Альтэрнатыўныя сцягі. Графічнае дасье
У Расіі апазіцыя прыдумала новы варыянт нацыянальнага сцяга. Чым не нагода, каб пагаварыць пра такую з'яву, як альтэрнатыўныя сцягі!
![1_547.png 1_547.png](/img/v1/images/1_547.png?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Расійскія апазіцыянеры прапануюць у якасці альтэрнатывы трыкалору бела-сіні-белы сцяг. Асноўнае адрозненне ад расійскага сцяга — адсутнасць чырвонай паласы, якая, як сцвярджаецца, пасля ўварвання ва Украіну асацыюецца з вайной і крывёй. Масавае выкарыстанне бела-сіне-белага сцяга якраз і пачалося ў лютым 2022-га, калі ён стаў сімвалам антываеннага пратэсту.
Не паспеў новы сцяг з’явіцца, як паўсталі пытанні наконт аўтарства. Сцяг з такой расфарбоўкай быў даўно на ўзбраенні прыхільнікаў рэстаўрацыі дзяржаўнасці Ноўгарада. Падобныя колеры таксама меліся на сцягу фантомнай краіны Вейшнорыя.
![2_509.jpg 2_509.jpg](/img/v1/images/2_509.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Безумоўна, ні расійская апазіцыя, ні аўтары Вейшнорыі не піянеры ў такой галіне, як стварэнне альтэрнатыўных сцягоў. Насамрэч, гэта вельмі папулярная з'ява ў тым ліку сярод аматараў альтэрнатыўнай гісторыі. У інтэрнэце можна знайсці самую незвычайную сімволіку. Напрыклад, нехта фантазуе на тэму, як бы выглядаў сцяг старажытнага Рыма, калі б там перамагла сацыялістычная рэвалюцыя.
![3_453.jpg 3_453.jpg](/img/v1/images/3_453.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Жарт жартам, аднак за альтэрнатыўнымі сцягамі могуць стаяць сур'ёзныя палітычныя праекты. Напрыклад, у Іспаніі практычна ўсе левыя сілы выкарыстоўваюць сцяг Другой іспанскай рэспублікі (1931-1939).
![4_421.jpg 4_421.jpg](/img/v1/images/4_421.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Актывісты многіх правых партый Германіі выходзяць на вуліцы са сцягам германскай імперыі (1871-1918). Пры гэтым многія з іх не з'яўляюцца паслядоўнікамі Бісмарка ці прускай дынастыі. Проста выбару няма — уся сімволіка трэцяга Рэйха ў ФРГ, дзякуй Богу, забаронена.
![5_389.jpg 5_389.jpg](/img/v1/images/5_389.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Постсавецкія абшары таксама не пазбеглі моды на альтэрнатыўныя сцягі. Так, у Малдове левая апазіцыя даўно ўжо прасоўвае ў грамадстве сцяг, які, на яе думку, выкарыстоўвалі ў часы князя Стэфана Вялікага. Гэты сцяг, як лічыць апазіцыя, дазволіць падкрэсліць малдаўскую аўтэнтычнасць у процівагу румынскай.
![6_275.png 6_275.png](/img/v1/images/6_275.png?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Якія шанцы ў альтэрнатыўнага сцяга стаць афіцыйным? Як не дзіўна, яны ёсць. Вельмі часта апазіцыя пасля прыходу да ўлады мяняе сцяг, каб падкрэсліць маштабнасць падзеі. Напрыклад, так зрабіў у 2004-м Міхаіл Саакашвілі: сцягам Грузіі стаў сцяг яго партыі «Адзіны нацыянальны рух». Праўда, трэба адзначыць, што дызайн сцяга быў вядомы яшчэ з ХІV стагоддзя.
![7_193.png 7_193.png](/img/v1/images/7_193.png?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Ну, а днямі дзяржаўным сцягам Афганістана стаў сцяг руху Талібан.
Лёс альтэрнатыўнай сімволікі часта непрадказальны.