Дасье ў карыкатурах: Эмігранты як зброя
Навала мігрантаў на тэрыторыю Літвы праз Беларусь прымушае ўспомніць практыку выкарыстання ўцекачоў у палітычных мэтах. Лепш зразумець феномен дапамогуць адпаведныя карыкатуры.
Аказваецца, у паліталогіі ёсць нават цэлы тэрмін «Зброя з дапамогай масавай міграцыі». Так называюць арганізаваны масавы зыход уцекачоў з адной дзяржавы ў варожую краіну ў якасці «зброі» для дасягнення палітычных, ваенных або эканамічных мэтаў. Толькі з 1951 года было больш за 50 падобных аперацый.
Такі метад Інданэзія выкарыстала супраць Аўстраліі. У 2006 годзе інданезійская армія справакавала ўцёкі ў Аўстралію 43 дысідэнтаў з Заходняга Папуа, якія папрасілі ў аўстралійцаў прытулак, выклікаўшы палітычны крызіс. Усё гэта было часткай сакрэтнай псіхалагічнай ваеннай аперацыі. У 2015 годзе міністр Інданэзіі папярэдзіў, што краіна можа выпусціць у Аўстралію «чалавечае цунамі» з 10 000 просьбітаў прытулку, калі Канбера працягне патрабаваць адмены смяротнага пакарання для апазіцыянераў. Тэма нелегальнай міграцыі сапраўды балючая для Аўстраліі, пра што сведчыць карыкатура рэсурсу Cartoon Movement.
Бывалі выпадкі, калі мігрантаў наадварот прымалі ў рамках нейкай стратэгіі. Так зрабілі Штаты ў 1962 годзе, пагадзіўшыся прыняць непаўналетніх кубінцаў, чые бацькі былі праціўнікамі рэжыму Фідэля Кастра. З лістапада 1960 года па кастрычнік 1962 года больш 14000 дзяцей у рамках аперацыі «Пітэр Пэн» падпольна былі вывезены ў ЗША. Прыняцце кубінскіх эмігрантаў было зроблена ў надзеі, што яны з часам змогуць дапамагчы Злучаным Штатам гвалтоўна выгнаць урад Фідэля Кастра. Таксама была надзея аслабіць кубінскую эканоміку за кошт высмоктвання з яе рабочых рук. На самай справе, як лічаць эксперты, выгаду ад гэтага атрымаў Кастра, які пазбавіўся ад нелаяльных грамадзян. Стварыць з кубінцаў-эмігрантаў армію не атрымалася. Ад аперацыі «Пітэр Пэн» засталася толькі прыгожая рэклама.
Падчас грамадзянскай вайны ў Лівіі 2011 года Муамар Кадафі папярэджваў Еўрапейскі Саюз аб негатыўных наступствах, калі Брусэль працягне падтрымліваць пратэстоўцаў. «Спыніце падтрымліваць пратэстоўцаў, ці я прыпыню супрацоўніцтва па пытаннях міграцыі, і Еўропа сутыкнецца з патокам людзей з Паўночнай Афрыкі», — казаў кіраўнік Лівіі. Хутка Каддафі быў забіты. Аднак струмень міграцыі наладзіўся аўтаномна. Прычым, як сведчыць малюнак выдання Politico, гэта сапраўдная індустрыя.
Класічны прыклад выкарыстання мігрантаў надае Турцыя. У адпаведнасці з пагадненнем 2016 года, Турцыя абавязалася спыніць паток людзей у ЕС у абмен на грашовыя сродкі. У цяперашні час тут пражывае каля 3,6 мільёна бежанцаў з Сірыі. Аднак перыядычна Анкара шантажуе Брусэль, дазваляючы партыям мігрантаў бегчы ў Еўропу. У выніку еўрапейцы вымушаныя неяк дамаўляцца з Анкарой, паколькі ўсе памятаюць наступствы прыходу мігрантаў у 2016-м. Міграцыя стварыла тады ўмовы для выбуховага росту папулярнасці папулісцкіх і еўрафобскіх партый у Еўрасаюзе і асабліва ў Германіі. Нездарма брытанскі Spectator адлюстраваў Ангелу Меркель як васала Эрдагана.
Міграцыя можа выкарыстоўвацца як пятая калона, каб падарваць мясцовы ўрад у якасці доўгатэрміновай стратэгіі. Прыкладна 83000 кітайцаў у часы Халоднай вайны па заданні Мао Цзэ Дуна мігравалі ў Ганконг, які быў тады калоніяй Вялікабрытаніі, для стварэння там пракітайскай фракцыі. Нядзіўна, што Пекін, які тады імклікава пранікаў у Азію, мастакі параўноўвалі з васьміногам.
І, нарэшце, самы свежы прыклад. На пачатку мая гэтага года як мінімум восем тысяч мігрантаў перабраліся з Марока ў іспанскі анклаў Сеўта на паўночным узбярэжжы Афрыкі. Лічыцца, што міграваць ім дапамаглі ўлады Марока. Такім чынам яны адрэагавалі на кантакты Мадрыда з сепаратыстамі ў Заходняй Сахары. Дзеянні кіраўнікоў Марока арыгінальна адлюстраваў адзін з іспанскіх мастакоў.
Ці стане Літва новай Сеўта? На першы погляд, маштабы міграцыі ў Літву з Беларусі не такія вялікія, каб раіць падобныя праекцыі. Аднак таксама не выключана, што працэс толькі набірае ход. Пажывём — пабачым.