Тышкевіч: «Асноўная мэта рэпрэсій дасягнутая»
Калі беларускія ўлады пачнуць гандаль з Захадам, стануць выпускаць людзей. І здарыцца гэта хутка, прагназуе аналітык.
Беларускія ўлады пераходзяць на іншы этап — падрыхтоўкі
і правядзення рэферэндуму, а асноўны віток рэпрэсій падыходзіць да завяршэння,
лічыць аналітык Ігар Тышкевіч.
— Фактычна беларускія ўлады пераходзяць на, так назавем, трэк падрыхтоўкі і правядзення рэферэндуму. Асноўны віток рэпрэсій завяршаецца, але колькасць затрыманых яшчэ прыкладна тыдні два-тры будзе дастаткова высокай, — адзначыў Ігар Тышкевіч на сваім канале. — Людзей будуць забіраць па адміністрацыйных справах. На жаль, спрацаваў «чорны лебедзь» у выглядзе нядаўняй трагедыі ў Мінску.
З пункту гледжання ацэнкі працэсаў, то яны ідуць паступова. І паказальны працэс закручвання гаек, каб нагнаць страху, падыходзіць да канца, таму што асноўная яго мэта дасягнутая. Саджаць будуць, але больш будуць адпускаць і стануць больш асцярожныя. Таму што саджалі ў Беларусі ўсе апошнія 20 гадоў. Сутнасць рэжыму ад гэтага не зменіцца.
Тышкевіч мяркуе, што беларускія ўлады ўжо цяпер шукаюць магчымасці для перамоваў з Захадам.
— Ваяж Макея, інтэрв'ю Лукашэнка CNN — па вялікім рахунку, гэта і ёсць кансультацыі па нагоды таго, калі пачнецца гандаль. Я ўпэўнены, што гандаль за суіснаванне і фармат будучага суседства Беларусі з ЕС і ЗША будзе праходзіць пасля рэферэндуму.
Цяпер ідзе прыстрэлка, трэба вызначыць, праз каго весці перамовы і на якія тэмы. І тут Беларусь максімальна пашырае поле — гэта пытанне польскай меншасці, пытанне мігрантаў, Лукашэнка чарговым разам спрабуе прадаць тэму Расіі — маўляў, размаўляйце з намі, інакш нас праглыне РФ і г.д. Большасць гэтых пасылаў арыентаваныя якраз на Захад.
Што да Канстытуцыі, то фактычна мы маем іранскі варыянт са спробай фарміравання надканстытуцыйнага органа, які будзе напалову фармальным (ВНС), але ў якім будзе пастаянна дзеючы прэзідыум, што дэ-факта стане вырашаць стратэгічныя пытанні.
І тут мы маем спробу згуляць на заходнім кірунку з некаторай дэманстрацыяй дэмакратызацыі. Гэта перадача часткі паўнамоцтваў парламенту, увядзенне ўпаўнаважанага па правах чалавека, пытанне звароту ў Канстытуцыйны суд. З пункту гледжання дэмакратычнай шырмы, гэта выглядае прыгожа.
Але ключавы пасыл Лукашэнка агучыў у інтэрв'ю CNN: калі вы будзеце ціснуць на Беларусь, я буду заставацца прэзідэнтам пажыццёва, паглядзіце на ўзрост Байдэна. Калі вы не ідзяце на новы ціск ці аслабляеце яго, наўзамен мы ідзем на якую-небудзь трансфармацыю і пачынаем транзіт. Вось гэтая ключавая ідэя, якую Лукашэнка спрабуе прадаць, — кажа аналітык.
Асноўную фазу змены сітуацыі як унутры краіны, так і на міжнародным узроўні Тышкевіч прагназуе на перыяд пасля рэферэндуму.
— Пасля рэферэндуму дакладна павінны быць змены. Да рэферэндуму поле зачышчанае, не будуць даваць вылезці нікому новаму. Але пры гэтым паралельна будзе паволі рыхтавацца поле для гандлю. Таксама будуць працягваць выпускаць невялікімі групамі людзей.
Беларускія ўлады будуць спрабаваць гуляць то ў амністыю, то ў памілаванне і г. д. Але ў сувязі з трагедыяй у Мінску ўсё гэта пачнецца з адтэрміноўкай на месяц-два. Ведамства Макея працягне ездзіць у пошуках пасярэднікаў. Каб пачынаць гандаль, трэба тры-чатыры лабісты ўнутры ЕС плюс два-тры звонку.
Да рэферэндуму 99% крымінальных спраў не будзе закрыта. Рэферэндум для атачэння Лукашэнкі — гэта такі час “Ч”, Рубікон. Пасля яго справы будуць проста спускацца на тармазах. Трымаць людзей пасля рэферэндуму не будзе сэнсу, — мяркуе аналітык.
Паводле gazetaby.media