Другое дыханне ГУАМ

На думку палітолагаў, расійска-турэцкі канфлікт прымушае Анкару больш актыўна гуляць на постсавецкай прасторы. Ёсць меркаванне, што Турцыя нават здольная надаць новае дыханне праектам, альтэрнатыўным СНД. 



guam.jpg

Фота www.dosug.md

Супрацьстаянне з Расіяй прымусіла Турцыю шукаць рэгіянальных саюзнікаў, у тым ліку ў зоне СНД. Як следства, ужо паўстаў нефармальны турэцка-ўкраінскі саюз, які пакуль што праяўляецца ў выглядзе крытыкі крокаў Масквы як у Сірыі, так і ва Украіне. Аднак гэтым, падаецца, Анкара не абмежавалася. Усё часцей Турцыя выказвае сваю пазіцыю па сітуацыі ў іншых постсавецкіх дзяржавах. Так, Расія, паводле нядаўніх слоў турэцкага прэм’ера, «ужо парушыла тэрытарыяльную цэласнасць Грузіі, а цяпер пад пагрозай знаходзіцца тэрытарыяльная цэласнасць Азербайджана з-за падтрымкі Масквой Арменіі».

Падобныя заявы дазваляюць шмат каму казаць, што Анкара пойдзе ў СНД далей за падтрымку Украіны і крымскіх татар. У прэсе гуляюць версіі пра тое, што Турцыя можа стаць магнітам для ўсіх палітычных рэжымаў, незадаволеных Расіяй і Пуціным, аж да рэанімацыі праекту ГУАМ.

Нагадаем, што ГУАМ як своеасаблівая субарганізацыя ўнутры СНД фармальна паўстала ўлетку 1997 года. Пад дакументам за стварэнне блоку, паставілі подпісы лідары Грузіі, Украіны, Азербайджану, Малдовы (з 1999 па 2005 год у арганізацыю ўваходзіў і Узбекістан, таму яна спачатку называлася ГУУАМ). Наступныя падзеі давялі, што ўстаноўчая хартыя ГУАМ, падпісаная ў 2001 годзе, была хутчэй агульнай дэкларацыяй пра намеры. Наладзіць сістэмную працу ўнутры блоку не атрымалася, хаця стварэнне ГУАМ віталі ў заходніх сталіцах, дзе марылі пра нейкае цеснае геаэканамічнае супрацоўніцтва дзяржаў, якія абралі дэмакратычны шлях развіцця. Пасля, у тым ліку ў рамках працы органаў ГУАМ, неаднаразова заклікалі надаць праекту новае дыханне, аднак безвынікова. Расійскія СМІ маюць тэндэнцыю ацэньваць ГУАМ як антырасійскі блок ці арганізацыю «аранжавых нацый», за якімі стаяць ЗША.

Актыўна казаць пра новае дыханне ГУАМ сталі пасля таго, як 19 лютага прайшла сустрэча кіраўнікоў МЗС Турцыі, Азербайджана і Грузіі. Каментуючы яе вынікі, расійская прэса прыйшла да высновы: «Падобна на тое, што турэцкая дыпламатыя спрабуе адрадзіць нешта накшталт блока ГУАМ як сістэмы перакрыжаванага ўзаемадзеяння краін, якія маюць складанасці ў адносінах з Расіяй» («Независмая газета»). З гэтым згодная армянская прэса. «Цяпер Анкара, якая стварыла ў нашым рэгіёне сетку Турцыя–Азербайджан–Грузія для расхіствання пазіцый Расіі, спрабуе сфармаваць кааліцыю Турцыя–Азербайджан–Украіна», — піша армянскае выданне «Панарама». У артыкулах на гэтую тэму таксама сцвярджаюць, што Берлін, які апошнім часам пасварыўся з Крамлём, мог бы выступіць нефармальным патронам такога аб’яднання.

Наколькі можна верыць у чуткі пра другое дыханне ГУАМ? З аднаго боку, Турцыя сапраўды мае някепскія стартавыя магчымасці для працы ў СНД, паколькі яшчэ з 1990-х гадах шчыльна працуе над праектам геапалітычнай інтэграцыі цюркскіх дзяржаў. Сярод сяброў цюркскага клубу — Азербайджан, плюс усе краіны Цэнтральнай Азіі, акрамя Таджыкістана. Аднак перафарматаваць цюркскі рух, які займаецца хутчэй прапагандай турэцкай культуры, у палітычны рух за ГУАМ будзе, відавочна, няпроста.

Не зразумела, хто гатовы запісацца ў такі блок на Каўказе. Афіцыйны Баку амаль год знаходзіцца ў стане халоднай вайны з ЕС, а ў кулуарах кангрэсу ЗША з’явіўся законапраект «Акт дэмакратыі ў Азербайджане» (HR 4264), які прадугледжвае ўвядзенне санкцый супраць Азербайджана. Хутчэй за ўсё, не гатовы да радыкальных крокаў і Тбілісі, дзе пануючая кааліцыя «Грузінская мара» жыве восеньскімі парламенцкімі выбарамі, ад вынікаў якіх залежыць яе лёс. Грузія прынамсі не будзе фарсіраваць падзеі, пакуль падвешаным застаецца пытанне вакол будучыні так званага «Карскага трактату», які ў тым ліку прызнае Аджарыю грузінскай тэрыторыяй. Як вядома, Масква пагражае выйсці з гэтай дамовы.

Аднак самая важная праблема вынікае з аналізу прычын правалу папярэдніх спроб наладзіць працу ГУАМ. Як піша ўкраінскі партал Кpunew: «Пасля заснавання ГУАМ вельмі хутка высветлілася, што для сапраўднага развіцця гэтай арганізацыі неабходныя не толькі агульныя мэты ў частцы функцыянавання камунікацый. Неабходная была больш шырокая дзейнасць па ўзгадненні эканамічных і палітычных рашэнняў. Але на першых этапах краіны-чальцы блока не былі гатовыя да такога супрацоўніцтва, найперш па эканамічных прычынах. Эканамічныя магчымасці гэтых краін не дазволілі ім прапанаваць адна адной цікавыя праекты».

Адным словам, з-за шэрагу тэхнічных прычын хуткая рэанімацыя ГУАМ, напэўна, пакуль адкладаецца. Найбольш рэалістычным фарматам удзелу Турцыі ў рэгіёне СНД выглядае дыпламатычная і эканамічная падтрымка Кіева і розных крымска-татарскіх ініцыятыў, у тым ліку фармаванне асобнага батальёну, які будзе месціцца на мяжы Крыму. Таксама не выключана падтрымка апазіцыі ў расійскіх цюркскіх аўтаноміях. Так, расійская прэса сцвярджала, што турэцкія нацыяналістычныя партыі дапамагаюць маладым татарскім апазіцыянерам выдаваць сваю партыйную прэсу. Паколькі ўсё гэта на ГУАМ не цягне, некаторыя падазраюць, што расійская істэрыка вакол ГУАМ мае штучны характар, і яе мэта — падтрымаць патрыятычны ўгар у расіян.

Тым не менш, нягледзячы на ўпэўненыя заявы расійскіх палітолагаў пра тое, што шансаў у новага ГУМА няма, усе яны выступаюць за сталы маніторынг сітуацыі, асабліва на Каўказе. Тут можа чакаць усяго чаго заўгодна з улікам калейдаскапічнай хуткасці развіцця падзей.