«Беларуская акадэмія» атрымала афіцыйны дазвол у Польшчы на навучанне па-беларуску

«Беларуская акадэмія», якая адкрылася сёлета на пачатку года і працуе дыстанцыйна ў партнёрстве з трыма навучальнымі ўстановамі Польшчы, атрымала афіцыйны дазвол на беларускамоўнае навучанне.

Святлана Куль-Сяльверстава

Святлана Куль-Сяльверстава


«Мы былі на адкрыцці навучальнага году нашага партнёра – Вышэйшай школы кадраў менеджменту ў Коніне, і рэктар паведаміў, што яны праз сенат правялі дазвол на выкладанне на беларускай мове», — паведаміла Свабодзе ініцыятарка стварэння ў партнёрстве з польскімі навучальнымі ўстановамі «Беларускай акадэміі», прафесарка Святлана Куль-Сяльверстава.

Святлана Куль-Сяльверстава была звольненая ў 2014 годзе з Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта і цяпер працуе ў Беластоцкім тэхнічным універсітэце «Politechnika Białostocka».

Паводле яе, партнёрамі «Беларускай акадэміі», у якой цяпер дыстанцыйна навучаецца 30 студэнтаў, з’яўляюцца Вышэйшая школа кадраў менеджменту ў Коніне, Вышэйшая школа гуманістычная ў Шчэціне, Вышэйшая школа фінансаў і менеджменту ў Беластоку.

«Цяпер мы можам абвясціць афіцыйна, што ад сакавіка 2022 года мы можам выкладаць па-беларуску», – удакладніла яна. Дагэтуль у навучанні выкарыстоўваліся тры мовы – расійская, беларуская і польская, але беларуская не мела афіцыйнага статусу ў працэсе навучання.

«Дагэтуль па-беларуску выкладалі ў Польшчы толькі на беларусістыцы, дзе яна ёсць», — удакладніла Святлана Куль-Сяльверстава.

Прафесарка дадала, што цяпер «Беларуская акадэмія» падоўжыла да 1 лютага прыём дакументаў і будзе іх прымаць «татальна па-беларуску».

«Беларуская акадэмія» сёлета правяла першы набор студэнтаў. Гэта дыстанцыйная адукацыйная платформа, якая ажыццяўляе навучанне на беларускай і расійскай мовах паводле Балонскага працэсу з наступнай выдачай дыпломаў аб вышэйшай адукацыі еўрапейскага ўзору.