Выкладчык універсітэта культуры пра студэнтаў, якія выйшлі на акцыю: малайцы!

Падчас акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў і жорсткасці сілавікоў, якую зладзілі 1 верасня студэнты мінскіх ВНУ, было затрымана блізу 30 чалавек. Каментуючы ў эфіры Еўрарадыё студэнцкі марш, выкладчык, этнамузыколаг, прадзюсар, фронтмен фолк-гурта «Палац» Алег Хаменка сказаў каротка: «Малайцы!».

chamenka.jpg

«Пакуль мы былі проста народам. Але гэтыя крокі, гэтыя перашкоды, гэтыя трагедыі, якія адбываюцца, — вось яны і нараджаюць сапраўды палітычную нацыю. Гэта вельмі важна. Гэта такі шлях пакутніка, які мы павінны зараз прайсці ўсе. Так, мы баімся, але калі ты не зробіш крок наперад — ты застанешся рабом назаўсёды», — сказаў Хаменка.
Пратэсты пачаліся ў Беларусі ў дзень выбараў, 9 жніўня, як адказ на тое, як была праведзена прэзідэнцкая кампанія. За 9–13 жніўня былі затрыманыя каля 7 тысяч чалавек. Больш за 600 з іх пасля вызвалення накіравалі скаргі ў Следчы камітэт з патрабаваннем прыцягнуць да адказнасці супрацоўнікаў праваахоўных органаў за збіццё, гвалт і знявагу. На сёння ніводнай крымінальнай справы ў дачыненні да міліцыянераў так і не распачата.
Паводле ЦВК, выйграў выбары Аляксандр Лукашэнка, набраўшы 80,1% галасоў.