Пратэсты ў Абхазіі: Прэзідэнт Бжанія заявіў пра гатоўнасць сысці ў адстаўку

Прэзідэнт самаабвешчанай рэспублікі Абхазія заявіў пра гатоўнасць сысці з пасады пасля таго, як пратэстоўцы пакінуць комплекс урадавых будынкаў у Сухумі. Пра гэта Аслан Бжанія паведаміў прыхільнікам, якія сабраліся ў яго роднай вёсцы Тамыш. Акрамя таго, Бжанія заявіў, што гатовы вылучыць сваю кандыдатуру для ўдзелу ў новых прэзідэнцкіх выбарах.

Калаж telegraf.com.ua

Калаж telegraf.com.ua

«Законна прызнаны прэзідэнт Абхазія знаходзіцца на тэрыторыі Абхазіі. Сцэнар 2014 года не паўторыцца, — заявіў ён. — Аказваецца каласальны ціск на дэпутатаў парламента з тым, каб парламент прыняў неправавое рашэнне аб адстаўцы прэзідэнта. Гэтае рашэнне, па-першае, не будзе прынята. Па-другое, калі нават яно будзе прынята, яно не будзе выканана. Я не хачу, каб у вас склалася ўражанне, што я трымаюся за ўладу. Не, я хачу сказаць наступнае: калі не будзе канстытуцыйных формаў развіцця, калі мы не будзем выконваць Канстытуцыю, наша дзяржава гэтага не вытрымае. Таму тыя, хто захапіў (будынкі), тыя, хто паспрабаваў завяршыць дзяржаўны пераварот, павінны вызваліць комплекс будынкаў, пасля чаго я гатовы прызначыць выбары, гатовы падаць у адстаўку і пайсці на выбары. Віцэ-прэзідэнт будзе кіраваць краінай. І хай людзі скажуць, каго яны падтрымліваюць. Хай праўда стане вынікам волевыяўлення».

У Сухумі мітынгоўцы, якія пратэстуюць супраць расійска-абхазскага «інвестыцыйнага пагаднення», 15 лістапада знеслі частку плота вакол комплексу ўрадавых будынкаў і праніклі на тэрыторыю, прылеглую да будынка парламента, а затым і ўнутр парламента і адміністрацыі прэзідэнта. Супрацоўнікаў міліцыі ўдзельнікі акцыі закідалі яйкамі і бутэлькамі, тыя ўжылі дымавыя шашкі, але сур'ёзнага супраціву не аказалі. Падчас пратэсту пацярпелі 13 чалавек, траім з іх спатрэбілася шпіталізацыя, іх жыццю нічога не пагражае. У парламента былі чутныя і стрэлы.


Глядзіце таксама

На фоне пратэсту парламент адмяніў сесію, на якой павінна было прайсці галасаванне па пытанні ратыфікацыі інвестыцыйнага пагаднення з Масквой, а ў адміністрацыі прэзідэнта паабяцалі яго адклікаць. Аднак 16 лістапада стала вядома, што Бжанія не падпісваў дакумент аб адкліканні з парламента пагаднення аб расійскіх інвестыцыях.

Як мяркуюць пратэстоўцы, ратыфікацыя згаданага пагаднення можа дазволіць расійскаму капіталу заняць важныя нішы ў абхазкай эканоміцы, і ў выніку паглыбіць і без таго велізарную залежнасць самаабвешчанай рэспублікі ад Крамля.

Абхазскія прэзідэнты двойчы сыходзілі ў адстаўку датэрмінова праз пратэсты апазіцыі. 1 чэрвеня 2014 года сышоў з пасады Аляксандр Анкваб. Канфлікт тады быў справакаваны выдачай абхазскіх пашпартоў жыхарам грузінскай нацыянальнасці ва ўсходніх раёнах рэспублікі.

12 студзеня 2020 года ў адстаўку сышоў Рауль Хаджымба – пасля таго, як абхазскі Вярхоўны суд адмяніў вынікі прэзідэнцкіх выбараў 2019 года. Тады Аслан Бжанія не змог узяць удзел у прэзідэнцкіх выбарах паводле стану здароўя (ён і ягоныя прыхільнікі мяркуюць, што Бжанія атруцілі). Аднак на выбарах у сакавіку 2020 года ён выйграў, набраўшы 56,50% галасоў. Яго супернікам быў Адгур Ардзінба, які атрымаў 35,42% галасоў.

Паводле «Рэха Каўказа».