Беларусь будзе выходзіць з пагаднення аб рэадмісіі з ЕС: дэпутаты прагаласавалі

Беларусь будзе выходзіць з пагаднення аб рэадмісіі з ЕС. У панядзелак праект адпаведнага закона быў ухвалены Палатай прадстаўнікоў у першым чытанні, перадае Еўрарадыё.

1599729145_1.jpg

Пра тое, што Аляксандр Лукашэнка накіраваў у Нацыянальны сход законапраект "Аб прыпыненні дзеяння пагаднення паміж Рэспублікай Беларусь і Еўрапейскім саюзам аб рэадмісіі асобаў, якія знаходзяцца без дазволу", стала вядома ў пачатку верасня. Было заяўлена, што яго падрыхтавалі ў адказ на дзеянні ЕС у дачыненні Беларусі (найперш з-за санкцый). У МЗС заявілі, што пачынаюць працэдуру прыпынення пагаднення аб рэадмісіі з ЕС, яшчэ ў чэрвені. У Бруселі тады гаварылі, што Еўрасаюз рыхтуе меры ў адказ.
Пагадненне аб рэадмісіі паміж Беларуссю і ЕС пачало дзейнічаць у ліпені 2020 года. Яно вызначала, як перадаюцца, прымаюцца і вяртаюцца парушальнікі межаў.
Старшыня пастаяннай камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Андрэй Савіных лічыць, што "негатыўных наступстваў" для афіцыйнага Мінска не будзе. Аднак ЕС, на фоне міграцыйнага крызісу, у спрыянні якому абвінавачваюць улады Беларусі, абяцае новыя санкцыі.