Сербія можа рыхтаваць ваеннае ўварванне для аднаўлення кантролю над Косава
Расія, верагодна, цісне на Рэспубліку Сербская, каб яна парушыла незалежнасць Косава, папярэджвалі яшчэ пару тыдняў таму заходнія СМІ.
Прэзідэнт Сербіі абвінаваціў прэм'ер-міністра Косава ў «разбурэнні брусельскіх пагадненняў, дзякуючы якім абодвум бакам удавалася захоўваць мір» цягам дзевяці гадоў.
«Усё, што ў нас было ў брусельскіх пагадненнях, усё разбурана, абсалютна ўсё разбурана. Курці разбурыў іх, пабачым, што будзе далей, гэта пытанне часу, ці будзе ўсё разбурацца далей ці хтосьці паспрабуе зляпіць гэта нейкім чынам», — заявіў Аляксандр Вучыч у інтэрв'ю тэлеканалу Euronews Serbia.
Брусельскія пагадненні, аб якіх ідзе гаворка, Бялград і Прышціна заключылі 19 красавіка 2013 года. Паводле гэтых дамоўленасцей, у Косаве павінна быць створаная супольнасць сербскіх муніцыпалітэтаў, якія адказваюць за эканамічнае развіццё, адукацыю, ахову здароўя, гарадское і сельскае планаванне рэгіёна.
24 сакавіка Курці загадаў звольніць з інстытутаў улады Косава сербскую суддзю Лілію Сцевановіч. Пасля гэтага ўлады Косава павінны былі звольніць усіх сербскіх камандзіраў і паліцэйскіх, якія прысутнічалі на пасяджэнні Рады бяспекі Сербіі ў Бялградзе.
Тым часам, учора мясцовыя СМІ і назіральнікі апублікавалі відэа, на якіх калоны сербскіх Узброеных сіл рухаюцца да фактычнай мяжы з Рэспублікай Косава.
Яшчэ два тыдні таму The Guardian напісала, што Расія можа аказаць ціск на Рэспубліку Сербская, каб яна падарвала Заходнія Балканы.
«Расія, верагодна, пашырыць сваю канфрантацыю з Захадам, аказваючы ціск на Рэспубліку Сербская, каб яна падарвала незалежнасць Косава і іншых заходніх балканскіх дзяржаў», — папярэдзілі рэгіянальныя лідары ў інтэрв'ю выданню.
Яны таксама заклікалі ЕС і NАТO паскорыць разгляд заявак на сяброўства ад балканскіх краін і ўзмацніць абарону ад ўмяшання Расіі.
Прэм'ер Косава Альбін Курці папярэдзіў, што «ў інтарэсах Расійскай Федэрацыі мець новыя палі бою, таму што яны не хочуць вяртацца да міру».
Прэзідэнт краіны В'оса Асмані прадказаў, што «Расія, дэстабілізуючы Заходнія Балканы, будзе імкнуцца дэстабілізаваць усю Еўропу», і сказаў, што «Масква выкарыстоўвае Рэспубліку Сербская для таго, каб паставіць пад пагрозу дэмакратычныя каштоўнасці».
Паводле АФН