Абарона спажыўцоў: У РФ хочуць забараніць надпісы на замежных мовах

У Дзярждуму РФ унеслі законапраект, які забараняе выкарыстанне замежных слоў на шыльдах і вітрынах.

_belarus_pryroda_vjoska_dobraj_ranicy_fota_dzmitryj_dzmitryeu_novy_czas__6__logo.jpg

Дэпутаты ад «Адзінай Расіі» ўнеслі ў Дзярждуму законапраект, які абмяжоўвае выкарыстанне замежных слоў у публічнай прасторы, у тым ліку ў рэкламе і СМІ. Адпаведны дакумент апублікаваны на сайце Дзярждумы.

Як гаворыцца ў тлумачальнай запісцы, ініцыятыва накіраваная на «абарону рускай мовы», паколькі дэпутаты занепакоеныя «актыўным выкарыстаннем шыльдаў, надпісаў, размяшчэнне інфармацыі аб акцыях, зніжках і распродажах на замежнай мове».

Згодна з дакументам, дэпутаты хочуць дапоўніць закон «Аб абароне правоў спажыўцоў» артыкулам, які зробіць абавязковым выкарыстанне дзяржаўнай мовы пры размяшчэнні інфармацыі аб прадукце або паслузе ў агульнадаступных месцах. «Такім чынам, павінна стаць немагчымым выкарыстанне на шыльдах і вітрынах такіх надпісаў як, напрыклад, „coffee“, „fresh“, „sale“, „shop“, „open“ і т.п.», — тлумачаць аўтары.

Для фірменных найменняў і таварных знакаў дэпутаты прапануюць зрабіць выключэнне.

Акрамя таго, аўтары законапраекта прапанавалі ўнесці змены ў закон РФ «Аб рэкламе», і дапоўніць яго нормай аб тым, што рэклама павінна абавязкова быць перакладзеная на рускую мову ў «ідэнтычнай па змесце, раўназначнай па размяшчэнні і тэхнічным афармленні» форме.

Акрамя гэтага, прапануецца ўнесці змены ў закон «Аб сродках масавай інфармацыі» — дапоўніць яго нормай аб трансляцыі інфармацыйных праграм у эфіры агульнарасійскіх тэле- і радыёканалаў на рускай мове як дзяржаўнай, што таксама забароніць выкарыстанне замежных слоў, якія маюць сінонімы на рускай мове.

Таксама расійскія дэпутаты прапанавалі ўнесці змены ў Горадабудаўнічы кодэкс РФ, якія забараняюць прысвойваць жылым комплексам і мікрараёнам «назвы на замежных мовах альбо з выкарыстаннем вытворных ад замежных слоў і выразаў».

Акрамя таго, законапраект прадугледжвае ўнясенне змяненняў у закон «Аб дзяржаўнай мове», дзе прапануецца паказаць, што «абарона і падтрымка дзяржаўнай мовы РФ спрыяюць прымнажэнню і ўзаемаўзбагачэнню духоўнай культуры народаў Расіі, захаванню агульнарасійскай грамадзянскай, культурнай і моўнай ідэнтычнасці».

  • У выпадку прыняцця законапраект уступіць у сілу 1 студзеня 2025 года.
  • У лютым 2023 года Уладзімір Пуцін падпісаў закон, які забараняе выкарыстанне замежных слоў, якія маюць рускія сінонімы, у выпадку выкарыстання мовы ў якасці дзяржаўнай.