Дасье ў карыкатурах: Кім хутчэй мёртвы ці жывы?

Калі верыць міжнародным СМІ, вось-вось дыктар паўночнакарэйскага ТБ з сумным выглядам паведаміць аб зыходзе з жыцця вышэйшага кіраўніка партыі, арміі і народа, бліскучага таварыша, генія сярод геніяў і г.д. Гаворка пра Кім Чэн Ына, які, нібыта, памёр пасля няўдалай аперацыі на сэрцы.

zpstavka.png


Да агучанай версіі даводзіцца ставіцца сур’ёзна, паколькі апошні раз дыктатар з'яўляўся на публіцы 11 красавіка. Пасля гэтага яго не бачылі на публічных мерапрыемствах. Акрамя гэтага, ён упершыню за доўгія гады прапусціў важную цырымонію. Таму, напэўна, усё ж ёсць падставы казаць пра тое, што эра Кім Чын Ына закончылася, і нагадаць (з дапамогай малюнкаў) яе асноўныя этапы.
Афіцыйна Кім (нарадзіўся ў 1984) змяніў свайго бацьку і вышэйшага кіраўніка КНДР Кім Чэн Іра ў 2011 годзе. Аднак, падобна, да пасады кіраўніка дзяржавы яго пачалі рыхтаваць раней. Яшчэ ў 2009-м паведамлялася, што Кім Чэн Ір выдаў асабістую дырэктыву, дзе назваў Кім Чэн Ына сваім пераемнікам. Адначасова 26-гадоваму Кіму пачалі будаваць асобную рэзідэнцыю ў сталіцы. Яго самога пачалі ўводзіць у кіраўніцтва. Нарэшце, пасля таго як у 2010-м дзень нараджэння Кім Чэн Ына стаў нацыянальным святам, усе сумневы ў кандыдатуры наступнага лідара зніклі. Імклівае ператварэнне 20-гадовага маладога чалавека ў дыктатара стала тады тэмай карыкатуры амерыканскага выдання New York Times.

1_298.jpg


Аперацыя «пераемнік у КНДР» не выклікала такога рэзанансу ў свеце як прычоска маладога правадыра — а-ля «бокс» плюс паголеныя скроні. Адразу пасля яе прэм’еры ўсім мужчынам загадалі стрыгчыся як правадыр. Адначасова па ўсім свеце пачалі шукаць нейкі падспудныя сэнсы новага стылю. Некаторыя ўбачылі ў той прычосцы контуры ядзернага выбуху. Іншыя жартавалі, што Кім хавае пад валасамі боегалоўку. А вось у аўстрыйскага карыкатурыста Мар'яна Камінскі ўзнікла свая версія.

2_274.jpg


Праўленне Кім Чэн Ына было адзначана працягам распрацовак ракетнай і ядзернай зброі, што прыводзіла да дзяжурных канфліктаў з Захадам. Самы буйны выклікала ядзернае выпрабаванне ў лютым 2018-га. У адказ на крытыку з боку Вашынгтона ўслед з Пхеньяну рушылі пагрозы аб магчымым прэвентыўным ядзерным удары па Злучаным Штатам. На нейкім этапе разборкі паміж КНДР і ЗША нават узнікла адчуванне, што сутыкнення не пазбегнуць. Змрочныя прагнозы падсілкоўваў малады ўзрост і відавочная індывідуальная неадэкватнасць Кіма. Невыпадкова многія карыкатурысты (як, напрыклад, у выданні Los Angeles Times) малявалі лідара КНДР у выглядзе дзіцяці, які гуляецца з бомбай, каб прыцягнуць да сябе ўладу.

3_252.jpg


Аднак улетку 2018-га пасля саміту кіраўнікоў КНДР і ЗША напружанне пачало спадаць. Бакі падпісалі сумесны дакумент, у якім Пхеньян узяў на сябе абавязак па дэнуклеарызацыі Карэйскага паўвострава ў абмен на гарантыі бяспекі з боку Вашынгтона. Праўда, ніякіх канкрэтных наступстваў дамова не мела. З іншага боку, магчыма ні Трампу, ні Кіму гэта і не цікава. Абодва зрабілі добры піяр на радзіме, дэманструючы перавагу над візаві. На думку карыкатурыста выдання Daily Cos (ЗША), барацьба паміж Кімам і Трампам за тое, хто больш круты, даходзіла на саміце да смешнага.  

4_244.jpg


Што тычыцца ўнутранай палітыкі, то яе маркерамі стала правядзенне эканамічных рэформаў, аналагічных кітайскім. Стаўленне дзяржавы да прыватнага бізнесу стала больш лаяльным. Таксама створана сетка спецыяльных эканамічных зон з мэтай прыцягнення замежных інвестыцый. Галоўным чынам гэта кітайскія грошы. Па сутнасці, дзякуючы патранату Пекіна ў краіне і падтрымлівалася сацыяльна-эканамічная стабільнасць. Не дарма амерыканскі мастак Дэйв Гранлунд выявіў Сі Цзінпіна (лідар КНР) у якасці трэнера для Кіма. 

5_227.jpg


У кантэксце ролі Кітая для КНДР скон Кіма (калі гэта сапраўды так) наўрад выклікае адразу нейкія буйныя метамарфозы. Хаця, натуральна, шмат тут будзе залежаць ад персоны пераемніка. Увогуле, у лідара КНДР адзін старэйшы брат Кім Чэн Чхоль і малодшая сястра Кім Ё Чжон. Апошнюю і бачаць новым кіраўніком краіны. Дарэчы, магчыма ім абодвум вельмі пашанцавала. Пры жыцці Кім асцярожна ставіўся да родных, якія патэнцыйна маглі прэтэндаваць на яго пасаду. Раней ён паспеў закатаваць дзядзьку і, як лічыцца, даў загад атруціць роднага брата ў аэрапорце Куала-Лумпура. У карыкатурыста Denver Post тады нават узнікла ўражанне, што Кім Чэн Ын вырашыў застацца адзіным прадстаўніком кімаўскай дынастыі, абрубіўшы іншыя галіны. Аднак, як бачым, не паспеў.

6_149.jpg