Такі хакей беларусам не трэба?
Вечарам мінскае «Дынама» распачынае чарговы сезон у
Кантынентальнай хакейнай лізе. На фоне паслявыбарных падзей шматлікія
заўзятары адвярнуліся ад «Дынама». Апошнія тыдні дэманізавалі сталічны
клуб у вачах грамадзянскай супольнасці. Чаму так адбылося?
Пад дахам «Мінск-Арэны» «зубры» сустракаліся з фінскім «Ёкерытам».
Іншым разам гэта б выклікала ажыятаж, і прыхільнікі каманды запоўнілі б
15-тысячныя трыбуны, але цяпер усё інакш.
Байкот з патрабаваннямі
16 жніўня. Пасля выбараў прайшоў тыдзень, але сітуацыя ў краіне — складаная і трывожная. Людзі ў шокавым стане, ашалелыя ад бяспрыкладнага гвалту АМАПу і іншых сілавых структур. Сведчанні пра катаванні на Акрэсціна — галоўная тэма ў сацыяльных сетках, тэлеграм-каналах і афлайне. Але сотні тысяч беларусаў, не зважаючы на страх, збіраюцца на самую масавую пратэстную маніфестацыю ў гісторыі Беларусі.
Менавіта ў гэты дзень фанацкая суполка «Дынама» «By Zone» адрасавала кіраўніцтву клуба публічны зварот, у якім дала зарок больш не наведваць матчы «зубраў». Прычыны байкоту заўзятары сфармулявалі вельмі даходліва: «Нам сорамна атаясамліваць сябе з грамадзянамі, якія падтрымліваюць агрэсію сілавікоў і генацыд беларускага народа». І заадно падкрэслілі: «Фальсіфікацыя выбараў, сілавое ўтрыманне ўлады, парушэнні Канстытуцыі і Крымінальнага кодэксу, гвалт у адносінах да мірных людзей з боку праваахоўнікаў — гэта ўсё мы назіраем у апошнія дні на вуліцах, у гарадах нашай краіны, нашай сталіцы».
Байкот фанатаў фактычна бестэрміновы. То-бок да таго часу, пакуль «Дынама» не выканае наступныя патрабаванні. Клуб павінен афіцыйна і галосна: а) «выступіць з асуджэннем рэпрэсій АМАПу на вуліцах, у мясцовых РАУС ды ізалятарах часовага ўтрымання»; б) «прызнаць неабходнасць вызвалення затрыманых мірных дэманстрантаў і палітзняволеных»; в) «назваць мінулыя выбары нелегітымнымі і заклікаць да правядзення новых выбараў з сумленным і празрыстым падлікам галасоў».
Немагчыма ўявіць, што хоць адно з агучаных патрабаванняў
будзе пачутае дынамаўскім менеджментам. Гэтаму прынцыпова супярэчаць паводзіны
клубнага кіраўніцтва — як да 9 жніўня, так і пасля.
«Мінск-Арэна» з Міхалком
Вядома, што хакейнае «Дынама» — праект імя Лукашэнкі. І ў КХЛ каманда гуляе з яго вярхоўнага дабраславення. І спонсары клубу дапамагаюць, бо так хоча дзяржава. І нават стратэгічныя пытанні развіцця, уключаючы кандыдатуры генеральнага дарэктара і галоўнага трэнера, кажуць, узгадняюцца на самым версе.
Гэта ніколі не было сакрэтам, але да пэўнага часу не перашкаджала камандзе і яе заўзятарам жыць у гармоніі. Клуб спрабаваў не звяртаць увагі на палітыку і пазіцыянаваў сябе амаль як нацыянальны культурны феномен. Прагрэсіўны, сучасны, крэатыўны. Вышыванкі, арнаменты, беларуская мова… Усё гэта мела месца на «Мінск-Арэне», а аднойчы, у лютым 2017-га, там нават выступіў Сяргей Міхалок са сваім BRUTTO. Што цікава, знакаміты рокер-карбанарый выканаў тады песню «Наша возьме» — тую самую, якую сёння можна чуць на мінскіх акцыях пратэсту.
Гледачам такі акцэнтаваны маркетынг і такая творчая актыўнасць падабаліся, і яны крочылі на хакей з вялікай ахвотай. Нярэдка рабілі аншлагі, яшчэ часцей стваралі на гульнях цудоўную і цёплую атмасферу, якая спакваля стала візітная карткай хакейнага Мінска. Нават зорныя супернікі «Дынама» з Масквы ды Піцера адзначалі асаблівы шарм на матчах у Беларусі, гаварылі, што гэтая прыгажосць дорыць адчуванне свята і дадае на пляцоўцы сіл.
Асобным гонарам клуба была статыстыка наведвальнасці. Доўгі час «Дынама» заставалася лепшай камандай КХЛ па колькасці заўзятараў на хатніх гульнях, і гэта сведчыла пра высокі ўзровень даверу з боку людзей.
Калі ідылія разбурылася? Складана сказаць — гэта адбывалася паступова. А галоўнай прычынай сталі, бадай, кепскія спартыўныя вынікі «Дынама». І тое, што гэтаму спадарожнічала.
А спадарожнічала — відавочная стагнацыя. Нягледзячы на
гучныя дэкларацыі аб абавязковым выхадзе ў плэй-оф, у апошнія гады «зубры» ў
КХЛ гуляюць зусім бездапаможна. У мінулым сезоне ўвогуле ўваткнуліся ў дно —
сталі самай горшай камандай лігі. Ганебныя няўдачы з буйным лікам, рэдкія перамогі,
рэкордная серыя з 12 паразаў запар, няўцямныя апраўданні трэнераў і
функцыянераў… Усё гэта падмывала падмурак «Дынама», і колькасць гледачоў на
трыбунах пачала прадказальна змяншацца. Антырэкорд адбыўся ў матчы з падольскім
«Віцязем», які сабраў на трыбунах усяго 5372 чалавекі.
Грабоўскі з патрэбай
Дзесьці ў той жа час з асаблівым імпэтам сярод заўзятараў і спецыялістаў загучаў рэфрэн: а яно нам трэба? Навошта Беларусі хакейны клуб-флагман, за які так часта бывае сорамна? На якую халеру выдаткоўваюцца штогод мільёны долараў дзяржаўных сродкаў, запрашаюцца дзясяткі дарагіх легіянераў? Каб бачыць на табло чарговыя лузерскія лічбы? Можа, зборнай з таго «Дынама» ёсць адчувальны плён? То таксама не: зборная два гады таму ганебна вылецела на чэмпіянаце свету ў другі дывізіён, адкуль на наступны сезон з вялікімі намаганнямі выкараскалася і вярнулася ў эліту.
Ужо да гэтых прэзідэнцкіх выбараў «зубры» падышлі з моцна сапсаванай кармай. Ужо тады ў сеціве клуб усё больш паласкалі, згадваючы сярод іншага дзівосныя, хаця і кропкавыя прыклады канфармізму. Так, аднойчы адзін з трэнераў — славуты ў нядаўнім мінулым нападаючы Міхаіл Грабоўскі — кінуў «зуброў» непасрэдна пасярод матчу, бо яго чакалі больш важныя справы. Былы энхаэлавец сарваўся на гульню каманды Лукашэнкі ў аматарскім Калядным турніры.
Зрэшты, з гэтым хакейная публіка яшчэ магла неяк мірыцца.
За чвэрць стагоддзя мы прызвычаіліся да сваёй адмысловай рэчаіснасці, і на яе
сюррэалістычныя эпізадычныя праявы навучыліся заплюшчваць вочы. Пакуль не
прыйшлі прэзідэнцкія выбары–2020, рэзка абвастрыўшыя грамадскі тэмперамент і
маральны нерв. Тут якраз і выявілася, што тое, давыбарнае, «Дынама» было яшчэ
кветачкамі — толькі прадвесцем ягадак, што набухнуць у ліхаманкавым жніўні.
Дзядзькі з прынцыпамі
У выбарах прэзідэнта гульцы «Дынама» прынялі ўдзел 7 жніўня. Датэрмінова, адным гуртом — усё як доктар прапісаў. На сайце клуба далікатна патлумачылі: маўляў, сярод трэніровак і ва ўмовах каронавіруса якраз узнік такі вольны дзень — чаму б не выканаць свой грамадзянскі абавязак?
За каго аддалі галасы «зубры» — пытанне рытарычнае. Пытанне іншае, што той супольны, як у арміі, марш на выбарчы ўчастак хакеісты здзейснілі ў кантэксце брыдкай гісторыі з двума прадстаўнікамі клубнай прэс-службы.
Два Раманы — Стронгін і Шаўцоў — да жніўня, здаецца, не мелі нараканняў да сваёй працы і ў журналісцкім асяродку характарызаваліся выключна станоўча. Як прафесіяналы і адказныя хлопцы. І так сталася, што кіраўніцтва звярнулася да іх з творчым заданнем, ад якога немагчыма адмовіцца. Ці то змайстраваць агітацыйны ролік да дня выбараў, ці то ў патрэбным ракурсе паказаць датэрміновае галасаванне гульцоў… Цяпер тое ўжо не мае значэння. Значна і паказальна, што абодва Раманы палічылі гэтую прапанову для сябе непрымальнай. І не зрабілі тое, чаго ад іх хацелі.
Вынік — традыцыйны для нашай дэмакратычнай долі. Строгін
і Шаўцоў былі вымушаныя звольніцца. Навіна пра гэта падняла магутную
інфармацыйную хвалю, у падтрымку прынцыповых супрацоўнікаў выказалася шмат
людзей. У тым ліку і фанаты «Дынама», якія адрасавалі ім зварот са словамі: «Вельмі
шкада, што ў чарговы раз з клуба сыходзяць годныя людзі. Але спадзяёмся, што
нашы шляхі зноў перасякуцца, калі бура сціхне. Удачы, дзядзькі!»
Баскаў з пляшкай
Галоўны дзядзька ў сённяшнім «Дынама» — гэта генеральны дырэктар Дзмітрый Баскаў. Бадай, менавіта ён — хэдлайнер працэсаў, якія настройваюць грамадскасць супраць хакейнага клуба. З пэўнасцю можна сказаць, што без яго ініцыятывы не адбылося б ні датэрміновага, у адзіным парыве, галасавання гульцоў, ні звальнення працаўнікоў прэс-службы. Але больш за ўсё гендырэктар адзначыўся на ніве нагляднай агітацыі за Лукашэнку ўжо пасля выбараў.
Падчас праўладнай хвалі мітынгаў, куды, па шматлікіх сведчаннях, звозілі бюджэтнікаў, Баскаў быў заўважаны некалькі разоў. Самы яскравы выпадак — знакаміты відэаролік з салону аўтамабіля, што вірусіцца ў інтэрнэце дагэтуль.
На першым плане там кіраўнік клубу, які, седзячы на пярэднім пасажырскім крэсле (добра, што не за стырном), цягне з гарла гарэлку «Прэзідэнт» пад песню «Саня застанецца з намі!». «А, добра!» — і перадае пляшку іншаму прыхільніку «стабільнасці».
Гэты акт узорнай эстэтычнай пошласці Баскаву будуць узгадваць яшчэ доўга. Але гэта, зразумела, не дасць забыцца і на тое, якую фантастычную кар’еру робіць гэты малады яшчэ чалавек у апошнія гады. Некалі пасрэдны варатар экстралігі, лёсавызначальны імпульс ён атрымаў, калі быў прызначаны трэнерам прэзідэнцкай каманды. Прыкладна ў той жа час Баскаў узначаліў і дзіцячую каманду «Грыфоны», за якую гуляў Мікалай Лукашэнка.
Далей — толькі наперад і ўверх. І цяпер гендырэктар «Дынама» паралельна дзе толькі не дбае на карысць моцнай і квітнеючай Беларусі. Ён і чалец выканкама НОК, і ўваходзіць у Раду дырэктараў КХЛ, і ў праўленне «БСБ Банка», і адзін з уладальнікаў брэсцкага акумулятарнага завода… Напрыканцы лета спіс пасадаў падоўжыўся — у дадатак да ўсяго Баскаў узначаліў і Беларускую федэрацыю хакея.
Менавіта ў гэтай якасці, дарэчы, такі рознабакова дасведчаны чалавек на мінулым тыдні браў удзел у цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў Кубка Салея. Справа была ў Гомелі, і там сталічны фронтмэн, здаецца, упершыню адчуў цяперашняе стаўленне да сябе з боку трыбун. Пачуўшы знаёмае прозвішча, гомельскія гледачы загулі-засвісталі ў красамоўнай абструкцыі, якую, зноў жа, потым актыўна рэтранслявалі ў байнэце.
У аўторак Баскаў даваў прэс-канферэнцыю і сярод іншага адзначыў: «Мая грамадзянская пазіцыя адкрытая і публічна агучаная. Не ведаю, як яна можа паўплываць на наведвальнасць матчаў. Але хачу сказаць, што хакей павінен аб’ядноўваць людзей».
Не, Дзмітрый Юр’евіч, такі хакей калі і аб’яднае, то толькі ў салідарнасці пратэсту. Тым больш, што вашы падначаленыя гульцы працягваюць паводзіць сябе так, быццам у краіне нічога не адбываецца. І пакуль яны маўчаць, заўзятары будуць галасаваць нагамі. І зусім не засумуюць, калі «Дынама» зноў ушчэнт праваліць хакейны сезон.