На байцоў батальёна імя Каліноўскага завялі крымінальную справу ў Беларусі

Як паведамляе «Свабода», ГУБАЗіК завёў справу на знакаміты беларускі батальён, што ваюе ва Украіне. Як адзначыў намеснік кіраўніка сілавога падраздзялення, устанавіць месца знаходжання байцоў спрабуюць разам з расійскімі сілавікамі.

batalen_kalinouskaha.jpg

Як адзначыў намеснік начальніка ГУБАЗіК МУС Беларусі Міхаіл Бедункевіч, вядомыя звесткі 50 чалавек, якія ваююць у батальёне імя Кастуся Каліноўскага ва Украіне. На іх завялі крымінальную справу аб саўдзеле ва ўзброеным канфлікце на тэрыторыі замежнай дзяржавы.
«Гэтым асобам дадзена прававая ацэнка, распачата справа аб саўдзеле ва ўзброеным канфлікце на тэрыторыі замежнай дзяржавы, артыкул 361-3. Мы іх усіх ведаем. Іх чакае ў Рэспубліцы Беларусь — у выпадку вяртання — крымінальная адказнасць (да 5 гадоў пазбаўлення волі)», — заявіў Бедункевіч у эфіры тэлеканала СТВ.
«Узаемадзейнічаем з праваахоўнымі органамі Расійскай Фэдэрацыі па абмене звесткамі па гэтых асобах, аб месцах іх знаходжання», — сказаў Бедункевіч.
Батальён беларускіх добраахвотнікаў імя Каліноўскага 26 сакавіка ўвайшоў у склад Узброеных сіл Украіны. Беларусы з 2014 года змагаюцца за тэрытарыяльную цэласнасць Украіны ў розных фармаваннях.