МЗС Польшчы: Расія правярае адзінства Еўрасаюза і NАТO
За наплывам мігрантаў на польска-беларускую мяжу стаіць Расія. Пра гэта заявіў намеснік міністра замежных спраў Польшчы Марцін Пшыдач.
Польскі дыпламат падкрэсліў у эфіры TVP, што гэта элемент гібрыднай вайны пад кіраўніцтвам Расіі:
— Тое, што адбываецца ў Беларусі, праходзіць па ініцыятыве, а напэўна пад кантролем Крамля — гэта зразумелая справа. Беларусь і Расія — гэта адзін арганізм у вайсковым аспекце, які аб’ядноўвае цесны саюз.
Паводле Марціна Пшыдача, Расія правярае адзінства Еўрасаюза і NАТO і іх магчымую рэакцыю, а таксама распальвае ўнутраныя канфлікты ў Польшчы.
Паводле польскай Памежнай службы, учора былі зафіксаваныя 434 спробы незаконнага перасячэння мяжы з Беларусі ў Польшчу. Затрыманыя былі 16 грамадзян Ірака. Астатнія спробы былі прадухіленыя.
За дапамогу ў перасячэнні мяжы былі затрыманыя 12 замежнікаў: 5 грамадзян Украіны, двое немцаў, а таксама грамадзяне: Беларусі, Грузіі, Туніса, Турцыі і Балгарыі.
Паводле www.polskieradio.pl