Нью-Джэрсі і Арызона легалізавалі марыхуану, а трансгендар стала сенатарам. За што яшчэ галасуюць на выбарах у ЗША?

Разам з прэзідэнцкімі выбарамі амерыканцы выбіралі новы поўны склад Палаты прадстаўнікоў і траціну складу Сенату. Таксама ў шэрагу штатаў прайшлі мясцовыя рэферэндумы.

f0d6387f_12d1_4001_9db6_4a10945c37f0_cx0_cy5_cw0_w1023_r1_s.jpg


Паводле апошніх дадзеных, на выбарах у Палату прадстаўнікоў перамагаюць дэмакраты, якія мелі большасць і ў бягучым складзе палаты, паведамляе Радыё Свабода.

На мясцовых рэферэндумах грамадзяне штатаў вызначаліся па актуальных для іх пытаннях.

Флорыда прагаласавала за падвышэнне мінімальнага заробку да 15 долараў за гадзіну.

Місісіпі зацвердзіў новы сцяг з кветкай магноліі замест канфедэратыўнага знака. Заканадаўцы штату вырашылі адмовіцца ад старога сцяга ў чэрвені гэтага года.

Арэгон стаў першым штатам, дзе больш не будуць крымінальна пераследаваць за невялікую колькасць какаіну, гераіну, метамфетаміну і іншых наркотыкаў.

Нью-Джэрсі і Арызона легалізавалі марыхуану.

Каліфорнія прагаласавала за тое, каб людзі, занятыя ў такіх кампаніях, як Uber, а таксама ў дастаўцы ежы і іншых тавараў, лічыліся кантрактнікамі, а не штатнымі супрацоўнікамі. Кампаніі, якія выступалі за гэтую змену закону, выдаткавалі на лабіяванне 190 мільёнаў долараў, каб не запісваць кіроўцаў, якія працуюць няпоўны дзень, як супрацоўнікаў.

Каларада прагаласаваў супраць забароны абортаў на позняй стадыі цяжарнасці.

Жыхары Паўночнай Дакоты абралі сенатарам нябожчыка. Кандыдат ад Рэспубліканскай партыі Дэвід Андэл атрымаў месца ў заканадаўчым сходзе Паўночнай Дакоты — амаль праз месяц пасля таго, як памёр ад ускладненняў Covid-19. Па дадзеных Politico, ён набраў каля 36% галасоў.



a399e721_1892_4b24_adf2_e5c9376ff647.jpg

Знаёмцеся, гэта Сара Макбрайд. Яна стане першай і на гэты момант адзінай адкрытай трансжанчынай на пасадзе сенатара. Яе перамога на выбарах таксама азначае, што яна будзе самым высокапастаўленым трансгендарам у гісторыі ЗША. 30-гадовая Макбрайд балатавалася ад Дэмакратычнай партыі.