10 фактаў пра Туркменістан і выбары прэзідэнта

У Туркменістане няма апазіцыі (яе выкаранілі цалкам), няма свабодных СМІ, няма незалежнай сацыялогіі. 

27653a9f_6aa8_475a_981e_34edce7bae68_cx0_cy0_cw90_w1023_r1_s.jpg


У Туркменістане, адной з найбольш закрытых краінаў свету адбыліся прэзідэнцкія выбары. Паводле ЦВК дзейны кіраўнік краіны Гурбангулы Бердымухамедаў набраў амаль 98 працэнтаў галасоў выбарнікаў у ходзе галасавання. Разам з дырэктарам туркменскай службы “Радыё Свабодыа” (Радыё Азатлык) Фарухам Юсупавым мы сабралі 10 найбольш цікавых фактаў пра Туркменістан і выбары прэзідэнта ў гэтай краіне.

Старшыня ЦВК без імені

 У Туркменістане няма апазіцыі (яе выкаранілі цалкам), няма свабодных СМІ, няма незалежнай сацыялогіі. Адметна, што ў паведамленнях туркменскіх інфармацыйных агенцтваў не называецца імя старшыні Цэнтральнай выбарчай камісіі. «Ёсць старшыня, ён мае імя, але ў афіцыйных зводках яго імені няма. Такая практыка ў Туркменістане — не называць афіцыйных асобаў, каб паказаць, што ёсць толькі адзін чалавек — прэзідэнт краіны», — тлумачыць Фарух Юсупаў.

Выбарчыя бюлетэні запаўнялі школьнікі

 Незалежных назіральнікаў на прэзідэнцкіх выбарах не было. У Ашхабаце былі назіральнікі ад СНД і Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва, якія заўсёды кажуць пра адсутнасць парушэнняў. І нават гэтыя назіральнікі не даюць ніякіх лічбаў пра выбары. Сусветныя агенцтвы звярталіся ў туркменскую рэдакцыю “Свабоды” па інфармацыю.

Карэспандэнты “Азатлык”, якія наведалі некалькі ўчасткаў у Ашхабаце, казалі пра нізкую яўку і актыўнасць: паводле іх, за некалькі гадзінаў прагаласавала толькі некалькі дзясяткаў чалавек. На адным участку за два дні да выбараў вучням сярэдніх класаў далі заданне паставіць птушкі ў бюлетэнях насупраць імені дзейнага прэзідэнта, каб потым іх укінулі за тых, хто не прыйдзе галасаваць. Гэта распавёў “Свабодзе” чалавек, задзейнічаны ў арганізацыі выбараў у школе.

Няма дадзеных пра колькасць жыхароў Туркменістану

 Колькасць прагаласаваўшых паводле афіцыйных дадзеных — больш за 3 мільёны 100 тысяч чалавек. Але ў Туркменістане няма дадзеных пра колькасць насельніцтва, бо перапіс не праводзілі даўно, і заўсёды называюцца прыблізныя лічбы — каля 5 мільёнаў ці больш за 5 мільёнаў чалавек.

Акрамя Бердымухамедава, у выбарах удзельнічалі яшчэ восем кандыдатаў. Паводле дырэктара туркменскай службы “Свабоды”, сам працэс не адрозніваўся ад папярэдніх выбараў. Гэтым разам у Бердымухамедава было 8 умоўных супернікаў, мінулы раз — 6, да гэтага — 4 супернікі, калі ён абіраўся ўпершыню пасля смерці Сапармурата Ніязава.

Выбары на тле вострага дэфіцыту хлеба, мукі, цукру, алею

 Прэзідэнцкім выбарам папярэднічаў моцны эканамічны крызіс. Людзям месяцамі не выплачваюць заробкі. Існуе востры дэфіцыт хлеба, мукі, цукру, алею. Краіна апынуўся ў цяжкай эканамічнай сітуацыі з прычыны падзення коштаў на энерганосбіты, што з’яўляецца асноўнай часткай даходу ў дзяржаўны бюджэт. Эксперты прадказваюць, што бліжэйшыя некалькі гадоў будуць вельмі цяжкія ў эканамічным плане, і далей невядома, ці палепшыцца сітуацыя. Дзяржбюджэт Туркменістану трымаецца толькі на экспарце энэрганосьбітаў, у асноўным прыроднага газу.

Прыпыненыя пастаўкі туркменскага газу ў Расію і Іран

 За апошнія два гады Туркменістан страціў двух асноўных пакупнікоў прыроднага газу — Расію і Іран. Застаўся толькі Кітай, які купляе 30 мільярдаў кубаметраў у год па вельмі заніжанай цане, паколькі Кітай фінансаваў пракладку газаправоду з Туркменістану праз Узбекістан і Казахстан у Кітай. Былі ўкладзеныя вялікія грошы, і, у адпаведнасці з пагадненнем, была вызначаная нізкая цана для Кітаю, таму цяпер дзяржаўны бюджэт краіны вельмі цярпіць праз гэта, пры тым, што Туркменістан мае чацвёртыя паводле велічыні радовішчы прыроднага газу ў свеце.

 Дэсаветызацыя на тле жорсткіх рэпрэсіяў

Гады знаходжання Туркменістану ў складзе Расейскай імпэрыі і Савецкага Саюзу ў краіне ацэньваюцца вельмі нэгатыўна. У краіне адбылася дэсаветызацыя, але гэта ніяк не паўплывала на жыццё звычайнага туркмена, кажа Фарух Юсупаў. Савецкія назвы замянілі на туркменскія, падчас кіравання першага прэзідэнта Сапармурата Ніязава шмат населеных пунктаў назвалі ягоным імем і імёнамі ягоных родных. Пра сталінскія рэпрэсіі туркменскія ўлады выказваліся вельмі жорстка, у той жа час у туркменскіх турмах знаходзяцца дзясяткі палітзняволеных, пра лёс якіх нічога не вядома. З імі няма ніякай сувязі, родныя даведваюцца пра іх лёс толькі тады, калі іх целы выдаюць пасля смерці. Рэпрэсіі працягваюцца не менш, чым за сталінскім часам, перакананы дырэктар туркменскай службы Свабоды Фарух Юсупаў.

Туркменістан перад складаным выбарам: як праходзяць выбары прэзідэнта ў самай закрытай краіне Цэнтральнай Азіі

 Зняволеныя журналісты

 Двое карэспандэнтаў, якія супрацоўнічалі са “Свабодай”, цяпер знаходзяцца за кратамі. У нядаўняй заяве прэзідэнта "Радыё Свабодная Еўропа / Радыё Свабода”Томаса Кента ўтрымліваецца заклік неадкладна вызваліць журналістаў Сапармамеда Непескуліева і Худайберды Алашова.

 Алашоў, вядомы сваімі крытычным матэрыяламі аб становішчы ў краіне, быў арыштаваны 3 снежня 2016 года паводле абвінавачвання ў захоўванні жавальнага тытуню насвай. Яму пагражае да васьмі гадоў турмы. Карэспандэнт “Радыё Азатлык” Сапармамэд Непескуліеў у верасні 2015 году быў прысуджаны да трох гадоў пазбаўлення волі паводле абвінавачвання ў захоўванні наркотыкаў. Праваабаронцы не раз называлі гэтыя абвінавачванні сфабрыкаванымі па палітычных матывах.

Улады плацяць баевікам за тое, каб не было канфліктаў на мяжы з Аўганістанам

 Грамадзяне Туркменістану не могуць свабодна падарожнічаць. Калі ёсць пашпарт, гэта не гарантуе, што грамадзяніна Туркменістану выпусцяць за межы краіны, сведчыць Фарух Юсупаў. Паводле Індэксу візавых абмежаванняў, Туркменістан з’яўляецца самай закрытай краінай СНД. Гэта першая постсавецкая рэспубліка, якая ўвяла візавы рэжым з усімі краінамі былога СССР, у тым ліку з Расеяй.

Туркменістан у знешняй палітыцы ўсяляк падкрэслівае свой нейтралітэт. Акрамя СНД, АБСЭ і ААН краіна не ўваходзіць ні ў якія міжнародныя арганізацыі, саюзы ці блокі. Адносіны з суседзямі можна назваць нейтральнымі, не прахалоднымі, але і цёплымі, паводле Юсупава, іх не назавеш таксама. Нядаўна ў Туркменабадзе адну вуліцу назвалі ў гонар памерлага прэзідэнта Узбекістану Іслама Карымава. Але эканамічнага і палітычнага супрацоўніцтва з суседзямі амаль няма.

Ёсць праблемы на мяжы з Аўганістанам, некаторыя ўчасткі стала знаходзяцца пад пагрозай нападу баявікоў. І ёсць дадзеныя пра тое, што туркменскія ўлады адкупляюцца, каб захаваць гэтую мяжу некранутай, і таму проста плацяць групоўкам грошы, каб захаваць статус нэўтралітэту.

 Кепскія адносіны з Расіяй

 Туркменская мова — адзіная дзяржаўная ў Туркменістане. Паводле розных звестак, больш за палову насельніцтва Туркменістану расейскай мовы не ведаюць наагул. Уся пісьменнасць у краіне пераведзеная на лацінку.

Год таму «Газпром» адмовіўся ад туркменскага газу, бо бакі не прыйшлі да згоды ў цане на газ. Пасля гэтага адносіны паміж Расеяй і Туркменістанам вельмі сапсаваліся. Летась у лістападзе ў разгар крызісу прэзідэнт Туркменістану сустракаўся з прэзідэнтам Расеі ў Сочы. Афіцыйных заяваў па выніках сустрэчы не было, але неафіцыйных дадзеныя сведчылі пра тое, што Расея паабяцала даць крэдыт 2 мільярды даляраў, але прыйшлі гэтыя грошы ці не, туркменскія ўлады так і не паведамілі, распавядае дырэктар туркменскай службы Свабоды.

Перамены могуць прыйсці са зменай лідэра

 Фарух Юсупаў падкрэслівае, што змена ўлады ў Туркменістане дагэтуль адбывалася толькі з прычыны смерці лідэра. І сёння казаць пра перадумовы, што гэта зменіцца пры цяперашнім прэзідэнце, не выпадае, змены наўрад ці будуць, пакуль гэты лідэр будзе ва ўладзе, перакананы дырэктар туркменскай службы Свабоды.

Гурбангулы Бердымухамедаў упершыню стаў прэзідэнтам Туркменістану ў 2007 годзе. На выбарах у 2012 годзе за яго, паводле афіцыйных дадзеных, прагаласавалі 97 адсоткаў выбаршчыкаў. Тады ў ЦВК краіны гэтак жа заяўлялі пра амаль стоадсоткавую яўку. У верасні 2016 году ў Канстытуцыю Туркменістану былі ўнесеныя змены, якія павялічваюць тэрмін паўнамоцтваў кіраўніка дзяржавы з 5 да 7 гадоў. Тады ж было адмененае ўзроставае абмежаванне для абрання прэзідэнтам.

www.svaboda.org