Як у розныя часы людзі пратэставалі супраць войнаў

Войны па ўсім свеце не спыняецца. А разам з імі трывае і антываенны рух. Адкуль з'явіўся пацыфізм і ці атрымлівалася ў яго перамагчы вайну? Прапануем вам невялікі экскурс у гісторыю з'явы.

pistol_g01d783cbb_1280.png


Лічыцца, што першыя правобразы арганізацыйнага пацыфісцкага руху з'явіліся ў Англіі ў пачатку ХІХ стагоддзя. Тады прадстаўнікі грамадскасці напісалі аж 16 петыцый супраць удзелу брытанцаў у войнах супраць Францыі.
Хоць насамрэч элементы пацыфісцкага вучэння можна выявіць куды раней. Напрыклад, у Кітаі ў V ст. да н.э паўстала пацыфісцкая школа маістаў, якая выступала супраць практыкі агрэсіўных канфліктаў паміж мясцовымі феадальнымі дзяржавамі. «Што да выкарыстання ўзброеных сіл, то яны не з'яўляюцца спрыяльнай прыладай; адмаўляцца ад іх — вось гэта шлях нябёсаў», — пісаў адзін з заснавальнікаў школы.
Элементы пацыфісцкай думкі сустракаюцца ў многіх рэлігіях, уключаючы хрысціянства, і творах антычных аўтараў. Напрыклад, яшчэ Сенэка крытыкаваў мілітарызацыю рымскага грамадства.
Але арганізацыйны фармат, як гаварылася вышэй, антываенны рух атрымаў у ХІХ стагоддзі. У 1843 годзе ў Лондане адбыўся першы Міжнародны кангрэс міру, удзельнікі якога марылі пра ідэальную формулу мірнага арбітражу і стварэнне міжнароднай установы для дасягнення ўніверсальнай міжнароднай гармоніі. Лічыцца, што напрацоўкі Кангрэсу выкарыстоўваліся пры выпрацоўцы Парыжскай дамовы (1856 г.) па выніках Крымскай вайны.
Пагроза вайны напачатку ХХ стагоддзя непакоіла сацыялістаў, якія спрабавалі, праўда, безвынікова, заблакаваць удзел урадаў сваіх краін у Першай сусветнай. Трэба сказаць, з пацыфістамі тады не цырымоніліся. Іх не толькі кідалі ў турмы (напрыклад, Юджына Дэбса ў ЗША), але часам і проста забівалі як француза Жана Жарэса.
Траўма ад жахаў Першай сусветнай выклікала амаль пагалоўную моду на ўдзел у руху за мір. У 1920-я быў нават створаны інтэрнацыянал пацыфістаў. Пацыфісцкія арганізацыі прыцягнулі дзясяткі тысяч еўрапейцаў самых розных прафесій, у тым ліку навукоўцаў, мастакоў, музыкаў, палітыкаў, філосафаў. Калі фашызм пачаў падымаць галаву, рух аслабеў. А падчас вайны пацыфісцкія лозунгі часта ўвогуле разглядалі як працу на Берлін.
Старт халоднай войны і магчымасць ядзернага канфлікту сталі фактарамі з'яўлення рухаў за атамную разрадку. Так, у 1958 годзе брытанскія актывісты сфарміравалі Кампанію за ядзернае раззбраенне на чале з вядомым навукоўцам Бертранам Расэлам. Зрэшты, пік пацыфісцкі пратэст на Захадзе перажыў у 60-я падчас вайны ў В'етнаме.
Рух супраць вайны ў В'етнаме ў 1960-70-я развіваўся ў некалькі этапаў. Першыя буйныя пратэсты пачаліся ў 1964 годзе і хутка набралі моц па меры эскалацыі вайны. 17 красавіка 1965 года адбылася першая буйная антываенная акцыя пратэсту, на якую выйшлі каля 25 тысяч удзельнікаў.
Паступова пацыфісты ўзмацнялі свае пратэсты, паколькі павялічвалася колькасць забітых жаўнераў. У прэсе ўсё часцей сталі цыркуляваць паведамленні аб зверствах супраць мірных жыхароў у В'етнаме, і СМІ ўсё больш скептычна ставіліся да ідэі хуткай перамогі. Услед за медыя на пазіцыі пацыфізму перайшлі цэрквы. грамадскія арганізацыі, шматлікія дзеячы культуры. Усё часцей у ход ішла тактыка негвалтоўных дзеянняў. Пратэстоўцы перагароджвалі праезную частку дарог, блакавалі ўваходы ў адміністрацыйныя будынкі.
У 1970-м ва ўніверсітэце Кента падчас мірнай дэманстрацыі вайскоўцы адкрылі страляніну па людзях. Былі забітыя чацвёра студэнтаў, двое з якіх проста ішлі на вучобу. Гэта справакавала масавую забастоўку ў многіх ВНУ.
Моцны ціск грамадства вымусіў адміністрацыю Джонсана пачаць мірныя перамовы з Паўночным В'етнамам і ФНС. Прыпыніліся бамбардзіроўкі в'етнамскай тэрыторыі. Нарэшце, у 1973 годзе быў падпісаны мірны дагавор.Наступны рэнесанс пацыфізму назіраўся ў пачатку 80-х падчас новага вітка гонкі ўзбраенняў. Адным з сімвалам антываенных пратэстаў стаў жаночы лагер каля амерыканскай базы «Грымен Комэн» у Брытаніі.
У гэты ж час можна казаць пра пацыфізм як прыкметную грамадскую з'яву ў СССР. Калі супраць інтэрвенцыі ў Чэхаславакію ў 1968-м пратэставалі адзінкі, то афганская авантура выклікала вялізнае непрыманне ў грамадстве. Гэта, у тым ліку, знайшло адлюстраванне ў творчасці рок-музыкаў. Можна пагадзіцца з гісторыкамі, якія лічаць «Афган» адной з ключавых прычын крызісу савецкага рэжыму.
Адыграў сваю ролю антываенны рух у падзенні рэжыму Слабадана Мілошавіча ў Югаславіі. З пачатку 80-х Мілошавіч пачаў інспіраваць агрэсіўны сербскі нацыяналізм, правакуючы распад Югаславіі і войны з яе былымі рэспублікамі. Сербскія пацыфісты запатрабавалі правядзенне рэферэндуму аб аб'яўленні вайны краінам-суседзям і адмене прызыву ў войска. Іх акцыі збіралі да 50 тысяч чалавек, што безумоўна паскорыла працэсы эрозіі сістэмы і зыходу Мілошавіча.
У нашым стагоддзі мы былі сведкамі вялізнага руху супраць вайны ў Іраку. 15 лютага 2003 года ў 60 краінах была праведзена акцыя супраць інтэрвенцыі.
Цяпер на нашых вачах пачынаецца кампанія за спыненне вайны ва Украіне. Антываенныя акцыі праходзяць у тым ліку ў Расіі. Кампанія мае патэнцыял стаць дастаткова маштабнай, напрыклад, у Берліне ў мінулыя выходныя прайшла стотысячная дэманстрацыя. Ці зможа яны прымусіць Расію спыніць вайну?