Чорная імша
У пагоні за захапляльнай інтрыгай вядомы італьянскі літаратар Умберта Эка напісаў раман, які не спадабаўся Ватыкану і яўрэйскай грамадскасці.
У пагоні за захапляльнай інтрыгай вядомы італьянскі літаратар Умберта Эка напісаў раман, які не спадабаўся Ватыкану і яўрэйскай грамадскасці.
Прадстаўляць Умберта Эка і яго творчасць наўрад ці трэба. Дастаткова згадаць такія славутыя раманы, як «Імя ружы» або «Маятнік Фуко». Амаль усе кніжкі Эка сталі
сусветнымі бестселерамі. Бестселерам дакладна стане і шостая кніжка пісьменніка — «Пражскія могілкі». Пра гэта сведчыць статыстыка: кніга з'явілася ў Італіі ў пачатку
лістапада і хутка стала рэкардсменам продажу. Толькі за месяц было рэалізавана больш за 200 тысяч экземпляраў. Зараз рыхтуецца другі наклад.
Дадатковым фактарам цікавасці да «Пражскіх могілак» відавочна будзе скандал, які з кожным днём разгараецца вакол кнігі. Каталіцкая і яўрэйская грамадскасць лічыць, што Эка свядома
або несвядома адрадзіў інтарэс да антысеміцкіх міфаў.
У аснове фабулы раману, падзеі якога, дарэчы, адбываюцца напрыканцы ХІХ стагоддзя, прыгоды капітана Сіманіні. Сіманіні, па словах самога Эка, «самы цынічны і пазбаўлены прынцыпаў чалавек,
якога ведала гісторыя». У капітана незвычайная прафесія—вырабленне фальшывых гістарычных дакументаў для розных каралеўскіх двароў. Падчас падарожжаў па Еўропе герой становіцца
сведкам такіх вядомых падзей, як Парыжская камуна, аб'яднанне Італіі і г.д. Неяк Сіманіні прапануюць напісаць «Пратаколы сіёнскіх мудрацоў» пра тое, што яўрэі быццам жадаюць
падпарадкаваць сабе свет. Галоўны герой ахвотна бярэцца за справу. Для гэтага яму перш за ўсё давядзецца сабраць усе брудныя плёткі пра яўрэяў і іх саюзніках — лібералаў.
«Пратаколы сіёнскіх мудрацоў», як вядома, існавалі ў рэальнасці. Гэта антысеміцкая
фальшыўка, якую рэакцыянеры выкарыстоўвалі супраць рэвалюцыйнага і дэмакратычнага руху. У тэкстах выкладаюцца планы яўрэяў: устанаўленне сусветнага панавання, інфільтрацыі ў структуры кіравання
дзяржавамі, знішчэнне іншых рэлігій. Пазней фрагменты «Пратаколаў» сталі часткай нацысцкай прапаганды. На самай справе, як стала вядома ў 1920 годзе, «Пратаколы»
— гэта плагіят малавядомага французскага памфлета сярэдзіны XIX стагоддзя, накіраванага супраць Напалеона III.
У прынцыпе, да выхаду кнігі ніхто асаблівай увагі на тэму
«Пратаколаў» не звяртаў. Тым больш, што сам Эка казаў, што фішка твору ў іншым. У тым, каб зрабіць рэмэйк жанру газетнага раману з працягам, папулярнага ў ХІХ стагоддзі. Такія
раманы, якія пісалі часам вядомыя аўтары кшталту Аляксандра Дзюма, друкавалі шматлікія газеты. Маркетынгавы прыём будаваўся на тым, каб кожны раздзел заканчваўся на нейкім цікавым месцы, штурхаючы
чытача набываць наступны выпуск. Фірменным знакам такіх раманаў з працягам былі таксама гравюрныя ілюстрацыі, якія, дарэчы, прысутнічаюць і ў кнізе «Пражскія могілкі».
Прэзентуючы кнігу, Умберта Эка рабіў акцэнт менавіта на тым, што гэта будзе
абсалютны фікшэн. На яе старонках, па словах пісьменніка, ёсць «падробкі і змовы, эфектныя павароты сюжэту, падзямеллі, поўныя трупаў, караблі, якія ўзлятаюць на паветра пасярод вывяржэння
вулкана, забітыя абаты, натарыусы з накладнымі бародамі, сатаністкі-істэрычкі, што адпраўляюць чорныя імшы».
Аднак не натарыусы і не сатаністкі-істэрычкі зацікавілі ў выніку публіку.
На днях блізкая да Ватыкану газета «L'Osservatore Romano» апублікавала гнеўны артыкул, прысвечаны кнізе. На думку газеты, Эка пакрыўдзіў Касцёл і ягоную паству.
«L'Osservatore Romano» піша: «У тым, што тычыцца адсутнасці такту, Эка пераўзышоў сам сябе... Каталікі прадстаўлены ў карыкатурным выглядзе. Няма на старонках кнігі
недахопу і ў пантыфіках, якім характэрна тупое супрацьстаянне ўсяму, што звязана з прагрэсам».
Заступілася газета і за яўрэяў: «Нельга адмаўляць, што апісанні яўрэйскай ганебнасці выклікаюць подых двухсэнсоўнасці, што, вядома, было зроблена ненаўмысна. Кожная старонка кнігі прасякнута
гэтым. Вымушаны прачытаць агідныя рэчы пра яўрэяў, чытач становіцца сапсаваным антысеміцкім глупствам, і нават, магчыма, хтосьці можа падумаць, што тут ёсць некаторая праўда».
Сапраўды, твор Эка не спадабаўся яўрэйскай грамадскасці, якая на працягу стагоддзя паслядоўна даказвае, што «Пратаколы» — фальшыўка. Між тым, у кнізе сапраўды апісваецца
сход яўрэйскіх мудрацоў, які быццам адбыўся ў Празе ў старадаўнім яўрэйскі квартале. На ім абмяркоўваліся планы захопу ўлады ў свеце. Відавочна, што гэта літаратурная выдумка пісьменніка,
але....
«Pagine Ebraiche», орган італьянскіх яўрэяў, адзначае: «Эка жадае даказаць фальшывасць «Пратаколаў сіёнскіх мудрацоў». Аднак вынік атрымліваецца іншы.
Раман, які накіраваны на тое, каб разбурыць хлусню пра «Пратаколы», наадварот дае новае нараджэнне, выклікае да іх цікавасць».
Свой пункт гледжання на тэму выказаў галоўны рабін Рыма Рыкарда дзі Сеньі: «Чытач можа ідэнтыфікаваць сябе з фальсіфікатарам, які дзейнічае супраць яўрэяў. Урэшце, чалавек, што прачытаў
кнігу, так і не разумее: дык хочуць ці не хочуць яўрэі падарваць асновы грамадства і кіраваць светам?»
Сам Умберта Эка, аднак, не пагаджацца з такім падыходам. У інтэрв'ю, дадзеным «Pagine Ebraiche», ён кажа: «Той, хто піша трактат па хіміі, заўсёды можа чакаць, што хтосьці
скарыстаецца ім, каб атруціць сваю бабулю. Заўсёды існуюць людзі са злачыннымі схільнасцямі. Аднак я не думаю, што ім абавязкова трэба чытаць мае раманы, каб ажыццяўляць свае ідэі. Усё, што ім трэба,
і так знаходзіцца ў вольным доступе, пачынаючы з тых жа «Пратаколаў». Сваёй кнігай я, наадварот, спрабую выкрыць хлусню іх аргументаў... Я напісаў раман, а не эсэ. Мая галоўная ідэя
была ў тым, каб захапіць чытача».
У якасці суддзяў у гэтай спрэчцы дадзім слова нейтральным газетам:
«Timeonlinе»: «Крытыка на адрас Эка ўздымае пытанні, якім чынам разглядаць межы рэальнага і фантастычнага. Як ставіцца да персанажаў літаратурных твораў?»
«Kolot.it»: «Нельга адмаўляць тое, што частыя апісанні каварных яўрэяў выклікаюць супярэчлівыя думкі, якія наўрад ці хацеў выклікаць Эка. Чытач, аднак, застаецца трохі
забруджаны гэтым антысеміцкім вар'яцтвам».
«Expresso»: «Напрыканцы твору чытач абавязкова запытае: дык вінаватыя яўрэі ці не? Захапляльная інтрыга кнігі пераконвае ў гэтым».
Між тым, Вольга Кручыніна, якая пераклала на рускую мову кнігі Умберта Эка, праінфармавала прэсу пра тое, што пачынае пераклад «Парыжскіх могілак».