Адкуль улада ў Дональда Трампа? Таямніцы палітычнай міфалогіі

Сакральная крыніца ўлады Дональда Трампа — гэта сам Дональд Трамп. Амерыканскі народ — хутчэй дэкарацыі да яго дзеянняў, гэта права Трампа гаварыць «мы», калі ўсе іншыя безгалосыя.

d6cc1283_0b26_4384_af08_d77b4baefdf4_cx0_cy7_cw0_w987_r1_s_r1.jpg

Інаўгурацыйныя прамовы амерыканскіх прэзідэнтаў — справа рытуальная, адточаная стагоддзямі. Але ў гэтай завядзёнцы прысутнічае адна таямніца. На пратакольнай цырымоніі на хвілю прыадчыняецца міфалагічная і звышнатуральная крыніца свецкай улады.

Дональд Трамп шчыра прызнаўся, адкуль у яго ўлада. І гэта радыкальна адрозніваецца ад усяго таго, што адкрывалася на гэтай цырымоніі раней.

Варта заўважыць, што міфалагічная формула інаўгурацыйных прамоў простая. На пачатку ўзгадваецца агульны парадак (Космас), на якім і заснаваная супольнасць. Далей новаабраны амерыканскі прэзідэнт гаворыць пра сілы Хаоса (гэта тыя, ці іншыя праблемы, што кідаюць супольнасці выклік). Нарэшце, людзям прапануецца зноў аб’яднацца, каб аднавіць лад.

У самай першай — найбольш рытуальнай частцы прамовы, якую журналісты звычайна абмінаюць, — і хаваецца адсылка да сапраўднай крыніцы амерыканскай улады.

Дуайт Эйзенгаўэр у 1953 годзе прачытаў малітву, уголас звярнуўшыся да Бога, а Рональд Рэйган у 1985 годзе зрабіў гэта ў цішыні. Тэадор Рузвельт падзякаваў Богу, «які дабраславіў нас», а Гербэрт Гувэр выказаў надзею на Усемагутнага. Акрамя зваротаў да Бога, у інаўгарацыйных прамовах часта спасылаюцца на клятву, што таксама з’ява звышнатуральная.

Іншая крыніца, што набыла сакральны характар, — зварот да вытокаў, калі дзяржава засноўвалася — і да яе прынцыпаў. Кансерватары стала шануюць традыцыі, пераемнасць якіх выглядае «цудам», Кенэдзі не прамінуў «свята свабоды», а Барак Абама налягаў на «роўнасць», цытуючы Дэкларацыю Незалежнасці.

Часам гэтая міфалагічная крыніца зводзіцца да двух ёмістых слоў: «сябры-грамадзяне». І тады прамова абранага прэзідэнта гучыць, як словы прарока, які супраціўляецца пакліканню, якое Бог даручыў яму — праз свой народ (Джордж Вашынгтон).

Часам, асабліва ў ХХ стагоддзі і на другім прэзідэнцкім тэрміне, «сябры-грамадзяне» (амаль не перакладальныя «fellow citizens») загрувашчваюцца «Віцэ-прэзідэнтамі», «Міністрамі Юстыцыі», «Членамі Кангрэсу» і г.д. — што сімвалічна сведчыць пра моц апарату, які трымае ўладу. Але ў такім выпадку трэба надалей раскопваць і прад’яўляць гледачам яе магутныя крыніцы.

Што прад’явіў Трамп?

Уступ быў вельмі доўгім: «Міністр Юстыцыі Робертс, Прэзідэнт Картэр, Прэзідэнт Клінтан, Прэзідэнт Буш, Прэзідэнт Абама, сябры-амерыканцы і людзі ўсяго свету…»

Адылі не было ніякіх зваротаў да Бога, не было адсылак да традыцыі, не было аніякіх згадак пра ідэалы свабоды ці роўнасці.

«Мы, грамадзяне Амерыкі, цяпер з’яднаныя разам у вялікім нацыянальным высілку перабудаваць нашу краіну і аднавіцьсваё абяцанне для ўсяго нашага народу», — працягнуў Трамп. Зрэшты, абяцанне — гэта не тое самае, што і клятва; яно належыць плыннаму свету, у той час, як клятва адсылае да вечнасці.

Можа падацца, што ў гэтым звароце Трамп наўпрост пераймае Дэкларацыю незалежнасці, дзе гаворыцца і засноўваецца: «Мы, прадстаўнікі Злучаных Штатаў Амерыкі». Але ўлада Дональда Трампа — гэта зусім не ўлада Дэкларацыі Незалежнасці, дзе Усявышні заклікаецца ў сведкі.

Сакральная крыніца ўлады Дональда Трампа — гэта сам Дональд Трамп. Амерыканскі народ — хутчэй дэкарацыі да яго дзеянняў, гэта права Трампа гаварыць «мы», калі ўсе іншыя безгалосыя. Гэтая ўлада заснаваная на «працы, якая мусіць быць зробленая».

Дэкаратыўнасць народу — і самаўладнасць Трампа пацвярджаецца простым словам, пастаўленым у цалкам неадпаведным месцы. Пасля звароту да міністра юстыцыі, былых прэзідэнтаў і народу, Трамп кідае ім: «Дзякуй». Заўважым, што гэта такая ж рытуальная недарэчнасць, як выпадак з вядомым беларускім палітыкам, які на святочнае «Хрыстос уваскрос!» таксама «аддзячыўся».

Зварот да міністра, народу і прэзідэнтаў — вельмі жорсткая цырыманіяльная рэч: двукроп’е, якое пасля яго стаіць у друкаваным тэксце, падкрэслівае пільную прысутнасць узгаданых сведкаў і надзорцаў падчас усёй кадэнцыі новаабранага прэзідэнта. Трамп пасля двукроп’я паставіў «thank you», развітаўшыся з магчымым кантролем. Гэтая падзяка, як развітанне, звыкла гучала ў адрас адыходнага прэзідэнта — Трамп узгадаў папярэдную прэзідэнцкую пару — і такім чынам далучыў да яе ўсіх астатніх, памахаўшы ім ручкай.

Але потым прагучалі самыя неверагодныя для амерыканскага інаўгурацыйнага рытуалу словы, што, зрэшты, падкрэсліў і сам Трамп:

«Аднак сённяшняя цырымонія мае вельмі адмысловае значэнне. Сёння адбываецца не проста перадача ўлады ад адной адміністрацыі да іншай, ад адной партыі да другой, мы перадаем уладу ад Вашынгтона і вяртаем яе назад вам, Амерыканскаму Народу.

Занадта доўга маленькая групка ў сталіцы нашай краіны атрымлівала ўзнагароды ад ўраду, у той час як людзі расплачваліся за гэта».

Для беларускага вуха, спрактыкаванага чуць і не такое з тэлевізару, гэтая рыторыка гучыць нават лагодна. Але ў гісторыі амерыканскай інаўгурацыі такога не было аніколі. Заўжды сілы хаоса — гэта былі нейкія праблемы (беднасць, наркотыкі, беспрацоўе і г.д.). І гэтыя праблемы развязваюцца агульнымі высілкамі людзей. Канкрэтна пазначаць ворага — а тым болей унутранага — гэта рэч цалкам і напоўніцу немажлівая. Гэта — па-за межамі амерыканскай палітычнай культуры, па-за граніцамі цырымоній.

Цяпер гэта сталася.

Варта дадаць, што на прасторах Савецкага Саюзу пошукі ворагаў заўжды былі стрыжнем паноўнай ідэалогіі, яе сэрцам, яе святам, яе радасцю, яе найкаштоўнейшай міфалогіяй і галоўным абрадам. Гэтая міфалогія перажыла сваіх носьбітаў, свой дом (знішчаны ўласнымі кулакамі) і нават перакрочыла межы.

Але памылкай было бы лічыць, што гэтая ворагадайная міфалогія перадалася з Масквы, а яшчэ лепей — з Мінску — у Вашынгтон шляхам кропельна-паветранай інфекцыі. Амерыканская палітычная міфалогія абапіраецца на свае перадумовы.

Сёння людзям, закаркаваным у слоікі ўласных інфармацыйных сетак не патрэбныя ўжо агульныя каштоўнасці — па якім, зрэшты, удосталь патапталіся постмадэрністы, феміністы, абкормлены маскоўскімі абедамі Жак Дэрыда і вечна маладая Анджэла Дэвіс.

Закаркаваным не патрэбныя ніякія аб’яднальныя сімвалы, ім не патрэбны нават Бог: кожны пяліцца на ўласнае аблічча, каб адшукаць свайго бажка.

Дональд Трамп, які прыйшоў гаварыць у імя сваё, прыкрываючыся бязмоўнымі, вельмі на такую сітуацыю надаецца.