Галоўнай «ідэалогіяй» Паўднёвай і Усходняй Украіны сёння з'яўляецца анабіёз

Падзеі апошняга часу зноў зрабілі актуальнай дыскусію пра «дзве Украіны», бо ў розных рэгіёнах адчуваецца неаднолькавае стаўленне да Еўрамайдана ды ўсяго, што адбываецца вакол яго. Гаворка ідзе пра розныя ідэнтычнасці, пра «традыцыйнае супрацьстаянне» Усход-Захад.



east_and_west_ua.jpg

Справа ў тым, што ўяўленне аб такім супрацьстаянні па сваёй жа ўласнай канструкцыі патрабуе наяўнасці двух розных вектараў прыцягнення, больш-менш асэнсаваных і сфармаваных. Калі ж паспрабаваць апісаць гэтыя вектары - нас чакае расчараванне.

Паўднёва-ўсходнія рэгіёны не з'яўляюцца носьбітам асобнай ўкраінскай ідэнтычнасці, паколькі не маюць уласнага праекта будучыні Украіны. Больш за тое, з гэтай нагоды тут нават не вядуцца дыскусіі.


Усход і Поўдзень не жадаюць фармаваць і прапаноўваць іншым рэгіёнам сваё бачанне Украіны, бо не адчуваюць агульнасці лёсу, што для падобных працэсаў мае значна большае значэнне, чым адміністрацыйная мяжа УССР. Для вялікай часткі жыхароў гэтых абласцей сучасная Украіна - выпадковая тэрыторыя з выпадковым насельніцтвам, якая ўжо самім фактам выпадковасці нівеліруе сур'ёзныя разважанні на гэтую тэму.
Але ёсць важны нюанс.

Адчування агульнасці лёсу няма не толькі, напрыклад, у жыхароў Днепрапятроўска адносна жыхароў Роўна. Яго няма таксама, напрыклад, і ў жыхароў Харкава ў дачыненні да жыхароў Адэсы. Чаму Харкаў павінен адчуваць агульнасць менавіта з Адэсай, Данецкам і Сімферопалем, а не з Белгарадам, Курскам і Растовам-на-Доне?


Менавіта таму пытанне сепаратызму тут усур'ёз таксама не падымаецца і з'яўляецца ў прэсе толькі ў якасці правакацый. Таму што нават калі адказаць на пытанне «ад каго» аддзяляцца - з'явяцца не менш складаныя пытанні: «з кім», «куды» і «для чаго».
Больш-менш зразумелая толькі пазіцыя Крыму. Але Крым з'яўляецца Аўтаномнай рэспублікай у складзе Украіны, і ад яго ніхто не чакае актыўнага ўключэння ў агульнадзяржаўныя працэсы.

Яшчэ ёсць Данбас з магутнай рэгіянальнай ідэнтычнасцю. Але, нават маючы рэсурс і згуртаваную на тэрытарыяльнай салідарнасці каманду, выхадцы адтуль не прапаноўваюць астатняй краіне ніводнага ўласнага праекта. Яны яго проста не маюць.


Трэба зрабіць ўдакладненне, што пад «уласным праектам» не маецца на ўвазе канструяванне адной маналітнай ўкраінскай ідэнтычнасці з мэтай прывесці ўсіх да агульнага назоўніка. Напрыклад, ідэя федэралізму таксама можа быць праектам. Але для гэтага трэба яе спачатку сфармуляваць, а затым прапанаваць большасці.

Галоўнай жа «ідэалогіяй» Паўднёвай і Усходняй Украіны сёння з'яўляецца анабіёз - кансервацыя бягучага стану рэчаў і працягу замоўчвання раздражняльных пытанняў: мовы, гісторыі, знешняй палітыкі і г.д.


Частка мясцовых жыхароў ўключылася ў агульнаўкраінскі працэс. Але гэтыя людзі ўвайшлі ў яго не як спікеры сваіх рэгіёнаў перад астатняй Украінай, а як прадстаўнікі астатняй Украіны ў сваіх рэгіёнах. Адчуйце розніцу.
Паўднёвыя і ўсходнія вобласці зараз з'яўляюцца дваццацимильённай правінцыяй, прычым адразу дзвюх дзяржаў. З аднаго боку, гэта правінцыя Украіны, якой Поўдзень і Усход не цікавяцца, і пад якую не жадаюць ні асімілявацца, ні асіміляваць пад сябе іншых. З іншага боку, гэта ментальная правінцыя Расійскай Федэрацыі, справамі якой яны таксама не вельмі заклапочаныя, але знаходзяцца ў адной інфармацыйнай прасторы праз агульнасць мовы.

Такім чынам, значны адсотак жыхароў Усходняга і Паўднёвага рэгіёнаў Украіны не адчуваюць сябе жыхарамі адной дзяржавы і адначасова не жадаюць ствараць асобную, паколькі не маюць для гэтага ні ментальнай, ні гістарычнай, ні ідэалагічнай падставы.


Пры гэтым, парадаксальна, «на месцах» адчуванне правінцыйнасці адсутнічае. Таму што няма адчування цэнтра, адносна якога можна было б сябе пазіцыянаваць. Бо правінцыі без сталіцы не бывае.
Так нарадзілася поўная палітычная апатыя, паколькі вынікам непрыналежнасці ні да адной палітычнай адзінкі з'яўляецца адсутнасць адказнасці.

Зручная формула двайной ідэнтычнасці, дзе лакальна чалавек ідэнтыфікуе сябе як украінца / украінку, а шырэй як рускага / рускую, дазваляе пазбягаць глыбокага эмацыйнага суперажывання як чыста ўкраінскім падзеям - да іх праяўляецца мала цікавасці, так і да чыста рускіх - паколькі да іх яны не маюць прамога дачынення.


Гэта спрыяе стварэнню сітуацыі, калі адзінай дынамічнай ідэнтычнасцю, якая мацнее і развіваецца, становіцца прыналежнасць да роднага горада - Харкава, Адэсы, Днепрапятроўска, або рэгіёну - Данбас, Крым. Але паколькі гэтая ідэнтычнасць не мае выяўленага палітычнага падтэксту, яна не з'яўляецца суб'ектнай.

Такім чынам, фраза Любаміра Гузара аб тым, што «паміж Усходам і Захадам Украіны няма падзелу, ёсць падзел паміж тымі, хто любіць Украіну і хто яе не любіць», шмат у чым усё яшчэ захоўвае рэгіянальнае вымярэнне. Толькі «нелюбоў» трэба замяніць на «абыякавасць».


Але яшчэ невядома, што горш.
Досвед апошніх дваццаці трох гадоў дэманструе, што такая сітуацыя можа доўжыцца доўга. Але наўрад ці яна будзе доўжыцца заўсёды.
Улічваючы чалавечы і эканамічны патэнцыял гэтых рэгіёнаў, можна сказаць адно:
Якімі б ні былі адказы на складаныя пытанні, якія стаяць перад Усходам і Поўднем, і да якіх бы наступстваў гэта не прывяло - будучыня Украіны будзе заставацца нявызначанай, пакуль дваццацімільённая правінцыя нарэшце не скажа сваё слова.
Канстанцін Левін, pravda.com.ua