Віцебска» Сяргей Волкаў. А затым у інфармацыйную прастору ўварваўся вінгер БАТЭ і нацыянальная зборнай Павел Няхайчык. У цэнтральным матчы 22-га тура ён забіў «Нёману» (барысаўчане выйгралі з лікам 2:0) наўпрост з вуглавога. І гэткім чынам прыцягнуўшы да сябе ўвагу, радасна падняў ўгору дзве рукі з жэстам «V». У дадатак да таго матч у Гродне паўабаронца адгуляў з белым бранзалетам на запясці.
Зразумела, што пакінуць па-за ўвагай такую нахабную дыверсію федэрацыя футбола не змагла. Не той цяпер час, каб дазваляць каму заўгодна дэстабілізаваць сітуацыю і разгойдваць лодку. Тым больш, што і ў першай лізе знайшліся свае адшчапенцы. Сталічныя «Крумкачы» на матч супраць светлагорскага «Хіміка» выйшлі ў футболках з напісам «Мы з народам. Футбол для гледачоў».
Так, не забываем, што чэмпіянат краіны зараз праводзіцца пасярод нашай стабільнасці на абсалютна пустых стадыёнах. У манастырскай цішы, таму што гледачоў на трыбуны проста не пускаюць. Тлумачыцца гэта таямнічымі «форс-мажорнымі» абставінамі. Хаця і дурню даўно ясна, што такім нязграбным чынам футбольныя чыноўнікі дбаюць аб кан’юнктуры і пазбягаюць страшэнных з’яў. Бо, барані Бог, які-небудзь фанацкі сектар пачне скандаваць шкодны слоган «Жыве Беларусь», ці нешта іншае, чаго быць не павінна.
Карацей, адклаўшы ў бок другасныя справы (у тым ліку пытанні падрыхтоўкі нацыянальнай зборнай да старту ў Лізе нацый), Дом футбола напружыў інтэллект і адрэагаваў на ідэалагічную вольніцу сваіх падначаленых. Так нарадзіўся ліст наступнага зместу:
«Асацыяцыя «Беларуская федэрацыя футбола» звяртае вашу ўвагу, што футбол як алімпійскі від спорту павінен заставацца нейтральным у палітычных, рэлігійных, этнічных, расавых і іншых пытаннях. Міжнародныя футбольныя арганізацыі, такія як ФІФА і УЕФА, трымаюцца гэтага правіла і патрабуюць, каб яго не парушалі іх чальцы.
На матчах пад эгідай БФФ, адбыўшыхся з 21-га па 23-е жніўня, мелі месца выпадкі выкарыстання гульцамі каманд жэстаў, прадметаў адзення, надпісаў на экіпіроўцы, звязаных з адкрытай праявай сваіх палітычных прыхільнасцяў. У дадзеных выпадках футбол выкарыстоўваўся не толькі як сродак для дасягнення спартыўных мэтаў, але і як пляцоўка для палітычнай прапаганды.
Пэўная сімволіка, лозунгі, жэсты, упрыгожванні і прадметы адзення сёння актыўна ўжываюцца дзеля палітычнай рэкламы і ідэнтыфікацыі палітычных поглядаў. Нагадваем вам, што футбольныя матчы і звязаныя з ім цырыманіяльныя мерапрыемствы павінны заставацца свабоднымі ад праявы сваіх палітычных пераваг з боку гульцоў і афіцыйных асоб (трэнераў, суддзяў, інспектараў і інш.)».

pismo_1.jpg


Гэтае пасланне за подпісам генеральнага сакратара Сяргея Жардзецкага было аператыўна накіравана ў клубы. Каб тыя, трэба разумець, неадкладна правялі сярод сваіх футбалістаў выхаваўчую працу. І пазбавілі іх спакусаў і далей ліць ваду на млын сусветнага імперыялізму.
ФІФА і УЕФА сапраўды рэкамендуе сваім суб’ектам па магчымасці дыстанцавацца ад палітыкі. Аднак межы асабліва не акрэслівае, таму ў футболе паўсюль хапае праяў рознага кшталту салідарнасці. А ўжо калі справа пра недапушчальнасць гвалту і іншыя агульначалавечыя каштоўнасці, то Ньён і Цурых гэта нават ухваляе.
Але вядома: у Беларусі — усё палітыка, асабліва, калі ідзе насуперак пануючаму рэжыму. А калі не ідзе… Тады аніякіх праблем. Напрыклад, на пачатку жніўня Беларуская федэрацыя футбола падтрымала Аляксандра Лукашэнку як кандыдата на чарговы прэзідэнцкі тэрмін. БФФ рэпостнула ў сацсетках хэштэг #БеларусьОднаНеОтдадим. І заадно перадрукавала частку паслання кіраўніка дзяржавы да парламента і народа. Жэст атрымаўся нават больш красамоўны, чым «віктары» гульцой перад пустымі трыбунамі. І ніхто не ўспомніў пра дэклараваны палітычны нейтралітэт.
Цяпер цікава, што будзе далей. Ці дастаткова футбалістам аднаго ўладнага вокрыку, каб яны прыгнулі вушы і засяродзіліся на выкананні сваіх непасрэдных абавязкаў. Ці гэтага мала — і яны працягнуць свой маўклівы «віктары»-маніфест, на які толькі і аказаліся здатныя ў гэтыя цяжкія дні.
Фота і скрыны pressball.by