Bloomberg: Паводзіны Беларусі ставяць пад пагрозу будучыню глабальнай авіяцыі
Сусветная паветраная прастора нагадвае гульню ў «тэтрыс», у якой перавозчыкам трэба знайсці правільныя маршруты, каб пазбегнуць пагроз для бяспекі і занадта вялікіх выдаткаў на паліва.
Для авіякампаній найбольш трывожным аспектам прымусовага прызямлення рэйса Ryanair у Беларусі стала тое, як лёгка гэта было зроблена.
Аднавіць міжнародныя падарожжы на фоне хісткага росту пасля COVID-19 і без таго цяжка. А пагроза пачатку новай эры, у якой дзяржавы будуць ганяць самалёты, зробіць гэтую задачу яшчэ большым выклікам.
«Горкая праўда падзей у Беларусі заключаецца ў тым, што вайскоўцы кантралююць неба. А грамадзянскія там толькі госці. Калі ўрады і іх ВПС вырашаць парушыць свабоды, ад якіх залежыць наша перамяшчэнне з месца на месца, перавозчыкі нічога не змогуць зрабіць, каб ім перашкодзіць», піша Bloomberg.
Для гэтага асіметрычнага перавароту не спатрэбіліся ніякія перадавыя тэхналогіі. Служба кантролю паветранай прасторы Беларусі паведаміла пра пагрозу для бяспекі, калі рэйс з Афін у Вільню праходзіў праз беларускую тэрыторыю. А стары знішчальнік МіГ-29 суправаджаў самалёт Ryanair аж да Мінска, дзе журналіста Рамана Пратасевіча арыштавалі.
Такія перахопы на самай справе — даволі частая з’ява. Знішчальнікі суправаджалі невялікі самалёт у мінулым годзе пасля таго, як ён пракраўся ў закрытае авіяпрастору над Trump National Golf Club ў Нью-Джэрсі. А толькі на мінулым тыдні яшчэ адзін самалёт «адагналі» ад дома прэзідэнта Джо Байдэна ў Дэлавэры. Знішчальнікі NATO і Расіі пастаянна рэагуюць на парушэнне паветранай прасторы адзін аднаго. Больш за 60 расійскіх самалётаў толькі за гэты год незаконна праніклі ў паветраную прастору Аляскі. Федэральная авіяцыйная адміністрацыя ЗША нават раздала пілотам «шпаргалку», у якой напісана, «што рабіць, калі вас перахапілі самалёты войска або праваахоўных органаў ЗША».
Выпадкаў, калі ўрады спрабуюць схапіць нязручных для іх людзей, таксама поўна. Ад Кітая і Саудаўскай Аравіі да Расіі і ЗША — улады дэманструюць гатоўнасць эксперыментаваць з пераследамі. Еўрасаюз у панядзелак параіў сваім авіякампаніям пазбягаць паветранай прасторы Беларусі. Тым самым Брусэль дадаў толькі невялікі кавалачак да глабальнага здробненага пазла з краін, над якімі лётаць нельга. Частку Блізкага Усходу: ад Лівіі да Ірана, — авіякампаніі лічаць забароненай для палётаў зонай. Бо праз мясцовыя войны самалёты могуць збіць, тлумачаць у Conflict Zone & Risk Database.
Зоны рызыкі, але больш нізкага ўзроўню, ахопліваюць Паўночную Афрыку, Афганістан, Пакістан, Украіну, Паўночную Карэю, Расію, Філіпіны, Венесуэлу і нават Японію, дзе ракетныя выпрабаванні Пхеньяна ўяўляюць патэнцыйную пагрозу. Сусветнае неба не адкрыта. Яно больш нагадвае гульню ў тэтрыс, у якой перавозчыкам трэба знайсці бяспечныя маршруты з найменшымі выдаткамі на паліва.
Але ў мінулым сітуацыя была яшчэ горш. СССР і Кітай некалі блакавалі амаль усе транзітная рухі замежных авіяліній. Каб даляцець з Лондана ў Токіо, трэба было прызямліцца для запраўкі ў Анкорыджы. Гэты маршрут на траціну даўжэй і менш эфектыўны з пункту гледжання выдаткаў на паліва, чым прамы пералёт праз Сібір. Парушэнне забаронаў магло мець смяротныя наступствы. У 1983 годзе 269 чалавек на борце рэйса 007 кампаніі Korean Air Lines Flight загінулі праз тое, што самалёт зайшоў у савецкую паветраную прастору. Таму яго збілі.
Аслабленне гэтых абмежаванняў напрыканцы халоднай вайны — гэта недаацэнены фактар у развіцці авіяцыі як глабальнай, а не выключна хатняй індустрыі. Міжнародныя пералёты ў сярэдзіне 1980-х складалі толькі палову ад пасажырскага і грузавога патоку. Але ў 1990-х усё змянілася. І да пандэміі COVID-19 на міжнародныя рэйсы прыходзілася да 70% усіх пералётаў.
Таму падзеі ў Беларусі яшчэ больш пагаршаюць перспектывы авіяцыі, якая спадзяецца вярнуць міжнародныя палёты ў норму. Цяпер маршруты праз тэрыторыі пад кантролем аўтарытарных рэжымаў, такіх як у Расіі і Кітаі, застаюцца важнай часткай большасці далёкіх рэйсаў. Правілы свабоды руху, якія рэгулююць гэтыя маршруты, — гэта аснова для магчымасці перавозчыкаў працаваць у глабальных маштабах. Без іх выдаткі на паліва ўзрастуць да такіх узроўняў, якія ў лепшым выпадку стануць непераадольнай перашкодай. Тым больш у часы, калі пасля глабальнай пандэміі каронавірусу авіякампаніі апынуліся пад магутным ціскам даўгоў на сотні мільярдаў долараў.
Калі выкраданні самалётаў у стылі Беларусі стануць папулярнымі, як калісьці ў 1970-х, найбольш песімістычныя прагнозы адносна будучыні авіяцыі могуць апынуцца занадта радаснымі.
Паводле УНІАН, пераклад НЧ.