Грузія абірае прэзідэнта з ліку 23 кандыдатаў: беларусы назіраюць
Выбары прэзідэнта, што адбудуцца 27 кастрычніка, з’яўляюцца бадай самымі масавымі па колькасці кандыдатаў ў гісторыі незалежнай Грузіі. Сёлета дакументы ў ЦВК Грузіі для рэгістрацыі ў якасці кандыдата ў прэзідэнты падало 54 чалавекі, з якіх было зарэгістравана 23 кандыдаты.
З 23 зарэгістраваных кадыдатаў, 10 прадстаўлены палітычнымі партыямі і 13 — незалежнымі ініцыятыўнымі групамі. Адпаведна грузінскаму заканадаўству, зарэгістраваны кандыдат мог адмовіцца ад удзелу ў выбарах да 17 кастрычніка. У тым выпадку, калі кандыдат здымае сваю кандыдатуру, яго імя ўсе роўна будзе фігураваць у выбарчым бюлютэні.
Чакаецца, што гэта будуць першыя выбары ў пастсавецкай Грузіі, калі прэзідэнцкая ўлада будзе перададзена мірным шляхам. Так першы прэзідэнт — Звіяд Гамсахурдзія — быў звергнуты ў 1992 годзе па сродках вайсковага перавароту, у выніку якога да ўлады прыйшоў Эдуард Шэварнадзэ. Сам жа Шэварнадзэ мусіў сыйсці ў адстаўку пасля рэвалюцыі руж 2003-2004 гадоў, пасля чаго прэзідэнтам быў абраны Міхаіл Саакашвілі.
За выбарамі будзе назіраць шэраг місій з розных краін свету. Сярод іх будуць і незалежныя назіральнікі з Беларусі, акрэдытаваныя ад імя беларускай арганізацыі Belarus Watch.
Падчас місіі беларускія назіральнікі азнаёмяцца з выбарчай сістэмай Грузіі. Плануецца, што назіральнікі, сярод якіх будуць прадстаўнікі няўрадавых арганізацый, журналісты і студэнты ЕГУ, наведаюць выбарчыя ўчасткі ў розных рэгіенах краіны, пабачаць іх адкрыццё, працэс галасавання ды падліку галасоў. Па выніках місіі будзе прадстаўлена справаздача, якая пакажа адпаведнасць выбарчых працэдур нацыянальнаму і міжнароднаму заканадаўству.
Місія арганізуецца ў межах міжнароднага адукацыйнага пректа “Назіранне за выбарамі: тэорыя і практыка” (EOTP), які сумесна рэалізуецца Belarus Watch, ЕГУ і Беларускім Домам правоў
чалавека імя Барыса Звозскага. Папярэднія місіі праекту ладзіліся ў шэрагу іншых еўрапейскіх краін, а таксама ў Беларусі. Праект дае маладым беларусам магчымасць знутры зірнуць на палітычныя працэсы,
азнаёміцца з выбарчымі сістэмамі іншых краін ды вопытам незалежных назіральнікаў, каб потым прымяніць набыты вопыт у Беларусі.
Belarus Watch