«Элегантныя перамогі». Як у ЗША фальсіфікавалі выбары

Якой бы ідэальнай і дэмакратычнай ні была выбарчая сістэма, ёй не пазбегнуць спробаў фальсіфікацый. Прайшлі праз гэты вопыт і ЗША, дзе сёння абіраюць прэзідэнта.

www.interfax.ru

www.interfax.ru

Першыя прэзідэнцкія выбары ў ЗША былі праведзеныя ў лютым 1789 года, калі Калегія дэлегатаў аднагалосна абрала Джорджа Вашынгтона прэзідэнтам. Вашынгтон зноў перамог у 1792 годзе. Ні тыя, ні іншыя выбары не выклікалі спрэчак з-за моцнай папулярнасці Вашынгтона. Усім здавалася, што выкладзены ў Канстытуцыі выбарчы працэс пайшоў так, як і задумвалі бацькі-заснавальнікі ЗША.

На самай справе, нават у Вашынгтона быў шкілет у шафе. Яшчэ ў часы, калі Амерыка была калоніяй, ён быў абраны ў заканадаўчы орган Вірджыніі шмат у чым дзякуючы подкупу электарату алкаголем. Агулам будучы першы прэзідэнт ЗША праставіў выбаршчыкам прыкладна 160 галонаў (каля 800 літраў) рому і віскі, што забяспечыла яму першы мандат дэпутата.

З сыходам аўтарытэтнага Вашынгтона з палітыкі ўсё змянілася. Цяпер на палітычную арэну выходзілі кандыдаты з адносна роўным рэйтынгам. Кураж супрацьстаяння ўзмацніла з’яўленне палітычных партый, якія прадстаўлялі розныя рэгіёны і сацыяльныя групы ды навязвалі грамадству супярэчлівыя пазіцыі.

З тых часоў практычна ні адны выбары ў ЗША не абыходзяцца без абвінавачванняў у крадзяжах выбараў, карупцыйных здзелках, укінутых бюлетэнях, незаконнай падачы галасоў, хабарніцтве і іншых спосабах фальсіфікацый. Часцяком такія абвінавачванні былі часткай выбарчай стратэгіі для дыскрэдытацыі апанента. Але часам выпадкі пацвярджаліся.

Шмат у чым гэтаму спрыяла недасканаласць сістэмы, якая дазваляла штабам кандыдатаў ледзь не ў адкрытую падкупляць выбаршчыкаў. Так, падчас прэзідэнцкіх выбараў у Індыяне ў 1888 годзе штаб рэспубліканцаў апублікаваў у газетах інструкцыю: як арганізаваць на выбарах «карусель» і дзе можна атрымаць за гэта грошы. Пры гэтым доўгі час асноўным месцам подкупаў былі салуны і бары. У тым ліку таму ідэя забароны алкаголю сто гадоў таму была падтрыманая вялікай часткай прыхільнікаў дэмакратыі.

Акрамя таго, канчатковага пераможцу на выбарах прэзідэнта ЗША вызначае не выбаршчык, а дэлегаваны ім сябра савету дэлегатаў або парламент. Праз гэта час ад часу ў падтасоўкі выбараў уключалася эліта. У 1824 годзе кандыдат Эндру Джэксан атрымаў большасць галасоў, аднак не змог стаць прэзідэнтам з-за недахопу галасоў у савеце дэлегатаў. Імя гаранта павінна была назваць Палата прадстаўнікоў. Джэксан лічыў, што дэпутаты будуць паважаць волю большасці выбаршчыкаў. Нічога падобнага — спікер Генры Клей, наабяцаўшы дэпутатам усялякіх бонусаў, працягнуў на пасаду прэзідэнта Джона Адамса. Пакрыўджаны Джэксан публічна назваў абранне Адамса «карупцыйнай здзелкай».

parstoday.com

parstoday.com



Аднак самымі бруднымі за акіянам лічацца выбары 1876 года, калі прозвішчы 20 дэлегатаў з чатырох паўднёвых штатаў аказаліся не вызначанымі: кожная партыя сцвярджала, што яе кандыдат выйграў. Па вялікім рахунку, выбары проста зрываліся, каб пасля распачаць кулуарны гандаль. Як вынік, была складзеная нефармальная здзелка, паводле якой усе 20 галасоў былі аддадзеныя рэспубліканцу Хейсу. У абмен на згоду з выбарамі Хейса рэспубліканцы паабяцалі вывесці федэральныя войскі з Поўдня. На наступны дзень пасля рашэння пра прэзідэнцтва Хейса адна з мясцовых газет выйшла з некралогам пра смерць амерыканскай дэмакратыі.

Каб здабыць перамогу, не цураліся кандыдаты і кантактаў з крыміналам. Так было, напрыклад, з кампаніяй Джона Кенэдзі ў 1964-м, якога негалосна падтрымлівала мафія Чыкага. Праз два гады пасля перамогі Кенэдзі над Ніксанам газетчыкі высветлілі, што ў выбарах прынялі ўдзел нябожчыкі, чые імёны ўносілі ў спісы выбаршчыкаў. Прэса збіралася запусціла скандальную публікацыю, якую, аднак, заблакавала па просьбе Ніксана. «Наша краіна не можа дазволіць сабе агонію канстытуцыйнага крызісу ў разгар халоднай вайны», — сказаў палітык. Зрэшты, Ніксан быў той яшчэ прыхільнік сумленных выбараў. Выбары 1972-га ён выйграў шмат у чым за кошт праслухоўвання штабу дэмакратаў у гатэлі «Уотэргейт». Што было потым — вядома.

Што да выбараў 2020 года, то без скандалаў таксама наўрад ці абыдзецца. Прынамсі, Трамп і яго прыхільнікі даўно абвінавачваюць дэмакратаў, што тыя фальсіфікуюць выбары за кошт галасавання па пошце. Выступаючы на мітынгу ў сярэдзіне кастрычніка, Дональд Трамп, напрыклад, заявіў, што толькі ў Вірджыніі было пададзена 500 тысяч ілжывых заявак, каб галасаваць шляхам карэспандэнцыі. У лагеры дэмакратаў такія абвінавачванні аспрэчваюць, спасылаючыся на папярэдні вопыт. Паводле аднаго з даследаванняў за 2017 год, узровень фальсіфікацыі галасавання ў ЗША праз пошту складае менш 0,0009%.

Паглядзім, што будзе ў выніку. Зразумела адно: у выпадку фальсіфікацый замаўчаць іх не атрымаецца, і іх арганізатары павінны будуць так ці інакш за гэта адказаць. Напрыклад, на выбарах 2004 года Джордж Буш выйграў галасаванне з найменшай перавагай за ўсю гісторыю. Шмат хто не паверыў у такі вынік. Пачалося расследаванне парушэнняў на ўчастках, дзе рэгістраваліся сумнеўныя вынікі галасавання, якое працягваліся нават тады, калі Буш ужо выйграў свае другія прэзідэнцкія выбары.