Законапраект аб зменах у Канстытуцыю, які скасоўвае мясцовыя выбары ў 2022-м, прынялі ў другім чытанні

На пасяджэнні шостай сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу сёмага склікання прынялі ў другім чытанні законапраект «Аб змяненні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь», інфармуе «Радыё Свабода» са спасылкай на БелТА.
27 траўня Лукашэнка ўнёс у Палату прадстаўнікоў праект закону «Аб змяненні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь». Для падрыхтоўкі праекту закона стварылі спецыяльную камісію, якая накіроўвала прамежкавыя вынікі ў пастаянныя камісіі і на заключэнне ў галоўнае прававое ўпраўленне Сакратарыяту Палаты прадстаўнікоў.

Адзначаецца, што «заўвагі тэхнічнага характару, якія паступілі, улічаныя ў тэксце праекту дакумента».

Канчаткова падрыхтаваны да разгляду ў першым чытанні законапраект накіравалі Лукашэнку, заўваг не паступіла.

Праект прадугледжвае ўвядзенне адзінага дня галасавання для выбрання дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і мясцовых саветаў. Фактычна ў сувязі з гэтым мясцовыя выбары ў Беларусі з пачатку 2022 года будуць перанесены на 2023 год.

Раней абедзве палаты Нацыянальнага сходу прынялі зварот да Лукашэнкі з просьбай правесці выбары ў мясцовыя саветы дэпутатаў і парламент адначасова. Лукашэнка 26 траўня, выступаючы перад палатамі, падтрымаў гэтую ідэю. Нязменная з 1996 года кіраўніца Цэнтарвыбаркаму Лідзія Ярмошына заявіла, што падтрымлівае ўвядзенне адзінага дня галасавання на выбарах дэпутатаў усіх узроўняў. Яна адзначала, што ў выпадку станоўчага рашэння наступныя выбары ў мясцовыя саветы дэпутатаў будуць перанесеныя з пачатку 2022 года на 2023 год. Пры гэтым кіраўніца ЦВК падкрэслівала, што да правядзення канстытуцыйнага рэферэндума выбарчае заканадаўства ў Беларусі мяняцца не будзе.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,
Больш цікавага на «Новым Часе»: