Абхазы гуляюць! Чым скончыцца супрацьстаянне?
Незвычайныя навіны прыходзілі з будынку ўрада Абхазіі 16 лістапада. У кабінетах і калідорах, якія напярэдадні акупавалі простыя людзі, былі накрыты сталы і адбывалася бурнае застолле.
Дзіўны банкет меў месца з нагоды зрыву планаў пагаднення аб інвестыцыйнай дзейнасці Абхазіі з Расіяй. Дакумент павінны былі прыняць напярэдадні, 15 лістапада. Але ўжо за два-тры дні раней па ўсім краі пачаліся маштабныя акцыі пратэсту. Дзе-нідзе даходзіла да блакіроўкі транспартнага руху.
Справа ў тым, што частка насельніцтва краіны ўпэўнена, што рэалізацыя зместу згаданага дакумента дазволіць расійскаму бізнесу скупіць усю Абхазію. Касцяк прыхільнікаў гэтай версіі, безумоўна, складаюць абхазы, якія кормяцца, абслугоўваючы расійскіх турыстаў. Іх логіка наступная: калі сёння заходзіць расійскі капітал, то заўтра зойдуць буйныя сеткі і гасцінічныя комплексы. А пасля гэтага дробны бізнес апынецца на абочыне. Натуральна, такія настроі тактычна выкарыстала апазіцыя і частка нацыяналістаў.
Аргументы наконт таго, што самаабвешчаная рэспубліка мае вострую патрэбу ў замежных інвестыцыях, а Расія — адзіная крыніца, для шмат каго не працуюць. Многія жыхары Абхазіі мяркуюць, што Расея і так абавязаная рэгіёну з-за пазіцыі Сухумі па вайне з Украінай. Не без санкцыі ўладаў многія абхазы адправіліся ваяваць на расійскім баку ў якасці добраахвотнікаў. Колькасць загінулых падыходзіць да паўсотні, што досыць шмат для рэгіёну, дзе мешкае каля 200 тысяч чалавек.
Так ці інакш, 15 лістапада пратэсты дасягнулі апагею, калі натоўп атачыў урадавы квартал і будынак парламенту. Пад націскам вуліцы ўлады адклікалі дакумент аб ратыфікацыі пагаднення па інвестыцыях. Аднак мітынгоўцы не разышліся. Яны акружылі комплекс урадавых будынкаў і зламаўшы грузавіком плот, поўнасцю захапілі квартал, уключаючы трохпавярховы будынак урада.
Адначасова прэзідэнту Аслану Бжанія праз пасрэднікаў было прапанавана «добраахвотна пайсці ў адстаўку». На гэты час ён пакінуў месца падзей пад прыглядам аховы.
У адказ Аслан папрасіў час на роздум. Цэлы дзень 16 лістапада ён думаў, перыядычна змяняючы рашэнні. Як мінімум два разы Бжанія быў не супраць скласці паўнамоцтвы, каб затым раптам перадумаць. Увечары прэзідэнт зноў заявіў аб гатоўнасці сысці ў адстаўку. Але толькі пасля таго, як апазіцыя вызваліць адміністрацыйны квартал у сталіцы. Зрэшты, магчыма і гэта не апошняе рашэнне.
У прынцыпе, варыянт датэрміновых выбараў дае шанец апазіцыі прыйсці да ўлады. Аднак пытанне, наколькі паслядоўнымі яны будуць у сваіх заявах. Многія адзначаюць, што прадстаўнікі абхазскіх апазіцыйных рухаў усё часцей бяруць на свае акцыі расейскія сцягі. Сэнс у тым, каб падкрэсліць: апазіцыянеры зусім не супраць Расіі, а выступаюць за недапушчэнне аб'яднання расійскіх і абхазскіх алігархаў з мэтай заняволення народа. Пасля прыходу да ўлады апазіцыянеры так ці інакш маюць шукаць кампраміс з расейцамі па пытанню інвестыцый.
Зрэшты, падаецца, у Маскве відавочна не ў захапленні ад застолля ў Сухумі. МЗС Расіі аператыўна рэкамендаваў расійскім грамадзянам устрымацца ад паездак, у тым ліку турыстычных, у Абхазію.
Відавочна, што апошнія падзеі падрываюць аўтарытэт Масквы, якая з самага пачатку курыравала праект абхазскай незалежнасці, разлічваючы, што ў перспектыве суверэнная Абхазія будзе абсалютна падкантрольным суб'ектам.
Пакуль атрымалася не надта. Справа не толькі ў тым, што абхазы рэгулярна стыхійна ладзяць Майданы (раней яны знеслі Аляксандра Анквабу і Рауля Хаджымбу, зараз пад ударам Бжанія). Любы абхазскі пратэст у той ці іншай ступені мае антырасейскі наратыў, паколькі ўсе мясцовыя лідары завязаныя на Маскву. Акрамя таго, расейскі абывацель, назіраючы за рэпартажамі з Абхазіі, якую звычайна лічыць практычна расейскім рэгіёнам, мімаволі канстатуе: пратэсты супраць уладаў могуць быць паспяховымі.