Дзесяць амерыканскіх штатаў абвінавацілі Google у змове з Facebook — і атрыманні доступу да паведамленняў у WhatsApp

Генеральныя пракуроры дзесяці штатаў ЗША падалі калектыўны пазоў супраць Google. Яны абвінавацілі карпарацыю ў парушэнні антыманапольнага заканадаўства на рынку інтэрнэт-рэкламы.

google_facebook_featured.png



Google абвінавацілі ў тым ліку ў змове з Facebook. Кампаніі нібыта дамовіліся пазбягаць канкурэнцыі на рынку інтэрнэт-рэкламы і каардынавалі свае дзеянні падчас аукцыёнаў, на якіх размяркоўваліся заказы на такую рэкламу, паведамляе meduza.io

У пазове гаворыцца, што ў 2015 годзе (праз год пасля таго, як Facebook купіў WhatsApp) Facebook падпісаў эксклюзіўнае пагадненне з Google і даў карпарацыі доступ да мільёнаў паведамленняў, фатаграфій, відэа- і аўдыёфайлаў амерыканцаў, таксама гаворыцца ў пазове,

Google заявіла The New York Times, што лічыць абвінавачванні беспадстаўнымі. У размове з CNBC прадстаўнікі карпарацыі дадалі, што абвінавачванне ў доступе да кантэнту WhatsApp, верагодна, заснавана на няправільным разуменні функцыі рэзервовага капіявання, якую Google прапануе для месенджараў, каб спрасціць перанос паведамленняў з адной прылады на іншую.

Facebook, які не з'яўляецца адказчыкам па пазове, ніяк яго не пракаментаваў.

Паводле даследчай кампаніі eMarketer, у 2019 годзе Google і Facebook займалі долю ў 54% на рынку лічбавай рэкламы ў ЗША. Пры гэтым доля Google складала каля 31%, доля Facebook — 23%.

У кастрычніку Мінюст ЗША і пракуроры 11 штатаў падалі супраць Google пазоў пра парушэнне канкурэнцыі ў галіне пошукавых сэрвісаў. У пазове гаварылася, што карпарацыя плаціла вытворцам смартфонаў за ўстаноўку Google у якасці пошукавіка па змоўчанні.

У снежні Федэральная гандлёвая камісія ЗША падала антыманапольны пазоў супраць Facebook і запатрабавала ад яго прадаць Instagram і WhatsApp. Да пазову далучыліся пракуроры 46 штатаў і пракуроры акругі Калумбія і Гуама.