Зяленскі раскрытыкаваў заходнія краіны і запатрабаваў ад іх самалёты

Абарона Украіны цяпер — гэта абарона ўсёй Еўропы, і заходнія партнёры Украіны павінны перастаць баяцца перадаць ёй самалёты і іншае сур'ёзнае ўзбраенне для барацьбы з расійскімі захопнікамі, калі не хочуць убачыць гэтых захопнікаў у Еўропе. З такой заявай выступіў прэзідэнт Украіны ў сваім чарговым відэазвароце па выніках суботы — 31-га дня вайны.

zjalenski_5.jpeg

Зяленскі адзначыў смеласць і стойкасць жыхароў горада-спадарожніка ЧАЭС Славутыча, якія ў суботу выйшлі пратэставаць супраць захопу горада расійскімі вайскоўцамі. Апошнія ўжывалі супраць мірных пратэстоўцаў святлошумавыя гранаты і стралялі ў паветра, таксама выкрадалі мэра горада, але затым адпусцілі.
— Краіна адзіная ў імкненні жыць свабодна і незалежна дзеля таго, пра што марыць сама, а не чужых хворых фантазій, — сказаў Зяленскі, гаворачы аб прыходзе расійскіх ваенных у Славутыч і рэакцыі на гэта мясцовых жыхароў. — Кожны дзень нашага супраціву ва ўсіх раёнах, куды — пакуль што — зайшлі акупанты, даказвае, што Украіна — поўная жыцця дзяржава, якая мае гістарычныя карані і маральную падставу на ўсёй сваёй тэрыторыі.
На думку Зяленскага, ніякія сродкі не дапамогуць расійцам перацягнуць украінцаў на захопленых тэрыторыях на свой бок — ні замена ўкраінскага тэлебачання расійскім, ні ўлёткі з прапагандай, ні раздача расійскіх рублёў, ні подкуп маргіналаў, каб яны малявалі прарасійскае насельніцтва.
Таксама прэзідэнт Украіны распавёў, што за суботу двойчы размаўляў па тэлефоне са сваім польскім калегам Анджэем Дудам. Яны абмяркоўвалі ўкраінскіх уцекачоў, якіх прымае Польшча, і ўмацаванне супольнай бяспекі. Гэта пытанне бяспекі ўсёй Еўропы, падкрэсліў Зяленскі.
— Які кошт гэтай бяспекі? Гэта ўсё вельмі канкрэтна. Гэта самалёты і танкі для Украіны, супрацьракетная абарона, супрацькарабельная зброя. Гэта тое, што ёсць у нашых партнёраў, што ў іх проста пыліцца. У рэшце рэшт, гэта [трэба] не толькі для свабоды Украіны, але для свабоды Еўропы. Таму што для ўсіх на кантыненце не можа быць прымальным, калі пад пагрозай сутыкнення з расійскімі захопнікамі апынуцца краіны Балтыі, Польшча, Славакія, увесь усход Еўропы. Апынуцца толькі таму, што ўсяго 1% ад самалётаў і танкаў НАТА застанецца стаяць недзе ў ангарах. Усяго адзін працэнт! Мы не просім больш. А чакаем ужо 31 дзень. Дык хто кіруе еўраатлантычнай супольнасцю? Няўжо да гэтага часу Масква — праз запалохванне? Партнёрам трэба актывізаваць дапамогу Украіне. Менавіта трэба — таму што гэта бяспека Еўропы.
Зяленскі згадаў, што гаварыў у суботу з абаронцамі абложанага Марыупаля і перадаў ім падзяку за адвагу і стойкасць.
— Хоць бы адсотак іх адвагі тым, хто ўжо 31 дзень думае, як жа перадаць дзясятак-другі самалётаў ці танкаў! — папракнуў ён заходніх палітыкаў.
Прэзідэнт Украіны таксама дадаў, што з марыупальскімі вайскоўцамі меў зносіны на рускай мове.
— Таму што ва Украіне ніколі не было моўнай праблемы, — растлумачыў ён, звяртаючыся да расійцаў. — А цяпер вы, расійскія акупанты, праблему ствараеце. Гэта вы робіце ўсё, каб нашыя людзі самі сыходзілі ад рускай мовы, таму што руская мова будзе асацыявацца менавіта з вамі, з гэтымі выбухамі і забойствамі… Расія сама робіць усё, каб на тэрыторыі нашай дзяржавы адбылася дэрусіфікацыя. За адно пакаленне і назаўжды. Гэта яшчэ адна праява вашай самагубнай палітыкі.
У суботу міністры абароны і замежных спраў Украіны сустрэліся ў Польшчы з прэзідэнтам ЗША і таксама абмяркоўвалі дапамогу сур'ёзнымі ўзбраеннямі.
— Пакуль што працягваецца «пінг-понг», хто і як павінен перадаць нам самалёты і іншыя інструменты абароны, — распавёў Зяленскі. — Украіна не можа збіваць расійскія ракеты з драбавікоў і кулямётаў, якіх зашмат у пастаўках. А дэблакаваць Марыупаль немагчыма без дастатковай колькасці танкаў і іншай бранятэхнікі. І абавязкова — яшчэ раз — самалёты. Гэта разумеюць усе абаронцы Украіны, усе жыхары Марыупаля, тысячы людзей, якія там паміраюць у блакадзе. Гэта ведаюць ЗША, ведаюць усе еўрапейскія палітыкі. Мы сказалі ўсім! І як мага больш людзей на зямлі павінны ведаць, каб усе зразумелі, хто і чаму проста пабаяўся прадухіліць гэтую трагедыю. Проста пабаяўся ўхваліць жыццёва важнае рашэнне. Мы, вядома, ужо захапілі нейкую колькасць расійскіх танкаў, але народы свету не зразумеюць, калі поле бою ва Украіне будзе большым пастаўшчыком танкаў для абароны свабоды ў Еўропе, чым нашыя партнёры.
Прэзідэнт Украіны таксама згадаў у сваёй прамове, што, як стала вядома ў суботу, расійцы абстралялі пад Харкавам мемарыял у Драбіцкім яры на месцы масавых расстрэлаў габрэяў нацыстамі.
— «Дэнацыфікавалі», — адзначыў Зяленскі. — Гэта яшчэ адно пытанне да ўсёй сусветнай габрэйскай супольнасці. Колькі ж яшчэ злачынстваў супраць нашай агульнай памяці пра Халакост будзе дазволена здзейсніць Расіі на нашай зямлі? …Расійскія войскі б'юць па гарадах, бальніцах, школах, тэатрах, атрымліваюць менавіта такія загады — знішчаць усё, што робіць наш народ народам, нашых людзей – людзьмі, нашу культуру — культурай. Восемдзесят гадоў таму нацысты менавіта так спрабавалі захапіць Еўропу. Менавіта так, як дзейнічаюць [цяпер] акупанты ва Украіне. Ніхто ім гэтага не даруе. Будуць адказваць. Гэтак жа, як 77 гадоў таму. Хутчэй за ўсё, не ў Нюрнбергу, але сэнс будзе той самы. Убачаць усё. Мы гарантуем.