Трыбуны скандзіравалі «Ухадзі!», «Трыбунал!» і «Жыве Беларусь!»

Дабро перамагло. «Крумкачы» навалялі мінскаму «Дынама» ў палітычным матчы на Кубак краіны. Годны ўнёсак у агульную добрую справу ад маленькага, але высакароднага клуба — у той час, як астатнія футбалісты працягваюць маўчаць і баяцца.

Фота Дар'і Буракінай, Tut.by

Фота Дар'і Буракінай, Tut.by


У дзень 1 верасня, калі інфармацыйную павестку захапілі мужныя студэнты, свая хвіліна пратэстнай славы дасталася і футбалістам. А менавіта — сталічнай камандзе “Крумкачы”, якая ўзорна-паказальна адлупцавала мінскае “Дынама” ў гульні 1/16 фінала Кубка Беларусі. Матч набыў статус палітычнага маніфеста ў мінулыя дні — у нядзелю і панядзелак, калі двое “крумкачоў” нечакана апынуліся ў аўтазаку, былі пабітыя, пераначавалі ў “казённым доме” і толькі затым выйшлі на свабоду.

Дабро заўсёды перамагае

Не будзем перабольшваць грамадскую актыўнасць Сяргея Казекі і Паўла Расолькі. У замес падчас нядзельнага марша за чэсныя выбары яны патрапілі выпадкова. Вярталіся з трэніроўкі, выйшлі на праспект Незалежнасці, а там… А там ужо амапаўцы не цырымоніліся: схапілі, кінулі за краты, пачалі звыкла апрацоўваць метадамі фізічнага ўздзеяння. У выніку больш пацярпеў Казека — зламаны трэці пазванок, пашкоджаны ныркі… Ноч ён правёў у лякарні, па меркаваннях медыкаў, у футбол не зможа гуляць каля чатырох тыдняў.
Гэта перадгісторыя, да якой патрэбна дадаць самую драбніцу. Страціўшы праз дзяжурны садызм сілавікоў двух гульцоў, “Крумкачы” напачатку разглядалі варыянт радыкальнага рэагавання — у знак пратэсту ўвогуле не выходзіць у аўторак на поле. Але затым усё ж вырашылі гуляць — і справай даказаць, што дабро ў сенняшняй Беларусі перамагае не толькі на масавых акцыях сумленных грамадзян.
С супернікам, дарэчы, пашанцавала. Мінскае “Дынама” — клуб з каранямі, якія вядуць акурат да МУС. Ды тое гісторыя, аднак і сучаснасць у дынамаўцаў адпаведная. Зараз каманда існуе пад крылом аднаіменнага БФСО, дзе кіруюць людзі ў пагонах — пераважна міліцыянеры. Даўно не сакрэт, што яе апекуе міністр спорту Сяргей Кавальчук — былы супрацоўнік Службы аховы прэзідэнта.
“Крумкачы” на гэтым фоне — родам з народу. Каманду стварыла колькі год таму суполка балельшчыкаў, яна не сілкуецца, як тое ж “Дынама”, ад шчадротаў дзяржавы, а жыве за кошт камерцыйнай актыўнасці. Зразумела, што небагата — але дапамагае энтузіязм і адданасць любімай справе. Дапамае патрыятычная айдэнтыка — беларуская мова ў афіцыйных рэлізах, нацыянальныя матывы ў пазіцыянаванні, і шмат што яшчэ, да чаго дзяржаўныя органы ды тая ж федэрацыя ставяцца насцярожана. Дапамагаюць заўзятары — людзі, таксама арыентаваныя на незалежніцкі лад, якія падарожнічаюць за сваімі хлопцамі па краіне і нідзе не пакідаюць іх без падтрымкі.
Гэтак і сышліся дзве супрацьлегласці. Адна — нібыта флагман з багатай гісторыяй, з велізарнымі амбіцыямі і велічэзнымі заробкамі гульцоў. І другая — энтузіясты-разначынцы, што бегаюць у другім дывізіёне амаль за ідэю і не могуць абараніцца ад міліцэйскага дручка.
Сыйшліся на вуліцы Сурганава — на стадыёне СОК “Алімпійскі”, які разлічаны на 1500 гледачоў і з гэтай нагоды запоўніўся пад завязку. Нават за агароджай стаялі людзі, прагна назіраючы за падзеямі і ловячы атмасферу гульні.

Фота Дар'і Буракінай, Tut.by

Фота Дар'і Буракінай, Tut.by

А атмасфера была шыкоўная…

Дзесьці напрыканцы першага тайма ў адным з сектароў заходняй трыбуны загучаў пісклявы дзіцячы голас: “Ухадзі! Ухадзі!” Падняўся рогат, амапавец у масцы, які кантраляваў “законапаслухмянасць”, ніяк не адрэагаваў.
Рэакцыя сілавых структур была прэвентыўнай. За некалькі часоў да матчу праваахоўнікі папярэдзілі: з нацыянальная сімволікай на футбол прыходзіць не варта. Бо будзе кепска і гульні вы можаце не ўбачыць. У пацверджанне свайго гуманнага настрою АМАП падагнаў да стадыёну пару аўтазакаў.
Людзі зрабілі папраўку на вецер — нічога заўважна бел-чырвона-белага на стадыёне не здарылася. Але ж і вуснамі дзіцяці глаголіць ісціна. Тыя крохкія “Ухадзі!” не засталіся голасам адзіноты.
Спачатку трыбуна пратэставалі на маўклівых амапаўцах знешне бяскрыўдную крычалку “Верым! Можам! Пераможам!” — яе і раней выкарыстоўвалі на футболе. Затым у ход пайшлі больш цяжкія зарады — “Ухадзі!” і “Жыве Беларусь!” І нарэшце, пасля перапынку, гледачы гукнулі палітычную вясну па-сапраўднаму — над “Алімпійскім” паняслося “Трыбунал! Трыбунал!”
Вартавыя “канстытуцыйнага ладу” вухам не павялі. Ці не атрымалі прыказу на хапун. Калі так, то рашэнне разумнае, бо цягнуць святочна настроеных людзей — розных узростаў і палоў, многія прыйшлі з дзецьмі — гэта зашквар нават для неразборлівых у сродках юбеларускіх сілавікоў.

Фота Дар'і Буракінай, Tut.by

Фота Дар'і Буракінай, Tut.by

Салідарнасць гэта не пра “Дынама”

Між тым уздымны настрой вечару надалі самі “Крумкачы”. Яны выйшлі на поле ў майках з беларускамоўнымі надпісамі “Мы супраць гвалту” і “Рассолька, Казека… і іншыя”. А адразу пасля стартавага свістка суддзі не пабеглі на чужыя вароты, а пачалі апладзіравать. Гэта было працягам акцыі супраць міліцэйскай агрэсіі, што ўсе хутка зразумелі. Заўзятары падняліся са сваіх месцаў і падхапілі апладысменты, якія паступова ператварыліся ў авацыі і працягваліся амаль дзве хвіліны.
Гульцы “Дынама”… Не, яны пляскаць у далоні так і не адважыліся — за выключэннем Яўгена Шыкаўкі. На жаль, салідарнасць — гэта сёння пра клуб “Крумкачы”, а не пра беларускі футбол наогул. Не пабеглі дынамаўцы забіваць, пакуль сапернікі працягвалі перформанс у гонар сваіх пацярпелых сяброў, і на тым дзякуй. Як напіша потым вядомая блогерша Ганна Бонд: “Я так разумею, з усіх футбольных клубаў яйкі і характар ёсць толькі ў “Крумкачоў”. Дзякуй!”
“Мы прыйшлі камандай падтрымаць беларускі спорт. Лічым, тое, што зараз адбываецца, вельмі важна. Радасна бачыць тут вялікую колькасць людзей, якія нягледзячы ні на што займаюцца такой справай,” — а гэта ужо словы Марыі Калеснікавай (цытата: tut.by), прадстаўніка штаба Святланы Ціханоўскай. Яна з калегамі таксама прысутнічала на трыбунах, нібыта падкрэсліўшы, што гэты футбол — больш, чым футбол.
Былі на гульні і Сяргей Казека з Паўлам Расолькам. Аднойчы яны вернуцца ў шэрагі каманды, а пакуль назіралі, як іх аднаклубнікі літаральна разбіралі хваленае “Дынама” на запчасткі. У першым тайме забіў Сяргей Лынько, неўзабаве пасля перапынку дадаў Міхаіл Калядка. 2:0 — партыя. “Бела-блакітныя” так і не змаглі нічым адказаць. Здаецца, увогуле не стварылі за 90 хвілін ні аднаго галявога моманту.

Фота Дар'і Буракінай, Tut.by

Фота Дар'і Буракінай, Tut.by

Тры хвіліны, тры працэнты

“Да асноўнага часу гульні дададзена тры хвіліны!” — абвесціў дыктар на самым фінішы. “Тры працэнты!” — падхапілі на галоўнай трыбуне, пакаціўшы зверху ўніз чарговы дасціпны гумар. І пачалі прыспешваць арбітра, які не спяшайся даваць фінальны свісток: “Суддзя з народам!”
Так, было сапраўды весела, лёгка і натхнёна. Сваю сенсацыўную перамогу “Крумкачы” назавуць гістарычнай. А сродкі за рэалізацыю квіткоў перададуць ахвярам міліцэйскага гвалту.
Годны ўнёсак у агульную добрую справу ад маленькага, але высакароднага клуба — у той час, як астатнія футбалісты працягваюць маўчаць і баяцца.