Грузія. Саакашвілі выратуюць дантысты
Нацыянальны рух Грузіі (партыя Міхаіла Саакашвілі) нечакана знайшоў тэму, якая, на думку шмат каго, можа даць яму шанс вярнуцца ва ўладу. Гэтая тэма — стаматалогія.
Аказваецца, незадоўга да выбараў мінулага года парламент прыняў праграму «Грузія, якая ўсміхаецца». Яе сутнасць — уставіць бясплатна зубы ўсім грузінам старэй за 50 гадоў. Аднак пасля перамогі на леташніх выбарах апаненты Саакашвілі вырашылі замарозіць праграму з-за недахопу грошай. За гэта адразу ўхапіліся прыхільнікі Саакашвілі, якія вінавацяць новы рэжым у тым, што з-за змены ўраду грузінскія пенсіянеры будуць без зубоў.
Між тым, на думку новага прэм’ера Іванішвілі, той стаматалагічны праект быў проста перадвыбарчай піяр-акцыяй, якую Саакашвілі і не думаў выконваць. Да падобных піярных хадоў Іванішвілі адносіць і праект пераносу парламенту ў Кутаісі. Паводле яго слоў, цяпер відавочна, што грошай на будаўніцтва будынку парламенту ў бюджэце няма, і парламент давядзецца зноў пераносіць з Кутаісі ў Тбілісі.
Паводле грузінскай прэсы