Венгрыя выступіла за допуск на Алімпіяду ў Парыжы беларусаў і расіян
Міністр замежных спраў і знешнеэканамічных сувязяў Венгрыі Петэр Сіярта заклікаў Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) забяспечыць допуск спартсменаў з усіх краін, у тым ліку Беларусі і Расіі, на Алімпійскія гульні. Гэта прагучала падчас яго візіту ў японскі горад Фукуока, дзе праходзяць Чэмпіянат свету па водных відах спорту і Кангрэс Міжнароднай федэрацыі плавання (World Aquatics).
Паводле яго слоў, Будапешт у прынцыпе выступае супраць якіх-небудзь палітычных забарон або байкотаў, звязаных з Алімпійскімі гульнямі, паколькі палітыка, як ён лічыць, не павінна ўмешвацца ў правядзенне спартыўных спаборніцтваў, перадае ТАСС са спасылкай на тэлеканал «М4».
Сіярта паведаміў, што абмеркаваў падрыхтоўку да летняй Алімпіяды-2024 у Парыжы з першым віцэ-прэзідэнтам МАК Сер Міанам.
«Міжнародны алімпійскі камітэт працуе над тым, каб спартсмены з усіх краін, уключаючы Расію і Беларусь, маглі прыняць удзел у Алімпіядзе. Мы падтрымліваем гэтае імкненне, таму што спартсмены не павінны прайграваць у выніку рашэнняў з вобласці геапалітыкі. Яны не павінны несці адказнасць за вайну ва Украіне. Спартоўцы не ўваходзяць у лік тых, хто прымаў рашэнне аб гэтай вайне, таму няма ніякіх падстаў пазбаўляць іх магчымасці выступаць», — заявіў Сіярта.
«Спартоўцаў, якія не маюць ніякага дачынення да вайны і палітычнай сітуацыі ў свеце, нельга пазбаўляць магчымасці сумленна спаборнічаць на будучых летніх Алімпійскіх гульнях», — дадаў ён.
Ён заявіў, што ў свой час венгерскія спартсмены пацярпелі, калі ў 1984 годзе краіны сацлагера ўслед за СССР вырашылі байкатаваць летнія Алімпійскія гульні ў Лос-Анджэлесе. Для многіх з іх гэта быў адзіны шанец у жыцці трапіць на такія спаборніцтвы, і пасля гэтага яны ўжо не змаглі прыняць удзелу ў Алімпіядзе, адзначыў ён.
Нагадаем, Міжнародны алімпійскі камітэт рэкамендаваў спартовым федэрацыям дапускаць да спаборніцтваў беларускіх або расійскіх спартоўцаў у нейтральным статусе. Да спаборніцтваў не рэкамендуецца дапускаць спартсменаў, якія падтрымліваюць вайну або маюць кантракты з расійскімі або беларускімі ваеннымі ведамствамі або спецслужбамі.